Свет

Рэкордна нізкі ўзровень лёду ў Антарктыдзе забіў тысячы птушанят пінгвінаў

Даследчыкі паглядзелі спадарожнікавыя фатаграфіі і ўбачылі, што некалькі калоній імператарскіх пінгвінаў панеслі катастрафічныя страты, пасля таго, як у мінулым годзе антарктычны лёд разбурыўся раней, чым звычайна. І гэта толькі пачатак.

Фота: Getty Images

У даследаванні, апублікаваным на гэтым тыдні ў Communications Earth & Environment, даследчыкі з Брытанскай Антарктычнай Службы акрэслілі вельмі высокую верагоднасць таго, што большасць птушанят з чатырох з пяці вядомых калоній імператарскіх пінгвінаў памерлі ў 2022 годзе.

Даследчыкі назіралі за пяццю калоніямі, якія ўключаюць ад 630 да больш чым 3000 пар пінгвінаў. Навукоўцы лічылі птушак з дапамогай спадарожнікавых здымкаў з 2018 па 2022 год. На гэтых здымках яны заўважылі, што значная страта марскога лёду ў цэнтральнай і ўсходняй частцы мора Белінсгаўзена (мора на поўначы Антарктыды у Ціхаакіянскім сектары Паўднёвага акіяна) адбылася яшчэ да таго, як птушаняты пінгвінаў развілі воданепранікальныя пёры.

Падчас размнажэння і лінькі імператарскім пінгвінам неабходны доступ да стабільнага «прыпайнага лёду» — гэта марскі лёд, які «прымацаваны» да берагавой лініі, да марскога дна ўздоўж водмеляў або да вялікіх айсбергаў. Імператарскія пінгвіны знаходзяць свае улюбёныя месцы для размнажэння ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, а з траўня па чэрвень адкладаюць яйкі, з якіх крыху больш чым праз два месяцы вылупляюцца птушаняты. Малыя растуць, аперваюцца і нарэшце пакідаюць гняздо у снежні-студзені. Але калі марскі прыпайны лёд разбураецца раней, чым звычайна, птушаняты яшчэ занадта маладыя, каб выжыць у нестабільных умовах.

Паводле спадарожнікавых здымкаў, апісаных у даследаванні, некаторыя з калоній пачалі сутыкацца са значнай стратай лёду ў канцы лістапада — пачатку снежня. А ў некаторых калоніях марскі лёд амаль цалкам сышоў да пачатку снежня — і дарослым асобінам прыйшлося адысці ад гэтай тэрыторыі.

Фота: gettyimages

Птушаняты ў гэты час маюць яшчэ пуховае апярэнне, якое хоць і чароўна выглядае, але не падыходзіць для халоднай вады. Гэтае пер’е пераўвільгатняецца у адрозненне ад пазнейшых воданепранікальных пёраў. Таму птушаняты могуць патануць або замерзнуць да смерці, нават калі здолеюць выйсці з вады, тлумачыць вядучы аўтар даследавання ў каментары для The Washigton Post.

У адрозненне ад іншых папуляцый жывёл ва ўсім свеце, імператарскім пінгвінам дагэтуль адносна шанцавала: яны не падвяргаліся буйнамаштабнаму паляванню або празмернаму промыслу з боку людзей. Але чалавек у выніку ўсё ж ускосна дацягнуўся і да іх, бо згодна з навукоўцамі, змяненне клімату стане галоўным фактарам страты папуляцыі віду.

Гэта выклікае вялізную трывогу ў даследчыкаў, бо 2022 год быў не адзіным годам з небяспечна нізкім узроўнем марскога лёду. З 2016 года даследчыкі зафіксавалі чатыры гады з самай нізкай плошчай марскога лёду за больш чым 40 гадоў спадарожнікавых назіранняў. А ў сезоны 2021-2022 і 2022-2023 узровень марскога лёду быў самым нізкім за ўсю гісторыю.

Нядаўнія спробы прадказаць тэндэнцыі папуляцыі імператарскіх пінгвінаў на аснове прагнозаў страты марскога лёду намалявалі змрочную карціну. Згодна з прагнозамі, калі цяперашнія тэмпы глабальнага пацяплення захаваюцца, то больш за 90% калоній імператарскіх пінгвінаў вымруць да канца гэтага стагоддзя. 

У кастрычніку 2022 года Служба аховы рыбы і дзікай прыроды ЗША надала імператарскім пінгвінам федэральную абарону ў адпаведнасці з Законам аб знікаючых відах, распавядае Gizmodo. Страта марскога лёду таксама прывядзе да велізарных страт для іншых антарктычных відаў і планеты. А сам лёд Антарктыды адбівае сонечнае святло ад планеты, што дапамагае рэгуляваць глабальную тэмпературу — таму яго страта будзе толькі паскараць глабальнае пацяпленне, прыводзячы штогод да новых катаклізмаў.

Навукоўцы працягваюць біць трывогу, кажучы, што яшчэ можа быць час, каб выратаваць навакольнае асяроддзе Антарктыкі і абараніць уразлівыя віды жывёл. Толькі змяніўшы нашы глабальныя паводзіны ў забруджванні навакольнага асяроддзя і значна скараціўшы колькасць выкапнёвага паліва, якое мы выкарыстоўваем, мы можам змяніць змрочны лёс пінгвінаў і многіх іншых відаў, уключаючы нас саміх, кажуць даследчыкі.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Спыталі, я жывая ці не». Беларускі б’юць трывогу: ім тэлефануюць з міліцыі і распытваюць пра труп

«Спыталі, я жывая ці не». Беларускі б’юць трывогу: ім тэлефануюць з міліцыі і распытваюць пра труп

Усе навіны →
Усе навіны

Вайсковец адчытаў кіраўніка Пентагона Піта Хегсета за смех каля Магілы Невядомага салдата. Хегсет узнагародзіў яго ВІДЭА10

«Позву ў суд атрымала ў раддоме». Наста Дашкевіч пра роды падчас следства, суд з месячным дзіцем і каханне на адлегласці5

У Докшыцкім РАУСе загінуў чалавек6

Беларускі музей просіць дапамогі ў аднаўленні старадаўняга храма6

У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі59

Экскаватар ужо зносіць мінскую «Белую крэпасць» — адзіны прыватны дом сярод забудовы шматпавярховікаў ВІДЭА3

Прэс-сакратар Азарава, чыю машыну падарвалі ў Маскве, быў афіцэрам СЗР Расіі4

У сям'і Уладзіміра Пуціна з'явілася Меланія2

У Маскве, імаверна, узарвалі аўтамабіль прэс-сакратара былога прэм'ера Украіны Азарава2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Спыталі, я жывая ці не». Беларускі б’юць трывогу: ім тэлефануюць з міліцыі і распытваюць пра труп

«Спыталі, я жывая ці не». Беларускі б’юць трывогу: ім тэлефануюць з міліцыі і распытваюць пра труп

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць