Грамадства1010

«Мясцовыя не могуць сабе дазволіць жыць так, як прыезджыя». Беларуска пераехала ў Партугалію і расказвае, як там жывецца 

Былы палітвязень Віктар Куўшынаў (у мінулым менеджар IT-кампаніі PandaDoc) разам з жонкай Аляксандрай Дзікан і маленькім сынам цяпер жыве ў Лісабоне. Сям’я перабралася туды ў лістападзе 2021-га. «На пераездзе настойваў муж», — кажа Аляксандра. «Наша Ніва» паразмаўляла з ёй пра партугальцаў, цэны ў сталіцы і тое, па што варта туды ехаць.

Фота: асабісты архіў

«У партугальцаў вялікі крэдыт даверу да ўлады»

У Лісабоне сям’я апынулася, бо ў кампаніі, дзе Віктар працаваў, адкрыўся там офіс. 

«Муж казаў ехаць, аргументаў супраць я не знайшла», — дзеліцца Аляксандра. 

Для Аляксандры гэта быў другі пераезд. Першы з Мінска ў Кіеў — у верасні 2020-га. 

Партугальцы, па яе назіраннях, усмешлівыя, расслабленыя, досыць адкрытыя і спакойныя ў адносінах да эмігрантаў. 

«Не адчувала сябе тут чужой, прыезджай, — прызнаецца Аляксандра. — У Лісабоне шмат розных замежнікаў, магчыма, гэта звязана з каланіяльным мінулым Партугаліі.

Самі партугальцы павольныя, нікуды не спяшаюцца. Трэба падладзіцца да іх рытму жыцця, таму што інакш гэта будзе сталая барацьба. Прыходзіш у краму, прадавец паралельна з усімі мае зносіны і не мае значэння, колькі ў чарзе людзей». 

За час у Партугаліі дзяўчына заўважыла, што ў мясцовых жыхароў не прынята высвятляць адносіны. У гэтым сэнсе беларусы больш прамыя. 

«Нешта не падабаецца — адразу пра гэта гаворым. На такое партугалец пакрыўдзіцца і настроіцца супраць цябе. Можа сказаць, каб у яго, напрыклад, кавярню больш не прыходзілі», — дзеліцца яна. 

Фота: асабісты архіў

Тое, што аб’ядноўвае партугальцаў і беларусаў, — добрае разуменне таго, што такое дыктатура.

З 1932-га па 1968-ы Партугаліяй кіраваў Антоніу Салазар. Ён ўсталявіў дыктатарскі рэжым, які праіснаваў даўжэй за ўсіх у Еўропе. 

У 79 гадоў Салазар перанёс інсульт, паплечнікі адхілілі яго ад улады, але самому дыктатару пра гэта не сказалі — у яго бальнічнай палаце збіраліся з дакладам міністры, асабіста для Салазара друкавалі адмысловую газету з «правільнымі» навінамі.

«З аднаго боку, партугальцы, канечне, не хочуць да такога вярнуцца. З другога, у іх вельмі вялікі крэдыт даверу да дзейнай ўлады.

Адметна, што ўсе ведаюць, дзе жыве прэзідэнт краіны, яго любімую кавярню. Людзі часта бачаць яго ў горадзе, ён гуляе без аховы. Хтосьці посціў сторыс у інстагараме, як прэзідэнт нейкую дэлегацыю катаў на мясцовым турыстычным трамвайчыку. 

Мясцовыя жыхары тут дастаткова паслухмяныя, ім сказалі — робяць. Таму Партугалія лідзіравала па колькасці вакцынаваных падчас пандэміі. 

Яшчэ адзначыла для сябе, што нацыя згуртаваная, няма нейкага сур'ёзнага дзялення на правых і левых, не заўважаю, каб людзі спрачаліся аб палітыцы. Для іх важней у абед выпіць келіх віна, паесці. Праца працай, а абед па раскладзе — гэта пра партугальцаў», — расказвае Аляксандра. 

Фота: асабісты архіў

«Два пераезды для дзіцяці за паўтара года — гэта шмат»

У Партугаліі сям’я размаўляе на англійскай. Аляксандра крыху ведае іспанскую, але дзяўчыне раілі яе не выкарыстоўваць. 

«Мабыць, таму што Іспанія раней спрабавала нешта адхапіць ад Партугаліі, — кажа яна. — На здзіўленне, тут людзі добра ведаюць англійскую. Не кожны доктар, вядома, ёй валодае, але можа прыйсці, напрыклад, электрык і ён выдатна будзе размаўляць па-англійску. У параўнанні з Італіяй, Францыяй гэта вялізны плюс.

Шмат на тэлебачанні праграм на англійскай з партугальскімі субцітрамі.

Збіраюся пайсці на курсы партугальскай, але паколькі асаблівай неабходнасці ў мове няма, то да іх яшчэ не дайшла». 

Фота: асабісты архіў

Чатырохгадовага сына Аляксандра аддала ў прыватны амерыканскі дзіцячы садок.

Мова зносін у дзяцей там — англійская, два разы на тыдзень ёсць заняткі па партугальскай. 

«Рускамоўных школ і садкоў я тут не сустракала. Можа, ёсць адзін які-небудзь. Мэтанакіравана аддавалі ў амерыканскі, каб дзіця добра ведала англійскую.

Мову ён пачынаў вывучаць з нуля. Цяпер нармальны ўзровень. 

Канечне, быў вялікі стрэс. У цэлым два пераезды для дзіця — гэта шмат за паўтара года. Спачатку яму было важна мець зносіны з аднагодкамі на рускай, выбіраў па гэтым прынцыпе, з кім сябраваць, а з кім не. Цяпер узаемадзенічае з усімі дзецьмі. 

Кошт садка — 1000 еўра на месяц. Асобна аплачваем дадатковыя заняткі — 150 еўра. Сюды ўваходзіць футбол, гімнастыка, ролікі», — расказвае Аляксандра. 

Дзяржаўныя садкі і школы ў Партугаліі бясплатныя, але ў іх ёсць праблемы са свабоднымі месцамі. 

«Партугальскія прыватныя садкі каштуюць ад 100 еўра і вышэй. Як правіла, 200—500 еўра», — кажа яна.

Фота: асабісты архіў 

«Аднапакаёвую кватэру яшчэ можна знайсці да 1000 еўра»

Дазвол на жыхарства першым атрымаў муж Аляксандры. Яму дапамагла з гэтым IT-кампанія, у якой ён працаваў. 

«Прыехалі напрыканцы лістапада, у пачатку лютага ДНЖ у яго ўжо быў. Я падавалася на дазвол на жыхарства крыху пазней, на ўз'яднанне з сям'ёй. Ведаю беларусаў, якія паспелі тут купіць нерухомасць, яны нават даўжэй чакалі дакументы, каля года», — тлумачыць яна. 

Працу ў Партугаліі Аляксандра не шукала. Наадварот звольнілася, калі пераехала. Яна таксама, як і муж, была ў IT-сферы. 

«Выдыхнула і вырашыла ўзяць сабе адпачынак, — дзеліцца яна.

— Вядома, калі шукаць на месцы тут працу, трэба ведаць базавую партугальскую. Як варыянт — уладкавацца ў міжнародную кампанію без ведання мясцовай мовы». 

Жытло сям’я знайшла ў Лісабоне даволі хутка. Як кажа Аляксандра, ім пашанцавала, што яны прыехалі да пачатку вайны ва Украіне. Цяпер там вялікі наплыў людзей. 

Фота: асабісты архіў

«У Партугаліі ў цэлым не вельмі вялікі жылы фонд. З таго, што ёсць, далёка не ўсё новае, — расказвае яна. — 

Для пераезду я б зараз рэкамендавала разглядаць не Лісабон, а прыгарад, напрыклад. У сталіцы цэны на арэнду кватэр сур'ёзна падняліся, не думаю, што зараз у нашым раёне мы б знайшлі сабе жыллё. Напэўна, на 30 працэнтаў вырасла прыкладна цана.

Кошт арэнды жытла з дзвюма спальнямі і залай у новым доме, у цэнтры — 2500 еўра. За 1500 можна зняць кватэру з нармальным рамонтам не ў цэнтры. Аднапакаёвую яшчэ можна знайсці да 1000». 

«Раней трацілі на прадукты 500 еўра, цяпер на 100 больш з-за сусветнага крызісу»

Сярэдні заробак у Партугаліі ў 2022 годзе склаў 1158 еўра да выплаты падаткаў. Мінімальны заробак — 705 еўра. 

«Яшчэ восем гадоў таму Партугалія была даволі беднай краінай, турызм ніяк не развіваўся. Многія з моладзі з’язджаюць адсюль, таму што перспектыў для іх тут мала.

Сюды едуць людзі ўжо з грашыма. Партугальцы не могуць сабе дазволіць жыць так, як прыезджыя.

Мы здымаем кватэру ў новым раёне, у маім уяўленні ён звычайны, да якога я прывыкла. Партугальцы лічаць, што раён для багатых. Упершыню даведалася пра гэта. З-за таго, што тут шмат старых дамоў, новыя лічацца нечым раскошным», — расказвае Аляксандра. 

На прадукты сям’я траціць калі 600 еўра ў месяц. 

Фота: асабісты архіў

«Купляем шмат гародніны, садавіны, — пералічвае Аляксандра. — Алкаголь тут танны, добрае віно можна набыць за 5 еўра. Морапрадукты недарагія, кілаграм вустрыц — 5—6 еўра. У кафэ кава каштуе 1—2 еўра, шклянка свежавыціснутага соку — 3, круасан або булачка — 1—2 еўра. Сняданкі ў раёне 7—10, страва нейкая стандартная — 15 еўра.

Цэны ўзняліся ў сувязі з сусветным крызісам. Калі раней мы трацілі 500 еўра на прадукты, то цяпер на 100 больш». 

У Партугалію Аляксандра раіць ехаць па клімат і сонца. 

«Памятаю, што неяк прачнулася раніцай з-за таго, што нехта ўключыў святло. Выйшла паглядзець, а гэта аказаўся такі яркі світанак.

Тут шмат сонца, знаходзішся ў сталай эйфарыі ад яго. Гэта, мусіць, адзін з самых вялікіх плюсоў для мяне жыцця тут». 

Нармальна жыць у Лісабоне можна пры наяўнасці высокага заробку, лічыць дзяўчына. 

«Калі дастатак меншы за сярэдні, то лепш паехаць у больш развітыя краіны ЕС, дзе можна зарабляць больш. Тут людзі атрымліваюць асалоду ад жыцця. Ніхто не працуе так, як мы, беларусы, прывыклі», — падсумоўвае яна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

«Арандуем маленькі дом». Старшыня БСДП Ігар Барысаў пераехаў з сям'ёй у Бельгію

«Сэксуальнае жыццё можа быць якасным і пасля 70». Беларус ажаніўся з маладою і дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця

«Паркет, ламінат людзі забіраюць з сабой на наступную кватэру». Як беларусы арандуюць кватэры ў розных гарадах свету

Каментары10

  • Сталы Яцэк
    16.10.2022
    Сталая эйфарыя гэта як? "Зрелая" эйфория?
    Тут у вас польскае слова патрапіла.
  • IT руски мир
    16.10.2022
    Можна рускамирных ИТшников вывезти из БССР, но руский десткий сад, сардэчки и бабарыку з них вывезци нельга, навошта нам ведаць як жывуць касмапалиты, яким Беларусь дахалеры здалася
  • Эх
    16.10.2022
    Прыгожая

Цяпер чытаюць

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста3

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста

Усе навіны →
Усе навіны

Каля 200 турыстаў апынуліся ў пастцы снежнай буры на Эверэсце

Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі16

Сёння пачынаецца абвяшчэнне нобелеўскіх прэмій2

Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння6

«Жыццёвы цыкл штурмавіка — 12 дзён». Z-блогер шчыра прызнаўся, чаму не падпісвае кантракт з Мінабароны24

Фёдар Паўлючэнка: У чым не мае рацыі Юлія Міцкевіч? Турма што, робіць кагосьці лепшым? Прыгажэйшым? Багацейшым?24

Польшча замарожвае тэрміны разгляду спраў па міжнароднай абароне да сакавіка 2026 года9

Просты трук, як выбраць шкарпэткі патрэбнага памеру5

Пад Кіевам «мабілізавалі» ката. Вайсковец хацеў падарыць дзіцяці ката з прытулку, але забраў на вуліцы чужога3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста3

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць