Грамадства

«Я вельмі не люблю тэрмін справядлівасць». Эдуард Бабарыка даў інтэрв'ю з СІЗА

Эдуард Бабарыка знаходзіцца за кратамі больш за два гады. 18 чэрвеня 2020 года яго затрымалі разам з бацькам, прэтэндэнтам у прэзідэнты. Бабарыку-старэйшага праз год асудзілі на 14 гадоў. Пра суд над сынам нічога не чуваць. Эдуард Бабарыка даў першае інтэрв'ю з-за кратаў. Што праўда, адказаў на палітычныя пытанні і згадак пра бацьку там няма.

— Хто цябе натхняў у дзяцінстве-юнацтве?

— Адказ рызыкуе расцягнуцца на шмат старонак. У дзяцінстве найбольш яркі літаратурны след пакінулі героі Джэка Лондана. Найцяжэйшыя выклікі, пераадоленне сябе, барацьба да самага канца. А вобраз Марціна Ідэна наогул надоўга замацаваўся ў маім падлеткавым уяўленні.

З тых часоў спіс прыкметна павялічыўся, ахапіўшы мноства твораў, гістарычных эпох, прафесійных абласцей. Безумоўна, гаворка ідзе і пра людзей, якіх я ведаю асабіста. Не думаю, што змагу скласці шорт-ліст, не ахвяраваўшы прыгажосцю аб'ёму.

Адной з найбольш яркіх гістарычных крыніц натхнення для мяне выступае Эпоха Асветніцтва з яе выбітнымі і смелымі мыслярамі і навукоўцамі, якія служылі праўдзе і асвятлялі свет ведамі.

— Ты знаходзішся абсалютна несправядліва больш за два гады ў следчым ізалятары. Што табе дапамагае трымацца?

— Увесь сакрэт у сэнсах, якія я знаходжу ў сваім бестэрміновым зняволенні. Турма можа быць месцам, якое крадзе жыццё, а можа стаць унікальнай магчымасцю для развіцця сябе. Прычым у абодвух выпадках турэмная камера будзе заставацца маленькім пустым пакоем, ізаляваным ад знешняга свету. Дарэчы, гэта справядліва для любой жыццёвай сітуацыі: мы бачым тое, што хочам бачыць.

Апошнія два гады сталі самым інтэнсіўным перыядам з пункту гледжання стварэння сябе на ўсіх узроўнях: фізічным, інтэлектуальным, эмацыйным, маральным, асобасным.

— Якія думкі ў цябе ўзнікаюць пра справядлівасць усяго таго, што адбываецца? Ці ёсць яна наогул?

— Думкі пра справядлівасць … шчыра кажучы, я не вельмі люблю гэты тэрмін.

Па-першае, таму што гэты тэрмін вельмі шырокі. Гэта пра справядлівы абмен «ты — мне, я — табе»? Або пра гонар і аддаванне «вока за вока»? Або пра справядлівае размеркаванне «мы дзялілі апельсін»?

Па-другое, справядлівасць — гэта заўсёды пра суб'ектыўную ацэнку сітуацыі кожнага з бакоў. А гэта тоіць у сабе небяспеку.

Прывяду просты прыклад. Адбыўся канфлікт. «Умоўная ахвяра» заўсёды перабольшвае атрыманую шкоду, а «умоўны крыўдзіцель» гэтую шкоду заўсёды прыніжае. Гэта псіхалагічны факт. Ахвяра, безумоўна, хоча аднавіць сваю суб'ектыўную справядлівасць, наносячы зваротны ўдар, які іншым бокам будзе ўспрыняты як непамерны і залішні. Ахвяра і крыўдзіцель мяняюцца месцамі. Запускаецца спіраль гвалту, якая праз некалькі ітэрацый будзе мець катастрафічныя наступствы. Вось вам і «справядлівасць». Небяспечна.

Тэорыя гульняў, якая займаецца ў тым ліку падобнымі «задачамі», пераканаўча даказвае, што найбольш устойлівая і эфектыўная стратэгія павінна ўключаць у сябе магчымасць «прабачэння», якое разрывае тое самае замкнёнае кола са зваротных удараў. «Прабачэнне» і прынцып «не рабі іншаму таго, што не хочаш, каб рабілі табе» дазваляюць выбудаваць больш здаровыя і стваральныя адносіны, чым сляпое прытрымліванне ўнутранага пачуцця справядлівасці.

— Турэмнае жыццё — таксама жыццё, у ім ёсць свае змены. Якія падзеі гэтых двух гадоў сталі для цябе самымі важнымі?

— Не магу вылучыць нешта канкрэтнае. За апошнія 24 месяцы я зрабіў велізарны шлях ад абсалютнай пустэчы да дзіўнага сусвету з вялікай колькасцю магчымасцяў. Гэта мноства маленькіх крокаў, якія эвалюцыйна дапаўняюць адзін іншы. Кожны новы дзень здзіўляе новымі магчымасцямі.

— Якая твая філасофія аднаго дня? Падзяліся асноўнымі думкамі, каб можна было адчуць твой дзень у камеры.

— «Філасофія дня» у камеры ці ў вялікім свеце нічым не адрозніваецца. Гэта заўсёды пра выбар — паляжаць або ўстаць, паддацца слабасці або пераадолець сябе. Гэта заўсёды пра ўзровень усвядомленасці — жыць на аўтамаце «інэртна» або пражываць кожную секунду ва ўсёй яе цудоўнасці.

Гэта заўсёды пра асэнсаванасць — тупа існаваць або адшукваць унікальныя для сябе сэнсы ў кожным канкрэтным моманце. Гэта заўсёды пра адносіны з людзьмі — спрабаваць падпарадкаваць або перарабіць ці ж дапамагаць іншым у раскрыцці іх патэнцыялу, радуючыся ўнікальнасці кожнага з нас.

Гэта заўсёды пра магчымасці — не заўважаць іх ці бачыць бясконцую перспектыву развіцця і стварэння.

Калі шчыра, турэмная камера, пад пэўным вуглом, здаецца спрошчанай версіяй вялікага свету, бо абараняе ад бясконцай колькасці раздражняльнікаў, якія адцягваюць нас ад сябе і самога жыцця.

Гэта своеасаблівы трэніровачны лагер, які дазваляе набыць сябе і сваё жыццё з нуля.

— Ты займаешся ёгай у камеры. Што новага ты даведаўся пра сябе?

— Напрыклад, што ступні сінеюць з-за адтоку крыві, калі доўга сядзець у позе лотаса.

Калі сур'ёзна, то ёга для мяне — гэта ў першую чаргу пра развіццё гнуткасці, статычнай вынослівасці, пачуццё балансу.

Па-другое — пра спакой розуму і трэніроўку ўвагі. І я вельмі далёкі ад метафізікі, якую часта ўвязваюць з практыкай ёгі. У іншыя светы не адлятаю.

На мой погляд, ёга не з'яўляецца панацэяй ні для цела, ні для розуму, хоць са сваімі задачамі спраўляецца эфектыўна.

— З якім літаратурным героем ты сябе асацыюеш? І чаму? Дарэчы, у камандзе да цябе ставяцца як да міфалагічнага героя ў вязніцы, які пры гэтым умацоўвае сябе, працягвае развівацца і натхняць іншых людзей.

— Калі шчыра, то ні з якім. Жыццё кожнага чалавека, яго асоба, з'яўляюцца абсалютна ўнікальнымі феноменамі. Я— гэта я, вы — гэта вы. Я не магу асацыяваць сябе ні з кім, бо любое параўнанне акажацца бясконца далёкім ад таго, кім я з'яўляюся ў рэчаіснасці. Ды і карысці ад гэтага не вельмі шмат. Мне падабаецца думаць, што кожны з нас сваім учынкам піша сваю непаўторную гісторыю, героем якой з'яўляецца. Гэта ж нашмат круцей!

— У які колер ты б размаляваў свае думкі?

— Ва ўсе колеры, мне наогул здаецца, што я пачаў заўважаць нашмат больш адценняў і стаў танчэй адчуваць саму тканку жыцця.

***

Сын Віктара Бабарыкі ўтрымліваецца ў СІЗА з 18 чэрвеня 2020 года. Ён праходзіць абвінавачаным па дзвюх крымінальных справах паралельна.

Першую справу вядзе КДБ з моманту затрымання: арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Канчатковае абвінавачванне да гэтага часу не прад'яўленае, справа ў суд не перададзеная.

Другую справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэта. Эдуард стаў падазраваным у снежні 2021 года. Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 3 артыкула 130 часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — гэта «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» і арганізацыя масавых беспарадкаў. Па гэтым артыкуле Эдуарду пагражае да 20 гадоў.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з Сі Цзіньпінам: «Ён мой сябра»3

Шумчанка запісаў відэазварот да Лукашэнкі6

У Чачні на ўсеагульны агляд выставілі цела 17-гадовага хлопца, які напаў на пост ДПС10

Сіноптыкі расказалі, які раён Мінска самы цёплы ўзімку

Любіце шматкі на сняданак? Ну, чытайце3

Колькасць ахвяр у Санта-Дамінга дасягнула 184

Стала вядома, як будзе выглядаць Валадарка пасля рэканструкцыі17

Сканчваецца легендарная антыўтопія пра ЗША. Што чакаць ад фіналу «Аповеду служанкі»6

Амерыканскія біржы ўзляцелі пасля таго, як Трамп даў задні ход з пошлінамі. Услед за імі растуць і азіяцкія6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць