Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка цяпер балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Паставах. З гэтай нагоды ён падаў даныя аб даходах і маёмасці, якую надрукавала газета «Витебские вести» ў нумары за 2 лютага, піша «Люстэрка». З гэтай дэкларацыі можна даведацца, які на гэтай высокай пасадзе афіцыйны заробак.

Кандыдаты ў дэпутаты даюць справаздачу за даходы 2022 года (падатковыя дэкларацыі за мінулы год будуць падавацца ў сакавіку).
У дэкларацыі аб даходах і маёмасці Ігара Сергеенкі за 2022 год значыцца кватэра ў Мінску плошчай 101,6 кв.м, а таксама даход у памеры 172 503 рублёў. З іх 44 553 рублі — ад продажу зямельнага ўчастка.
Згодна з артыкулам 17 закона «Аб барацьбе з карупцыяй», дзяржслужачыя не маюць права працаваць на іншых аплатных пасадах (выключэнне — навуковая, педагагічная, культурная, творчая і медыцынская дзейнасць). А значыць, калі з названай сумы адняць даход ад продажу ўчастка, то рэшта і ёсць гадавы заробак чыноўніка.
У 2022 годзе ён быў роўны 127 950 рублям (паводле тагачаснага курсу каля 48 835 даляраў), ці 10 663 рублям (каля 4070 даляраў) у месяц. Для параўнання, сярэдні налічаны заробак у Беларусі за 2022 год склаў 1631 рубель (каля 622 даляраў), а пасля вылічэння падаткаў на рукі атрымлівалася каля 1403 рублёў (каля 535 даляраў).
Выходзіць, што ў 2022 годзе топавы чыноўнік зарабляў у 7,6 разу больш, чым сярэдні беларус.
Сергеенка займае пасаду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі з 2019 года. Да гэтага ён працаваў першым намеснікам старшыні КДБ. У выпадку абрання дэпутатам Сергеенка павінен будзе пакінуць адміністрацыю.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары