Урад Эстоніі прыняў рашэнне закрыць мяжу з Расіяй з 1 снежня. Улады могуць перагледзець рашэнне аб закрыцці мяжы з РФ праз паўгода.

Пра механізм закрыцця мяжы расказалі сёння на прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал, міністр замежных спраў Маргус Цахкна, міністр унутраных спраў Ігар Тара і міністр рэгіянальнага развіцця і сельскай гаспадаркі Хендрык Ёханес Тэрас, піша Delfi.ee.
Абмежаванне будзе дзейнічаць на ўсіх пунктах пропуску на эстонска-расійскай аўтамабільнай мяжы: Нарва-1, Нарва-2, Койдула, Лухамаа і Саатсе.
Праз шэсць месяцаў урад ацэніць, ці неабходна змяняць уведзенае ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі і для забеспячэння грамадскага парадку абмежаванне.
Рашэнне ўрада датычыцца перамяшчэння людзей і транспартных сродкаў праз аўтамабільныя пункты пропуску. Чыгуначныя грузаперавозкі будуць ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дзейнымі абмежаваннямі і наяўнымі магчымасцямі, а таксама пад строгім мытным кантролем.
«Варожая дзейнасць Расіі не змяншаецца. У Еўропе практычна ніхто не бачыць, каб Пуцін змяніў сваю пазіцыю і хацеў бы наладжваць кантакты з іншымі ў пазітыўным ключы», — заявіў Міхал.
Ён адзначыў, што да гэтага часу Эстонія рэагавала на паводзіны Расіі стрымана і ўзважана, але сітуацыя не палепшылася. Таму сёння кабінет міністраў прыняў рашэнне аб закрыцці сухапутнай мяжы з РФ з 7:00 1 снежня.
Каментары