Культура

Белаботы, расійскія лядовыя шоу і каты. Чым будуць забаўляць беларускіх дзяцей пад Новы год

Паглядзелі, якія мерапрыемствы прапаноўваюць дзецям на навагоднія святы і колькі каштуюць квіткі. 

Галоўная ёлка краіны

Па традыцыі кожны год у вялікай зале Палаца Рэспублікі праводзяць «галоўную ёлку краіны», куды прыходзіць Лукашэнка.

Сёлета яму пакажуць спектакль «Машына Навагодняга часу». Сюжэт не вельмі арыгінальны. Хітры злодзей Шнупс і яго памагатыя ламаюць машыну Навагодняга часу і хаваюць Дзядулю Мароза. Снягурка і яе сяброўка Міра звяртаюцца па дапамогу да трох супергерояў Белаботаў (так назвалі беларускіх трансформераў).

Паказваюць гэты спектакль з 23 снежня па 5 лютага. Квіткі каштуюць 15-25 рублёў у будні, 17-32 рублі ў выхадныя.

Галоўная ёлачка краіны

У малой зале Палаца Рэспублікі тэатральны праект «ТрыТфармаТ» пакажа казку «Вельмі новы год»! Пазначана, што рэжысёрка — Таццяна Самбук, а мастацкая кіраўніца — Вера Палякова.

Тут сюжэт яшчэ больш просты: замест Дзеда Мароза і Снягуркі на свята прыходзяць пераапранутыя баба Яга і Лясун.

Сказку будуць паказваць з 21 снежня па 7 студзеня. Кошт квіткоў — 15,50-23,50 рубля ў будныя дні і 17,50-28,50 рубля ў выхадныя.

«Самая лепшая ёлка. Касмічнае падарожжа»

Канцэртная зала «Мінск» абяцае падчас спектакля інтэрактыўныя гульні з залай, а таксама падарункі кожнаму дзіцяці. Дзеянне казкі «Самая лепшая ёлка. Касмічнае падарожжа» пачынаецца на планеце Тэхнасвет, дзе жывуць робаты. Яны атрымалі ад зямлян запрашэнне на навагодняе свята, аднак злыдзень Сірыус, даведаўшыся, што робаты збіраюцца ў падарожжа, усяляк гэтаму перашкаджае.

Фота: kvitki.by

Паказы спектакля адбудуцца з 23 па 29 снежня. Квіткі каштуюць 17.50-31.50 рублёў.

У госці да Дзеда Мароза па Дзіцячай чыгунцы

Першы «Навагодні экспрэс» на Дзіцячай чыгунцы стартуе ад станцыі Заслонава 23 снежня, а апошні адбудзецца 7 студзеня. Шлях у адзін бок да Дзеда Мароза займае 20 хвілін. Потым маленькіх і дарослых чакае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам персанажаў з дзіцячых казак і мультфільмаў, а таксама Дзеда Мароза і Снягуркі.

Квіткі раскупляюць вельмі хутка: продаж стартаваў 12 снежня. Каштуюць яны 26 рублёў.

Фота: kvitki.by

«Марозка» ад Іллі Авербуха

Срэбны прызёр Алімпіяды Ілля Авербух, які неаднаразова выказваўся ў падтрымку вайны ва Украіне (і, дарэчы, мае школу ў акупаваным Крыме), плануе тройчы сабраць на навагоднія святы «Мінск-Арэну».

Ён вязе ў беларускую сталіцу спектакль на лёдзе «Марозка». У рэкламе шоу Авербух кажа пра тое, што рускія казкі вучаць дзяцей вечным каштоўнасцям — дабру і справядлівасці.

Шоу пакажуць 23 снежня ажно тры разы запар. Квіткі каштуюць 25-95 рублёў.

«12 месяцаў» у розных гарадах Беларусі

Яшчэ адна алімпійская прызёрка з Расіі правязе сваё лядовае шоу па розных гарадах Беларусі. Ірына Слуцкая прэзентуе «12 месяцаў» у перыяд з 21 па 30 снежня. Гэта касцюміраванае музычнае лядовае шоу.

Кошт квіткоў залежыць ад месца правядзення. Але арыентавацца можна на суму ад 13 да 49 рублёў.

Фота: kvitki.by

«Снягурка» ў Белдзяржцырку

Адзін з найбольш папулярных варыянтаў дзіцячых навагодніх забаў для дзяцей з розных гарадоў Беларусі — гэта шоу ў Белдзяржцырку. Таму на шмат якія даты ўжо засталося літаральна адзін-два квіткі.

Навагоднюю цыркавую праграму «Снягурка» будуць паказваць з 16 снежня па 14 студзеня. Квіткі каштуюць 13-153 рублі.

«Магія крышталя» ў «Чыжоўка-Арэне»

Яшчэ адно цыркавое шоу пакажуць у «Чыжоўка-Арэне». Называецца яно «Магія крышталя». Арганізатары абяцаюць выступы найлепшых беларускіх артыстаў.

Будуць каскадзёры на веласіпедах, паветраныя гімнасткі на палотнах, дрэсіраваныя хаскі і маламуты, эквілібрысты, жанглёры. Упершыню на арэне гледачы ўбачаць выступленне мотакаскадзёраў на спартыўных байках.

Паказы адбудуцца 22-24 снежня. Квіткі каштуюць 16,50-54,50 рубля. Дзеці да шасці гадоў могуць прыходзіць бясплатна (але асобнага месца ў гэтым выпадку не прадугледжана).

Коннае навагодняе шоу ў Ратамцы

У гэтым годзе гасцей запрашае Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі. Тут падрыхтавалі коннае шоу пад назвай «Брэменскія музыкі».

Адбудзецца яно 23-25 і 27-28 снежня. Квіткі каштуюць 23 рублі.

Фота: kvitki.by

Мульцяшныя саўндтрэкі на «Мінск-Арэне»

Imperial Orchestra вяртаецца ў Мінск з навагодняй праграмай для дзяцей і дарослых. Завецца яна «Навагодняе падарожжа ў Мультыленд». Абяцаюць дзве гадзіны песень з любімых мультфільмаў, якія выканаюць 120 артыстаў пад кіраўніцтвам дырыжёра Іосіфа Нурдаева. Запланавана таксама маштабнае мультымедыйнае і светлавое шоу.

Адбудзецца канцэрт «CINEMA MEDLEY: Навагодняе падарожжа ў Мультыленд» на «Мінск-Арэне» 13 студзеня. Квіткі каштуюць 32-225 рублёў.

Тэатр котак

На студзень запланаваны выступ Кацярыны Куклачовай, дочкі таго самага знакамітага стваральніка тэатра котак. У сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў яна пакажа спектакль «Коткі ў гасцях у Бабкі-Ёжкі».

Фота з сайту kvitki.by

Адбудуцца паказы 6 і 7 студзеня. Квіткі каштуюць 29-38 рублёў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба беларускі, якая загінула ў Батумі. Разам з ёй у перакуленым мікрааўтобусе была дачка4

Стала вядомая асоба беларускі, якая загінула ў Батумі. Разам з ёй у перакуленым мікрааўтобусе была дачка

Усе навіны →
Усе навіны

Літоўскі блогер паскардзіўся, што «Наша Ніва» няправільна пераказала яго дыялог са Спарышам. Камісія па этыцы стала на бок «НН»16

Пункт «Кузніца» на польска-беларускай мяжы падключылі да новай хуткаснай дарогі6

Раскрытыя падрабязнасці забойства ва Ушачах нованароджанага дзіцяці

Вынеслі прысуд 54 абвінавачаным па справе махлярскіх кол-цэнтраў3

Львоўскі: Лугіной было б добра жыць пару стагоддзяў таму, калі было модна скардзіцца на сялян8

Apple вярнула статус самай дарагой кампаніі свету1

Ва Уроцлаве затрымалі двух нападнікаў, што жорстка збілі ўкраінскую пару. Што за яны40

Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты ўпершыню істотна ўпалі ЛІЧБЫ3

Статкевіч: У 1917 годзе прынцып «Война до победного канца» ўжо прывёў Расію да нацыянальнай катастрофы39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба беларускі, якая загінула ў Батумі. Разам з ёй у перакуленым мікрааўтобусе была дачка4

Стала вядомая асоба беларускі, якая загінула ў Батумі. Разам з ёй у перакуленым мікрааўтобусе была дачка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць