«Беларусам пашанцавала — яны могуць цяпер атрымліваць звышдаходы». А ў чым падвох?
Што адбываецца з эканомікай у Беларусі і ў чым лепш захоўваць грошы?

На адно працоўнае месца цяпер прыпадае менш за аднаго кандыдата. А рэальнае беспрацоўе дасягнула шматгадовага мінімуму ў 3%.
Доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі на канферэнцыі «Новая Беларусь» патлумачыў, што прычынай таму два трэнды: дэмаграфічны спад і масавая эміграцыя пасля выбараў 2020-га і вайны 2022 года.
У апытаннях бізнэс сваёй галоўнай праблемай называе недахоп работнікаў.
«Даводзіцца браць кадры, якія ёсць, па больш высокім заробку», — адзначае эканаміст.
На недахоп людзей урад рэагуе адміністрацыйнымі метадамі — спрабуе замацаваць работнікаў у дзяржаўным сектары. Гэта значыць, што ў прыватным бізнэсе будзе яшчэ большы дэфіцыт кадраў.

Эканаміст адзначае, што рэальныя даходы з 2021 года з улікам інфляцыі выраслі на 16-17%, за гэты год — на 10-12%.
«З аднаго боку, беларусам пашанцавала — яны могуць атрымліваць гэтыя звышдаходы. Яны растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы, чым ВУП агулам», — кажа Львоўскі.
Гэта стымулюе спажывецкі бум і сведчыць аб перагрэве эканомікі.
«Людзі больш спажываюць, і ёсць сур'ёзная праблема са зберажэннямі, якасць якіх заўсёды была невысокая, бо ніколі не быў развіты інвестыцыйны рынак.
Але сёння становішча стала яшчэ горшым: даляры зберагаць у банку практычна немагчыма, пад падушкай складана. На гэтым фоне назіраецца бум набыцця нерухомасці — усё ўкладаецца ў бетон».
Беларусы, заўважае Львоўскі, рэдка сутыкаліся з тым, як таннее нерухомасць. Але ў будучым гэтыя кватэры могуць аказацца нікому не патрэбнымі праз змяншэнне колькасці насельніцтва. У выніку цэны могуць упасці.
Эксперт звяртае ўвагу на тое, як змяняюцца нашы пакупкі з ростам даходаў.
«Калі беларусы пачынаюць багацець, яны спачатку пачынаюць больш спажываць звычайных тавараў. З нейкага моманту яны пераключаюцца на замежныя. І гэта з'яўляецца фактарам, што будзе ціснуць на бягучы баланс і абменны курс», — тлумачыць эканаміст.
Ва ўмовах татальнага кантролю цэн рост заробкаў, на погляд Львоўскага, — галоўны фактар будучых негатыўных наступстваў. У выніку на фоне агульнага росту вытворчасці ў прадпрыемстваў падае прыбытак, яны пачынаюць «праядаць» абаротныя сродкі. Па афіцыйных звестках, каля 30% прадпрыемстваў цяпер працуе без абаротнага капіталу. У будучым гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў, аж да банкруцтваў.
«Трэба разумець, што праблемы з прыбыткам, тое, што прадпрыемствы не могуць павышаць цэны, не размазаны тонкім слоем па ўсёй эканоміцы. Яны асабліва сканцэнтраваныя ў некаторых галінах, у якіх ніяк нельга дыверсіфікавацца. Гэта прывядзе да таго, што банкруціцца будуць ланцужкамі цэлыя падындустрыі», — папярэджвае эканаміст і заўважае, што крызіс можа абмінуць, калі будзе своечасова адменена сістэма кантролю цэн.
«Гэта такі штучны крызісны момант, які ствараецца рукамі дзяржавы. І пытанне, ці паспее яна заўважыць, калі ўсё будзе падыходзіць да краю», — гаворыць Львоўскі.
Як захоўваць грошы?
Ва ўдзельнікаў дыскусіі па эканоміцы на канферэнцыі спыталі, як яны раяць захоўваць зберажэнні.
Леў Львоўскі параіў захоўваць грошы ў інструментах, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй Беларусі. А калі такой магчымасці няма? «Сфарміраваць збалансаваны кошык з дадаткам садавіны», — пажартаваў Львоўскі.
Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч падтрымаў ідэю і параіў ні ў якім разе не захоўваць зберажэнні ў беларускіх рублях.
Журналістка Вольга Лойка лічыць, што калі ёсць лішнія грошы, то варта ўкладваць іх у сябе:
«Навучыцеся чаму-небудзь, скончыце курсы танцаў, спеваў, вышыўкі, вывучыце англійскую ці кітайскую».
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары