Грамадства33

«Вярнулася з Вільні, і назаўтра прыйшлі з КДБ». Гісторыя 73-гадовай мамы Іллі Міронава, якой на старасці гадоў прыйшлося ўцякаць за мяжу

Валянціну Міронаву следчыя абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмізму». Гэтак яны трактавалі дапамогу пенсіянеркі знаёмым у СІЗА, піша Радыё Свабода.

Валянціна Міронава мае двух дарослых сыноў. Адзін з іх — вядомы гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Пасля турэмнага тэрміну і шматлікіх «сутак» Ілля мусіў уцякаць за мяжу. Калі актывіст ужо быў у Вільні, на яго завялі шэраг чарговых крымінальных спраў. Маці таксама не давалі супакою. Рэгулярна прыходзілі міліцыянты з Савецкага РАУС Гомеля, дапытвалі яе як «сведку» ў справе сына, рабілі ператрусы, забіралі тэхніку і тэлефоны.

«Усё пыталіся, мо прыехаў сын. Я адказвала, што катэгарычна забараніла яму ехаць сюды, нават калі я памру. «Але як я не маю больш у Гомелі блізкіх, то запрашаю вас усіх, калі што, на маё пахаванне«, — так я сказала міліцыянтам», — успамінае Валянціна.

У міліцыянтаў былі прэтэнзіі і да яе — у тэлефоне шукалі падпіскі ці перапіскі з «экстрэмізмам». Некалькі разоў Валянціна трапляла ў ізалятар часовага ўтрымання, мела суды і штрафы і бясконцую ўвагу ад міліцыі. 22 студзеня яна вярнулася з Вільні, дзе наведвала сына. Назаўтра па яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ.

Атрыманне прадуктаў, падтрымка знаёмых у СІЗА

Валянціна кажа, што да яе прыйшлі недзе а 7-й раніцы. Гэта былі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. «Цэлы натоўп быў», — расказвае суразмоўца.

«Асабліва нічога не шукалі, ды ўжо ж колькі можна шукаць, колькі было ператрусаў! Знайшлі і забралі ўсе мае сродкі — 1200 даляраў. Я кажу, што я «чыстая« перад законам, што гэта грошы ад продажу дома, што ўсё магу паказаць на рахунках банку», — расказвае Валянціна.

Пытанні супрацоўнікаў КДБ тычыліся ініцыятывы Dissidenty.by, якая дапамагае палітзняволеным. Пыталіся і канкрэтна пра адну з арганізатарак ініцыятывы, Марыну Касінераву. «Я недзе чула такое прозвішча, недзе ў СМІ, але асабіста не знаёмая, так і сказала ім», — зазначыла Валянціна.

Яна кажа, што супрацоўнікі КДБ былі добра падрыхтаваныя да допыту, мелі шмат якой інфармацыі, датычнай рахункаў Валянціны ў банках, пераводаў і іншага. На допыце пыталіся, чаму яна насіла перадачы ў СІЗА для Дзмітрыя Папова (фігурант «справы Ціханоўскага», атрымаў на судзе 16 гадоў зняволення. — РС), чаму паклала на рахунак Ларысы Шчыраковай (палітзняволеная гомельская журналістка. — РС) 5 рублёў на яе дзень народзінаў, чаму перавяла 30 рублёў для Андрэя Толчына (зняволены гомельскі журналіст. — РС).

«Бо гэта мае знаёмыя, таму я так зрабіла», — тлумачыць Валянціна.

Таксама супрацоўнікаў КДБ хвалявала, чаму яна перадавала перадачу ў СІЗА палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк. Валянціна кажа, што чытала пра яе ў СМІ, яе кранула гісторыя зняволенай, было шкада чалавека, таму і занесла перадачу ў турму.

Распытвалі сілавікі і пра харчы, якія Валянціна атрымлівала праз сэрвіс «Едастаўкі». Па словах жанчыны, супрацоўнік КДБ заявіў, што аплата была з ЗША, Літвы і Польшчы.

«Я патлумачыла, што адзін мой сын жыве ў Польшчы, ён мне прапанаваў аплачваць прадукты, каб дапамагаць мне. Я пагадзілася. Чаму аплаты былі з ЗША, я не ведаю, гэтым усім сын займаўся», — зазначыла беларуска.

Па словах Валянціны, допыт цягнуўся да 19:00 23 студзеня. Гэта было ў будынку Савецкага РАУС Гомля. Там жа міліцыянты «знянацку» знайшлі ў тэлефоне жанчыны падпіску на групу «Стоп Лука». Яна кажа, што чысціла свой тэлефон, не мела там «экстрэмізму» і не падпісвалася на такую групу. Але даказаць у міліцыі гэта складана. На яе напісалі пратакол за «экстрэмізм» і хацелі адвезці ў ІЧУ.

«Ужо пачалі казаць, каб здымала ўпрыгажэнні, але той супрацоўнік КДБ чамусьці «заступіўся», «замовіў слова», як ён мне казаў, і мяне адпусцілі», — дадала Валянціна.

«Няхай будзе, што будзе»

На суд паводле адміністрацыйнага пратаколу за «экстрэмізм» Валянціна мусіла з'явіцца 2 лютага.

«Казала знаёмым, што ўпаду там на падлогу і буду крычаць, што я не падпісвалася на «Стоп Лука». Але, зразумела, гэта такія змрочныя жарты, бо што б гэта дало, і хто б мяне?» — кажа Валянціна Міронава.

29 студзеня яе выклікалі ў Следчы камітэт на вуліцы Рабочай у Гомелі.

Там далі азнаёміцца з пастановай, што яна цяпер падазраваная ў крымінальнай справе за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, частка 2 артыкула 361-4 КК, і ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Там жа мусіла даць падпіску аб нявыездзе.

«Зноў пыталіся пра «Дысідэнты», пра INeedHelp, але я нічога не ведаю, што я магу расказаць?» — гаворыць суразмоўца.

Па словах Валянціны Міронавай, нават атрымаўшы пастанову, яна не хацела выязджаць з Беларусі, хоць яе аб гэтым і прасілі сябры.

«Я вырашыла, што няхай будзе, што будзе. Нікуды не паеду, бо гэта ж квіток у адзін бок! Я казала, што я не хачу паміраць на чужыне. А знаёмы сказаў, што лепш памерці на свабодзе, чым у турме», — кажа Валянціна.

Рашэнне жанчына ў выніку змяніла, выехаць з Беларусі дапамаглі неабыякавыя людзі. Валянціна кажа, што яны спачатку дазволілі ёй ехаць з вялікім чамаданам, потым сказалі, што трэба меншы, затым параілі браць маленькі заплечнік. Эвакуацыяй займаўся фонд «Байсол».

«Я ім вельмі ўдзячная! Я не магу сказаць, дзе і як я ехала, але яны проста вялі мяне за руку на ўсім маім шляху. Мае сябры жартавалі: «Дзе б ты спазнала такіх прыгод і такога падарожжа?»

Мне ўсім дапамаглі на ўсім шляху людзі з «Байсол». Адзінае, што мне было цяжка, — я не надта разбіраюся ў тэлефоне, у аплікацыях розных, але мне дапамагалі, выбралася», — дзеліцца суразмоўца.

У дарозе яна выпадкова сустрэлася з маладым беларусам, які таксама ўцякаў з радзімы.

«Нездарма ён мне адразу спадабаўся. Калі мы прайшлі, так скажам, розныя выпрабаванні, ён мне сказаў: «не бойцеся, усё засталося ззаду», і толькі тады мы разгаварыліся і я зразумела, што ён таксама ўцякае з Беларусі», — кажа Валянціна.

Цяпер яна ў Літве, побач з сынам Іллём, пачынае жыццё з нуля. Апошнія грошы забралі супрацоўнікі КДБ. «Але я ні пра што не шкадую. Я рабіла тое, што было ў маіх сілах, я старалася дапамагаць людзям», — дадала Валянціна.

Каментары3

  • Жорж Стоматолог
    14.02.2024
    Мрази. Забрали несчастные 1200 долларов. Скорее бы сдох таракан.
  • FJB
    14.02.2024
    Удачи вам. 
  • Ілля Міронаў
    15.02.2024
    Вялікі дзякуй мая любімая маці за ўсё, што ты мне дала, за тваю мужнасць, сумленнасць!! Ты лепшая!

Цяпер чытаюць

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі13

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Праз 20 гадоў тралейбусы вернуцца яшчэ на адзін участак мінскага праспекта Незалежнасці4

У розных кутках Беларусі назіралі сонечнае зацьменне ФОТЫ

Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам1

Стала вядома, які прысуд вынеслі ва Украіне беларускаму добраахвотніку, арыштаванаму за наркотыкі5

ЗША папрасілі Украіну даць спакой танкерам у Новарасійску4

Паміж Мінскам і Лідай запусцілі пацібасы6

Спецыялісты патлумачылі, чаму дзікім коням было так мёдам намазана на аўтобусным прыпынку ў Валожынскім раёне4

Стартавала галасаванне за птушку Беларусі 2027 года4

У небе пад Мінскам заўважылі шквальны каўнер ФОТЫ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі13

У Севастопалі ўзарвалі былога камандзіра ўкраінскай падлодкі, які перайшоў на бок Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць