Культура1010

Прафесар Іван Данілаў: Мне паведамілі, каб забраў свае кнігі з усіх кнігарань

Нягледзячы на свой 98-гадовы ўзрост, доктар медыцынскіх навук, прафесар Іван Данілаў працягвае пісаць кнігі, у якіх выкладае сваё бачанне беларускай гісторыі. За апошнія гады ў свет выйшла чатырнаццаць кніг, сярод якіх «Запіскі заходняга беларуса», «Перажытыя рэжымы: нататкі ўдзельніка і сведкі», «Пастка: разнастайнасць бальшавіцкага тэрору». Праўда, з нядаўняга часу з кнігарань гэтыя выданні зніклі, піша «Народная воля».

— Іван Пятровіч, што здарылася? Чаму вашы кнігі паўсюль зняты з продажу?

— Я і сам не ведаю. Мне прыйшло афіцыйнае паведамленне, што «Белкніга» разрывае са мной дамову, і я павінен забраць свае кнігі з усіх кнігарань. Але мне цяжка хадзіць па кнігарнях (сёлета споўніцца ўжо 99 гадоў), таму кнігі звезлі ў адно месца — кнігарню «Эўрыка», тут блізка. А ўжо адтуль даставілі мне дахаты.

— Але з якой прычыны? Была зроблена нейкая экспертыза вашых кніг, іх прызналі шкоднымі?

— Ніякай экспертызы, наколькі я ведаю, не было. Чаму так сталася, я магу толькі здагадвацца. Відаць, маё бачанне Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам якой я з’яўляюся, адрозніваецца ад афіцыйнага. Ведаю, што не толькі мае кнігі былі прызнаны «крамольнымі», многія выдатныя пісьменнікі пацярпелі. Вядома, такая чыстка кнігарань да дабра не прывядзе.

— А што ў вашых кнігах пра вайну магло не спадабацца чыноўнікам?

— Мне і раней адзін знаёмец казаў: «Іван Пятровіч, ты пішаш не так, як было». А сам нашмат маладзейшы за мяне, вайны зусім не бачыў. Дзяржаўная прапаганда зусім задурыла людзям мазгі, паказвае толькі гераічную вайну. Суцэльная гераізацыя! А вайна ж далёка не заўсёды была гераічнай, навошта ж яе гераізаваць там, дзе была трагедыя, дзе мелі месца памылкі? Вось, напрыклад, я добра ведаю пра падзеі вакол Брэсцкай крэпасці. Я там нават у часы нямецкай акупацыі бываў, яшчэ перад тым, як у партызаны пайшоў. І размаўляў з многімі брэстчанамі. Скажам, былы палкоўнік чыгуначных войск Адзінцоў расказваў, як у ноч з 21 на 22 чэрвеня цягнікі ішлі ў адзін і другі бок. І пад’ехаў да брэсцкага вакзала эшалон, адкуль выскачылі ўзброеныя немцы. Супраціўлення на вакзале ім было аказана слабое, і яны разбегліся па ўсім горадзе. Як потым аказалася, нямецкія дыверсанты мелі адрасы ўсяго каманднага саставу. Савецкія афіцэры пасля гарматных выбухаў выскоквалі з будынкаў, а іх тут жа на парозе забівалі. Таму і не дзіва, што абаронца Брэсцкай крэпасці маёр Гаўрылаў быў самым старэйшым па званні — на дзве дывізіі.

— Не ўсе ж вашы кнігі пра вайну. Скажам, у свой час я з цікавасцю прачытаў «Запіскі заходняга беларуса».

— Чаму і яе мне вярнулі? Дык там жа пра рэпрэсіі, якія распачала камуністычная ўлада супраць жыхароў Заходняй Беларусі адразу пасля далучэння да СССР. Ужо восенню 1939 года пачаліся арышты і дэпартацыі. Я сам быў сведкам начных арыштаў. Калі вучыўся ў школе ў Пінску, то прысутнічаў пры арышце нашай кватэрнай гаспадыні. Я на свае вочы бачыў, як працуе НКВД, як трасуць кніжкі. А мне было загадана: «Будзеш панятым». А мне толькі 15 гадоў! З Пінска кожны тыдзень адыходзіў на ўсход цягнік з арыштаванымі. Вагоны былі без печак, а маразы ў тую зіму трымаліся вельмі моцныя… Я ўсё гэта апісаў у згаданай вамі кнізе.

— Столькі гадоў прайшло з таго часу! Няўжо вы так добра памятаеце падзеі васьмідзесяцігадовай даўніны?

— У мяне добрая памяць. Вучыўся я ў польскай школе, а там трэба было вельмі шмат вершаў вучыць. Гэта добра развівае памяць. Напрыклад, са школы я вельмі люблю Міцкевіча, і да сёння цэлыя раздзелы «Пана Тадэвуша» магу чытаць на памяць — у арыгінале, як вучылі ў школе. Слухайце: «Літва! Радзіма, як здароўе, дарагая!.. / Што варта ты, той толькі ўцяміць і спазнае, / Хто цябе страціць. Сёння прыгажосць тваю я / Зноў бачу і апісваю, бо ўсцяж сумую… (Чытае цэлы раздзел з паэмы па-польску; тут тэкст цытуецца ў перакладзе П. Бітэля — М.С.).

— Ого! Памяць у вас сапраўды фенаменальная. Іван Пятровіч, вы ж медык па адукацыі, доктар медыцынскіх навук, хто вас падштурхнуў заняцца напісаннем гістарычных кніг?

— Ініцыятарам быў мой сябра светлай памяці Арсень Ліс, вельмі таленавіты чалавек. Ён займаўся фальклорам, гісторыяй літаратуры, пісаў кнігі пра мастакоў, выдатна ведаў беларускую і ўкраінскую літаратуру. Мы часта разам хадзілі на прагулкі, ён паслухаў мае расказы і параіў запісваць усё і складаць у асобныя папкі. Ліс таксама зацікавіў мяне лёсам палітыка і мовазнаўца Браніслава Тарашкевіча — аўтара першай беларускай граматыкі. І цяпер я пішу кнігу «Пастка для Тарашкевіча». Як яго завабілі ў СССР, сустрэлі вельмі прыязна, паабяцалі горы залатыя. А ў 1937 годзе арыштавалі ў Маскве і прысудзілі да расстрэлу.

— Мала каму ўдалося павучыцца па граматыцы Тарашкевіча. А дзе вы так добра вывучылі беларускую мову? Няўжо ў польскай школе?

— У польскай школе беларускай мовы ад настаўнікаў я не чуў ні разу. Усё самавукам. Той жа Арсень Ліс спрыяў — з ім я размаўляў толькі па-беларуску. Мова — гэта жывы арганізм, які павінен мець магчымасць развівацца. У нас з мовай бяда, русіфікацыя поўная. Мяне гэта вельмі непакоіць. Я часта ўспамінаю радкі Максіма Багдановіча: «Народ, беларускі народ, / ты цёмны, сляпы, быццам крот. / Табою ўсягды пагарджалі, / цябе не пушчалі з ярма, / і душу тваю абакралі — / у ёй нават мовы няма». Так быць не павінна. А з вучобай было вось як. Немцы хутка акупавалі наш Драгічын, там адкрылася школа, і мы, дзеці, зноў пайшлі вучыцца. У школе ўсё засталося тое самае, толькі быў уведзены Закон Божы. Правучыліся прыкладна месяц, і выйшла распараджэнне рэйхскамісара Коха — для украінцаў уводзіцца чатырокласная адукацыя (Драгічын і ваколіцы немцы прыпісалі да Украіны). Я вучыўся ў 8-м класе. Ведалі б вы наш настрой, калі мы пакідалі школу!..

— Іван Пятровіч, у вас за плячыма дзевяноста восем з паловай гадоў, партызанка, фронт, цяжкае раненне… Падзяліцеся сакрэтам, як у такім паважным узросце захаваць цікавасць да жыцця і творчы настрой?

— Ніякага сакрэту ў мяне няма. Стараюся менш злавацца, па жыцці стараўся мець як мага менш ворагаў. Трэба заўсёды разумець іншых людзей, бачыш перад сабой дурня — лепш не звязвайся з ім. Вось, скажам, у праваслаўі і каталіцызме людзі ходзяць на споведзь. Паспавядацца — гэта што значыць? Не памятаць зла. Я перакананы, што ў злосных людзей зніжаецца імунітэт, і яны раней паміраюць. Імунітэт таксама зніжае звычайная прастуда. У свой час я праводзіў такі эксперымент — трымаў у халадзільніку белых мышэй. У іх хвост вельмі доўгі, там праходзіць вена, вельмі зручна тоненькай іголачкай набіраць кроў. І на прыкладзе мышэй я паказаў, што прастуда істотна зніжае імунітэт. Гэта тэма вельмі важная, а яе амаль не вывучаюць у медыцынскіх ВНУ.

— Дык чаму розныя людзі з рознай хуткасцю старэюць? Што такое старасць з гледзішча медыцыны?

— Я ж працаваў гематолагам доўгі час, дзесяць гадоў быў дырэктарам Інстытута пералівання крыві. Мусіў вывучаць і геранталогію. Разумееце, дзяленне клетак у маладым і старым арганізмах адбываецца па-рознаму. У падлеткаў кожная клетка стварае, прыкладна, сорак восем даччыных клетак. А вось у маім узросце — прыкладна пяць. Эфектыўны касцявы мозг, дзе вырабляецца кроў, у старасці застаецца толькі ў грудзіне і пазванках. Колькасць клетак змяншаецца — вось вам і старасць. Але гэтыя працэсы ў розных арганізмах працякаюць па-рознаму.

— Раней я бачыў у вашай кватэры бегавую дарожку. Вы займаліся на трэнажоры?

— Цяпер ужо не, тую дарожку дачка сабе забрала. Я штодзень хаджу па вуліцы, раблю мінімум кіламетр. Абавязкова трэба хадзіць. Бо калі чалавек злёг ці мала рухаецца, то ў яго і сэрца, і ўсе мышцы працуюць горш. Чалавек створаны для працы, для руху. Калі ён займаецца інтэлектуальнай працай, то павінен шмат хадзіць, рухавасць — гэта здароўе.

— А ці трымаецеся вы нейкай дыеты?

— Не. Я ем усё — кашы розныя, кіслыя прадукты, асабліва люблю кефір. Бульбу ем, сала. Люблю гатаваць боршч са свінінай. Купляю свежую свініну, рэжу яе на маленькія кавалкі, шаткую капусту — кіслую і свежую (у роўных долях). Яна ў мяне заўсёды ёсць у запасе на балконе. А свініну купляю на Камароўцы — адразу кілаграмаў пяць, і ў маразільнік. А яшчэ кожную раніцу ем тушаную моркву, вельмі карысная і спажыўная. Звычайна пасля абеду я на гадзінку кладуся паспаць.

— А ці сябруеце вы з алкаголем?

— Дамашняе віно п’ю патроху перад ежай, кожны раз. Раблю яго сам з вінаграду, што расце на лецішчы. Раней і ад каньяку не адмаўляўся. Падчас вайны ў партызанскім атрадзе піў моцную самагонку. Прыязджаеш з разведкі, замерзлы, паўшклянкі для сугрэву кульнеш і спаць. Пасля вайны, калі я быў студэнтам, часта сустракаўся ў Драгічыне са сваімі былымі партызанамі. А тады там у забягалаўках розных прадаваўся спірт. Хлопцы мяне туды ўсё зацягвалі, я ўжо баяўся дадому ездзіць. А потым гляджу — аднаго ўжо няма, другога, трэцяга…

— А якое ваша стаўленне да курыва?

— Я ніколі не курыў. Мой бацька быў заўзятым курыльшчыкам. Уставаў раніцай і адразу закурваў. Моцна кашляў і неяк спытаў у мяне парады, я тады ўжо закончыў медінстытут. Я сказаў: «Бацька, калі будзеш курыць, то ты не толькі кашляць не перастанеш, а хутка памрэш». Бацьку мая парада не спадабалася: «Вось вывучыў сына на доктара, а ён мне такое кажа!» Але прайшло зусім мала часу, і цягу да курэння як рукой зняло — кінуў!

— Значыць, сын-лекар для яго ўсё ж быў аўтарытэтам. А што скажаце наконт жанчын?

— Жонка мая шэсць гадоў таму памерла, і я, відаць, адналюб. Мужчына ж — вечны нявольнік (смяецца). У дзяцінстве — слухай маму, у сталасці жонку, у старасці — дачку. Цяпер я слухаю дачку. Хоць Пушкін і пісаў, што «любви все возрасты покорны», але жанчыны мяне ўжо не цікавяць. Мы з жонкай пражылі доўгае жыццё. Ды ў наш час і разводаў столькі не было. На маю думку, правільна каталіцкая царква забараняе разводы. Калі б гэта ад мяне залежала, я зрабіў бы, каб развесціся было вельмі цяжка, каб гэта дорага каштавала. Хочаш развесціся — давай раскашэльвайся!

— Ці ёсць у вас сацыяльны работнік?

— А навошта ён мне? Я сам хаджу ў краму, сам есці гатую. Дачка толькі часам падыдзе, кватэру прапыласосіць.

— А калі вы апошні раз былі ў бальніцы як пацыент?

— Ой, даўно (прыпамінае). У 1944-м пасля ранення тры месяцы праляжаў у шпіталі. І гадоў дваццаць таму рабілі мне аперацыю. Цяжка працуючы на лецішчы, я зарабіў грыжу. Падымаў мяшок цэменту 50 кілаграмаў і нёс…

— Дык старасць — не радасць, ці радасць часам усё ж здараецца?

— Амаль не здараецца. Старасць не радасць — гэта праўда. Помніце, у Хэмінгуэя ёсць прыпавесць «Стары і мора»? Стары, якому доўгі час не шанцавала на рыбалцы, вылавіў у моры вялікую рыбіну. Настолькі вялікую, што яна некалькі дзён цягала яго лодку па моры. Але стары не паддаўся і ўсё ж дацягнуў яе да берага. І аказалася, што ад рыбіны застаўся адзін шкілет — акулы паабгрызалі мяса. Пра што гэта прыпавесць? Пра старасць. Таму Хэмінгуэй і скончыў жыццё самагубствам. Застрэліўся, каб не ведаць старасці…

— Давайце не будзем на такой сумнай ноце заканчваць нашу гутарку. Вось вы штодня шпацыруеце па вуліцы, якая носіць імя камуністычнага дзеяча Куйбышава, які да Беларусі не мае ніякага дачынення. І падобных вуліц у Мінску — дзясяткі. А, скажам, вуліцы імя Васіля Быкава няма. Што вы з гэтай нагоды думаеце?

— Што няма вуліцы Быкава — гэта няправільна. Быкаў заслужыў самую ганаровую вуліцу! А Куйбышаў — не, нездарма расійскі горад, раней названы ў яго гонар, вярнуў сябе першапачатковую назву Самара. А навошта ў Мінску вуліца Шаранговіча? Я ж у адной са сваіх кніг паказаў, які гэта быў нягоднік і прайдзісвет. Куйбышаў, Кнорын, Мяснікоў і ім падобныя — гэта дзеячы не нашы, я супраць таго, каб іх імёнамі называліся беларускія вуліцы.

Каментары10

  • Per aspera
    24.02.2023
    Такія Беларусы, як Іван Пятровіч Данілаў гэта сапраўдныя вучоныя, інтэлігенты, гонар і годнасць!
  • Мік
    24.02.2023
    Дзякуй вялікі за такога цікавага госця!
  • Всё понятно
    24.02.2023
    Всё понятно, ябатьки зачищают Беларусь от белорусов и белорусского в ней, в интересах главного ябатьки гауляйтера вассала Кремля и кремлёвского режима...
    Кстати, нацисты тоже боролись со знанием, наукой и книгами, книги они жгли на площадях...

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА121

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Пазняк: Амаль не сумняваюся, што Мелказёрава атруцілі ворагі Беларусі і ворагі чалавецтва131

П'яныя расійскія вайскоўцы жорстка расправіліся з сям'ёй з Пакроўска, якая чакала «вызвалення» ад Украіны24

Зяленскі назваў «чырвоныя лініі» Украіны ў мірных перамовах6

«Па-беларуску «Слана» Філіпенкі набывалі больш ахвотна, чым па-руску». Якія кнігі сёння ў топе? Інтэрв'ю з кіраўніцай выдавецтва Gutenberg Publisher5

«Дачка» EPAM Systems увайшла ў топ-10 найбуйнейшых бізнэсаў Грузіі

Шахед трапіў у шматпавярховік Кіева. Яшчэ адзін — у прыпынак грамадскага транспарту ў вобласці ВІДЭА1

Дзяржаўны знак якасці прысвоілі толькі адной з дзвюх беларускіх згушчонак. Дык Глыбокае ці Рагачоў?16

У Пінску пенсіянерка правалілася на сваім аўто ў яму дарожнікаў. Яе яшчэ і аштрафавалі7

Дырэктара філіяла «Гомсельмаша» ў Аргенціне шукаюць па аб'яве і прапануюць зарплату зваршчыка ў Мінску4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА121

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць