За апошнія 48 гадзін Ізраіль нанёс каля 250 авіяўдараў па сірыйскай тэрыторыі з мэтай знішчэння ваеннага патэнцыялу зрынутага рэжыму, паведамляе Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (SOHR).

«Ізраіль знішчыў найважнейшыя вайсковыя аб'екты ў Сірыі, уключаючы сірыйскія аэрадромы і склады на іх, авіяцыйныя эскадрыллі, радары, ваенныя станцыі сувязі і мноства складоў зброі і боепрыпасаў у розных месцах у большасці сірыйскіх правінцый», — гаворыцца ў заяве арганізацыі, якая базуецца ў Брытаніі.
У прыватнасці, недалёка ад Латакіі Ізраіль нанёс удар па аб'екце СПА і пашкодзіў караблі сірыйскіх ВМС, а таксама ваенныя склады.
У Дамаску і яго наваколлях удары былі нанесены па ваенных аб'ектах, даследчых цэнтрах і кіраванні радыёэлектроннай барацьбы.
Ізраіль паведамляе, што пасля падзення рэжыму Асадаў яго дзеянні накіраваныя на «прадухіленне трапляння зброі ў рукі экстрэмістаў».
ЦАХАЛ пашырыў наземную аперацыю — раней Армія абароны Ізраілю захапіла сірыйскую частку Галанскіх вышынь, але не спыніліся пасля гэтага. Паведамляецца, што яны ўжо дасягнулі прадмесцяў Дамаска.
Ізраільскія танкі прасунуліся за межы буфернай зоны і дыслакаваліся каля паселішча Катана на поўдні Сірыі, перадае ліванскі тэлеканал Al Mayadeen. Населены пункт знаходзіцца за 21 км ад Дамаска.
Ізраіль у заяве для Савета бяспекі ААН паведаміў, што «прыняў абмежаваныя і часовыя меры для супрацьдзеяння пагрозам», але «не ўмешваецца ў канфлікт паміж сірыйскімі ўзброенымі групоўкамі, які працягваецца».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары