У Беларусі стаў даступны Huawei Pay для аплаты тавараў і паслуг смартфонам
У Беларусі запрацавала сістэма мабільных плацяжоў Huawei Pay. Яна дазваляе аплачваць пакупкі смартфонам. Сэрвіс, праўда, пакуль даступны толькі трымальнікам картак UnionPay Беларусбанка.

Huawei Pay дзейнічае па ўсёй Беларусі. Плаціць з дапамогай гаджэта можна ў крамах, аптэках, кавярнях, рэстаранах і іншых месцах з бескантактнымі тэрміналамі. Гэта таксама можна рабіць у іншых краінах.
Сэрвіс працуе разам з мабільнай праграмай «Кашалёк Huawei», які можна спампаваць у краме AppGallery. Прывязка карткі да Huawei Pay займае пару хвілін, пасля чаго «пластык» пад рукой непатрэбны — дастаткова смартфона. Пры гэтым падчас разлікаў смартфон можа быць не падключаны да інтэрнэту.
У Беларусі сэрвіс Huawei Pay пакуль даступны толькі трымальнікам картак UnionPay Беларусбанка і працуе са смартфонамі Huawei з фірмовай абалонкай EMUI 12 і вышэй, а таксама падтрымкай тэхналогіі NFC. У далейшым плануецца пашырыць колькасць банкаў, карткі якіх можна прывязаць да плацежнага сэрвісу.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары