Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»2424

Лукашэнка байкатуе Маскву

Беларуская дэлегацыя адмовілася ляцець на саміт АДКБ. Некалі Лукашэнка сказаў: нашы адносіны з Расіяй назаўжды атручаны газам. Цяпер яны яшчэ і падмочаны малаком.

Беларуская дэлегацыя адмовілася ляцець на саміт АДКБ. Лукашэнка, як заявіла яго прэс-служба, «не бачыць сэнсу». Прычына — малочная вайна.

Заявы і паведамленні беларускага боку нагадваюць стылістыкай зводкі Саўінфармбюро. Лукашэнкава прэс-служба ўпершыню наўпрост кажа пра гандлёвыя войны, пра намер Масквы паставіць беларусаў на калені (ну вось, бачыце, і на самым версе без эківокаў заняліся выхаваннем нацыянальнай самасвядомасці :).

Лейтматыў: якія могуць быць тары-бары пра калектыўную бяспеку, калі нанесены такі ўдар па эканамічнай бяспецы нашай краіны?

Сапраўды, як зазначае аналітык Валер Карбалевіч, «малако — зброя палітычная». Гэта 14% нашага экспарту ў Расію, мільярд долараў за год.

Учора Мінск абвесціў, што Лукашэнка затрымлівае вылет. Відаць, была надзея, што Крэмль ды іхны Белы дом (та жа зараз дуумвірат, і Пуцін ці не наймацней закусіў губу) дадуць задні ход. Усё ж

байкот саміту АДКБ стратэгічным хаўруснікам — выпадак беспрэцэдэнтны. Ды і пагроза беларускага начальства паставіць на ўсходняй мяжы пагранцоў з мытнікамі — гэта вам не жартачкі. Уся задума «WTO на траіх» (Расія, Казахстан, Беларусь у адным флаконе) можа ляснуцца.

Але каса натрапіла на камень. Расійскія вярхі таксама вырашылі не даваць слабіны, пайшлі на прынцып. Сёння іхні галоўны санітарны доктар Анішчанка так і сказаў: ніякіх паслабленняў па малаку, пакуль беларусы не аформяць усе належныя паперы!

«У сітуацыі, што склалася, Беларусь, якая чакала да апошняга моманту скасавання дыскрымінацыйнай забароны і ўрэгулявання пытання ва ўстаноўленым дзейнымі міжнароднымі пагадненнямі парадку, была вымушана прыняць рашэнне пра адмену свайго ўдзелу ў сесіі Рады калектыўнай бяспекі АДКБ 14 чэрвеня 2009 года ў Маскве», — заявіў сёння прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў.

Няма ліха без дабра. І цяпер у Мінска зручная нагода адкінуць падалей цэлае бярэмя непрыемных пытанняў. І КСАР, і яшчэ тое-сёе... Так, старшыня міжнароднай камісіі палаты прадстаўнікоў Маскевіч (нягледзячы на нядзелю, беларускія парламентары дружна робяць заявы — калі гэткае было?) дае зразумець, што з такой палітыкай Масква наўрад ці хутка дачакаецца прызнання Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй. Яшчэ болей, у палаце прадракаюць рост палітычнай напружанасці між Мінскам і Масквой. Смелыя ў нас сталі дэпутаты! :)

Адразу напрошваюцца дзве высновы.

Першая:

рэч не толькі ў малацэ. Відаць, апошнім часам Масква, адчуўшы цяжкае фінансавае становішча Беларусі, запатрабавала ад яе кіраўніцтва зашмат. Не заставалася іншага выйсця, як пайсці на абвастрэнне.

Другі момант: беларускае кіраўніцтва, мусіць, спадзяецца на падтрымку Захаду. Магчыма, на гэты конт ёсць пэўныя дамоўленасці. Ва ўсякім разе, як толькі Масква затармазіла $500 млн., МВФ паабяцаў дадатковы мільяд. Прыляцелі эмісары Сусветнага банку, ЕБРР. Супадзенне?

Прычым для беларускага кіраўніцтва павышаюцца шанцы праціскаць на Захадзе свой «прагматычны падыход» да нармалізацыі адносін. Маўляў, ці час таўчы пра дэмакратыю, калі незалежнасць пад пагрозай? Давайце свае мяхі з доларамі, і хутчэй!

Улада атрымлівае выйгрыш і ва ўнутранай палітыцы. Па-першае, нацыя кансалідуецца перад імперскай пагрозай (дзяржаўныя СМІ ўжо ўпэўнена аперуюць такой тэрміналогіяй). Па-другое, зараз значна лягчэй тлумачыць электарату, якія злыя сілы нясуць адказнасць за крызіс, дэвальвацыю, прасяданне ўзроўню жыцця. Вонкавы вораг — для тутэйшай прапаганды проста падарунак.

Тэарэтычна малочная вайна дае магчымасць пабіць увесь посуд на кухні саюзнай дзяржавы. Але наўрад ці бакі пойдуць на гэта. Занадта вялікая ўзаемная залежнасць. У значнай ступені гэта залежнасць — псіхалагічная. Асабліва з боку Расіі. Крэмль мусіць адгуляць назад і выйдзе з гэтага канфлікту з іміджавымі стратамі.

«Канчатковага разрыву між цяперашнім беларускім кіраўніцтвам і Масквой у прынцыпе не можа быць, — мяркуе аналітык Валер Карбалевіч. — Расійская эліта не можа дазволіць сабе страціць Беларусь, а яна, у сваю чаргу, занадта залежная ад расійскай падтрымкі. Так што абодва бакі зацікаўлены ўрэгуляваць канфлікт».

Тым часам Масква спрабуе зрабіць добрую міну. Міністр Лаўроў заявіў, што адсутнасць беларусаў не перашкодзіць падпісаць на саміце АДКБ запланаваныя паперы. Беларусы тым болей не стануць перажываць, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання пакуль абыдуцца без іх :)

Канечне ж, нейкае замірэнне будзе. Аднак дыстанцыя між фармальнымі хаўруснікамі пэўна павялічыцца.

Некалі Лукашэнка сказаў: нашы стасункі з Расіяй назаўжды атручаны газам. Цяпер яны яшчэ і падмочаны малаком.

ЗЫ. Тым часам нашы пагранцы рапартуюць пра гатоўнасць закрыць мяжу. Некалі Лукашэнка выкопваў там слуп на пару з Чарнамырдзіным. Хацелі як лепей... Ці паедуць зараз укопваць назад?

Каментары24

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў7

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Усе навіны →
Усе навіны

Эстонская кампанія распрацавала наватарскую ракету-перахопнік супраць шахедаў4

Так цяпер выглядае былая Валадарка, пастаўленая на рэканструкцыю ФОТАФАКТ3

У розных раёнах Мінска з кранаў пацякла «нафта»1

«Камунарка» выпусціла аналаг «кіндараў»6

Лукашэнка хуценька далучыўся да трампаўскай Рады міру36

Ці можа таксіст адмовіцца везці пасажыра з лыжамі і санкамі? Можа, але не заўсёды

Апошнім часам Эмануэль Макрон з'яўляецца на публіцы ў цёмных акулярах. Што здарылася?10

У Кобрыне выставілі на продаж будынак сінагогі XVIII стагоддзя1

На складах найбуйнейшых сусветных вытворцаў назапасілася рэкордная колькасць алкаголю9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў7

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць