Гэта сітуацыя можа стаць небяспечнай для беларускага рубля. А прарыву ў гэтым годзе не чакаецца.
Па выніках 2024 года імпарт тавараў і паслуг у Беларусь перавысіў іх экспарт на 1,3 млрд даляраў, хоць у 2023-м краіне ўдалося больш прадаць за мяжу, чым закупіць для ўнутранага рынку. «Наша Ніва» спытала ў эканаміста, чаму так адбылося і якія рызыкі гэта нясе для насельніцтва.

Экспарт паслуг не выратаваў
Традыцыйна ў Беларусі больш імпартавалі тавараў, чым прадавалі за мяжу, а з паслугамі — наадварот, што ў некаторыя гады дазваляла мець станоўчае сальда ў знешнім гандлі (у 2023-м яно складала 246 мільёнаў даляраў).
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што ў 2024 годзе паслугі паказалі добры прырост.
«Калі ў 2023 годзе дабавачнае сальда па паслугах склала 2,74 млрд, то па выніках 2024 года яно вырасла да 3,4 млрд. Такім чынам гадавы прырост па паслугах склаў 22%.
Па таварах у нас заўсёды баланс адмоўны, але ў мінулым годзе сітуацыя пагоршылася і нават значны прырост па паслугах не змог збалансаваць агульны паказчык», — адзначае эксперт.
Калі ў 2023 годзе мінус па таварах быў на ўзроўні 2,5 млрд, то па выніку 2024-га — ужо мінус 4,7 млрд.
«І што цікава, адмоўныя тэндэнцыі ўзмацніліся менавіта ў снежні мінулага года. Калі параўноўваць перыяды са студзеня па лістапад, то мы мелі мінус 3,7 млрд па таварах. За снежань адмоўнае сальда павялічылася адразу на мільярд», — звяртае ўвагу Лузгіна.
Чаму так адбылося?
Эксперт бачыць у гэтым некалькі асноўных прычын. На такое рэзкае пагаршэнне маглі паўплываць як новыя санкцыі, так і ўзрослыя складанасці з экспартам на расійскі рынак.
«У снежні знізіўся ў гадавым вымярэнні прырост экспарту тавараў, а імпарт рос, паколькі перад навагоднімі святамі попыт унутры краіны павышаецца.
У цэлым прырост імпарту тавараў у 2024 годзе склаў +6,3% у параўнанні з 2023 годам, а па экспарце ўсяго 1,2%.
Тут можна казаць пра тое, што на экспарт у 2024 годзе негатыўны ўплыў аказалі санкцыі з боку Захаду, а таксама нізкія цэны на тыя ж калійныя ўгнаенні.
Акрамя гэтага варта адзначыць, што беларускай прадукцыі становіцца ўсё больш складана ўтрымлівацца на расійскім рынку, дзе расце канкурэнцыя з боку ўсходніх краін. Да таго ж летась пачаўся працэс запаволенне расійскай эканомікі», — кажа Лузгіна.
Курс рубля можа апынуцца пад ударам
Гаворачы аб перспектывах на гэты год, асноўным выклікам для беларускай эканомікі эксперт бачыць праблемы ў эканоміцы Расіі.
«Эканоміка РФ запавольваецца, і гэты працэс будзе выяўляцца хутчэй за ўсё на працягу года. Попыт у тым ліку і на беларускія тавары адпаведна будзе не так дынамічна расці, як годам раней».
Сітуацыя ў эканоміцы, калі краіна мае адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, патэнцыйна небяспечная для нацыянальнай валюты, хоць пакуль такой тэндэнцыі не назіраецца.

«На бягучы момант гэта не аказвае негатыўнага ўплыву на валюту толькі таму, што, нягледзячы на адмоўнае сальда, маюцца іншыя крыніцы, дзякуючы якім задавальняецца попыт. Адной з такіх відавочных крыніц ёсць продаж валюты насельніцтвам.
Але наколькі актыўна насельніцтва зможа прадаваць валюту сёлета — невядома. Таму адмоўнае сальда будзе заставацца фактарам рызыкі для курсу беларускага рубля», — лічыць эксперт.
Каментары