«Памерці за Лукашэнку». Хто такі Мікіта Рачылоўскі, новы твар прапаганды
Яшчэ нядаўна ён з цяжкасцю зачапіўся за платнае месца на непрэстыжнай спецыяльнасці. Цяпер яго прэзентуюць як «моладзевага лідара» на шоу дзяржаўных тэлеканалаў.

Мікіта Рачылоўскі — 26-гадовая «зорка» беларускай прапаганды. Калі яшчэ два гады таму пра яго існавалі толькі адзінкавыя згадкі, то сёння ён часты госць на шматлікіх ток-шоу на беларускім тэлебачанні.
Там ён пляжыць «нацыянал-здраднікаў» і заклікае не супрацоўнічаць з тымі, хто «прадаў радзіму ў 2020-м».
Хто ён такі?
Рачылоўскі нарадзіўся і жыў у Бараўлянах, пасёлку пад Мінскам. Ягоныя бацькі — простыя рабочыя, напрыклад, бацька нейкі час працаваў кіроўцам машыны хуткай дапамогі.
Пасля школы хлопец адвучыўся ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы на повара і працаваў кухарам у мінскай сталоўцы. Сам сябе называў «мясніком».
У 2018-м Рачылоўскі паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць «Гісторыя і сусветная мастацкая культура». Паступіў Рачылоўскі на платнае — гэта значыць, што ЦТ ён здаў зусім-зусім слабенька, бо прахадны бал там на бясплатнае складаў усяго 258, а на платнае — 140, то-бок прымалі нават тых, хто рандомна расставіў птушкі ў тэстах.
З ненавісніка «рашкі» ў прапагандыста
«Перад паступленнем у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт Мікіта ездзіў у Італію, — расказаў «Нашай Ніве» яго былы аднакурснік. — Ён падарожнічаў там на машыне і першы год вучобы ўсе вушы пракрычаў сваім знаёмым з універсітэта пра тое, якая адсталая Расія. А на руцэ ў яго на ўсю даўжыню набітая татуіроўка Сальвадора Далі».
Сапраўды, згодна з базай «Кіберпартызанаў», хлопец выязджаў у ЕС больш за 20 разоў.

Пры канцы першага курса свой першы навуковы артыкул ён напісаў пра сярэднявечную культуру Заходняй Еўропы і нават заняў 2 месца сярод студэнтаў.
Беларушчыны ён не любіў.
«Пасля выязной пастаноўкі беларускамоўнага спектакля, памятаю, ён моцна абураўся: «Навошта навязваць калгасную мову, якую ніхто не разумее? Мы стараславянскую таксама вучым, але размаўляць на ёй ніхто не змушае!» — згадвае аднакурснік.
Вучыўся ён ніяк.
«На іспытах усё катаў са шпораў або ў аднагрупнікаў. Усе экзамены з шакаладкай, заўсёды. Заходзіў самы апошні. Не ведаў элементарных гістарычных датаў і падзей, але меў 9-10 па ўсіх прадметах. На экзамене па краязнаўстве, памятаю, ледзь не плакаў, бо шпоры не знайшоў, хоць іспыт быў вельмі лёгкі», — згадвае аднакурснік.
Пасля першага курса Рачылоўскі паехаў на Байкал, а зімой па абмене ў Казахстан. І пасля пачаў быць актыўны дзе толькі можна.

«На першым курсе ў яго не было зніжкі на вучобу. А калі ён на другім-трэцім курсе стаў актывістам, то за яго стаў «прасіць» дэканат. А на 4-м курсе — ужо рэктарат. І, атрымаўшы дыплом, пайшоў паступаць у магістратуру. На экзаменах усе звычайна ішлі ў алфавітным парадку, а Мікіта — самы апошні».
На патоку ягоная мянушка была «Фэйк», бо калі ён у 2020 годзе завёў новыя сацсеткі, то адразу ў апісанні напісаў, што гэта адзіныя сапраўдныя акаўнты і ў яго быццам шмат фэйкаў. Хоць насамрэч ён быў асабліва нікому не цікавы і аніякіх ягоных фэйкаў, вядома, ніхто не ствараў.
Яго не любілі на патоку, і ён гэта адчуваў, таму нават на ўручэнне дыплому не прыйшоў. Не любілі яго, бо ён плёткі заўсёды збіраў, за спінай усіх абмяркоўваў і не з самага лепшага боку. У групе настройваў усіх супраць усіх, пры гэтым хацеў заставацца з чыстымі рукамі. Таксама быў заўжды такі гапаваты. Але да выкладчыкаў падлізваўся.

Ды і агулам паводзіны ў яго былі дзіўнаватыя. Напрыклад, ён ніколі нідзе не пакідаў свой заплечнік, нават у прыбіральню з ім хадзіў. А яшчэ заўсёды піў кефір, і пра гэта хадзіла шмат жартаў.
Рачылоўскі быў заўжды скрытны і ўсіх падазраваў. Але была бачная таксама яго агіда да ўсіх, аж да таго, што блізкім да сябе аднакурснікам называў аднагрупнікаў «пеўнямі», і жаданне ісці па галовах.

Расказвалі, што ў каледжы ў яго адбыўся нейкі канфлікт, дзе ці то яго здалі, ці то ён сваіх сяброў. Пасля гэтага ён заўсёды выдаляў асабістыя паведамленні пасля таго, як напіша, ніколі не запісваў галасавых і не дасылаў фота.
Яшчэ адзін выпускнік БДПУ з таго ж курса кажа: «Мікіта да нейкага моманту быў не надта заўважны. Але з сярэдзіны другога курса стаў моцна актыўны. Пасля гэтага было такое адчуванне, што ён у БДПУ ўзначаліў усё запар. Быў вельмі актыўны, аж занадта».
Да 2020-га ў медыях Рачылоўскі не з'яўляўся. Толькі ў жніўні 2020-га, калі ён быў на 2-м курсе, відэа з ім выклалі ў канал БДПУ. Там хлопец распавядае пра тое, што ён кіруе арганізацыяй Green Office BSPU, якая займаецца інфармаваннем пра мэты ўстойлівага развіцця.

Тады яго таксама прэзентавалі як «удзельніка 55-га Зорнага паходу (пафаснае прапагандысцкае мерапрыемства, падчас якога студэнты з БДПУ і краінаў былога СССР ездзяць па «месцах працоўнай і вайсковай славы» Беларусі — НН), фіналіста конкурсу «Студэнт года БДПУ-2020» у намінацыі «Сацыяльна значная дзейнасць і моладзевае лідарства».
У верасні 2020-га ён паўдзельнічаў у VII форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У каментары для дзяржСМІ Рачылоўскі выдае нешта абстрактнае пра «скажэнне гістарычнай памяці».
Неўзабаве яго абралі «моладзевым паслом Мэтаў устойлівага развіцця». А менавіта, паслом 4-й мэты — «Якасная адукацыя». Тэарэтычная мэта «моладзевых паслоў» — прасоўванне мэтаў устойлівага развіцця ААН, але ў нас не атрымалася адшукаць фармальных крытэраў, якім мусяць адпавядаць кандыдаты.
Рачылоўскі на службе прапаганды
З 5 жніўня 2022 года Мікіта з'яўляецца кіраўніком Моладзевага парламента і руху «Рух наперад», звязанага з ім. Чым займаецца рух — таямніца, бо на афіцыйным сайце інфармацыі вобмаль. Увогуле дзейнасць так званага Моладзевага парламента зводзіцца да імітацыі прадстаўнічай дэмакратыі.

Таксама Рачылоўскі актыўна ўдзельнічае ў «Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі», дзе ўваходзіць у «Моладзевую палату па пытаннях турызму і экалогіі». А на 10-м «Форуме рэгіёнаў» у чэрвені 2023-га ён абмяркоўваў з расійскімі «маладымі парламентарамі» магчымасці для яшчэ шырэйшага супрацоўніцтва.
З канца 2022 года Рачылоўскага ўсё актыўней клічуць у праўладныя медыя. Ëн пачынае весці ўласную праграму на СТВ, якая называецца «Сенат». Там Рачылоўскі бярэ каментары ў дэпутатаў.
На каментары ў СМІ ён таксама шчодры. У снежні 2022-га Рачылоўскі расхвальваў рашэнне Лукашэнкі назваць 2022-гі «годам народнага адзінства». А ў чэрвені 2023-га агітаваў за «чысткі» ў гістарычных ВНУ.

Таксама Рачылоўскі прапанаваў забараніць электронныя цыгарэты, але не забараняць продажу тытунёвых вырабаў.
А ў жніўні 2023-га надышоў яго зорны час. Гэта здарылася, калі ён заявіў, што «гатовы адказаць за дзеянні цяперашняй улады», «памерці за Лукашэнку» і «жывымі іх (моладзь з праўладных арганізацыяў — НН) не возьмуць».
20 жніўня 2023-га ён усхваляў «моцнае інтэрв'ю Лукашэнкі» некалі ўкраінскай, а цяпер расійскай прапагандыстцы Дзіяне Панчанка.
А 4 верасня ён накінуўся на блогераў «Дзім Дзімыча», гурт «Дразды» і канал «Мерзкий Кокобай». Рачылоўскі прапануе абмежаваць іхнюю публічнасць за тое, што, быццам бы, «у 2020-м яны хацелі разбурыць краіну» і «прапагандуюць ЛГБТ».
Так моладзевы пасол якаснай адукацыі катаў, катаў са шпораў і ўрэшце злавіў хвалю.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПрадстаўнік лукашэнкаўскага Моладзевага парламента далучыўся да руху «Супраціў» і расказаў, як перайшоў у апазіцыю
Як малады камуніст вядзе філіял «Жоўтых зліваў» для моладзі і выкладае ў БДУІР
Бондаравай забаранілі крытыкаваць «небажыхароў» пад пагрозай «валуна ў падваротні». Але яна ўсё адно не можа стрымацца
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
За язык тебя никто не тянул.Все возможно в нашем Мире.