«Адсвяткаваць пачатак новага жыцця». Былыя палітвязні пра пачуцці і каханне
Як бы хто ні ставіўся да святкавання Дня закаханых, ўпэўненыя: гэта добрая нагода распавесці гісторыі кахання людзей, якія прайшлі праз ціск, роспач, няволю, выпрабаванне часам, але вытрывалі. «Белсат» сабраў гісторыі кахання беларускіх палітвязняў.

1 лютага сталася вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк на волі. Ейнае вызваленне праз чатыры гады і адзін месяц за кратамі было доўгачаканым момантам для сям'і і ўсіх вольных беларусаў. За гэты час яна перажыла не толькі несправядлівае зняволенне, але і шматразовыя новыя пакаранні за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.
Гады ў няволі адабралі ў Паліны галоўнае — магчымасць быць з сям'ёю. На свабодзе жанчыну чакаў муж Андрэй, які гэтыя чатыры гады гадаваў сыноў Славаміра і Стаса ды змагаўся за сваю сям’ю. Андрэй падзяліўся з «Белсатам» іхнай гісторыяй кахання.
«Застацца мужчыну з дваімі дзецьмі — вельмі складаная задача, — прызнаецца Андрэй. — Але калі твой самы дарагі чалавек сядзіць у турме, а фактычна — у закладніках, і калі адначасова ты нясеш адказнасць за дзяцей, ты мусіш рабіць усё магчымае».
Андрэй узяў на сябе ўсе ролі: бацькі, маці, настаўніка, псіхолага. Ён успамінае, як спрабаваў гатаваць стравы, якія любілі дзеці і якія звычайна гатавала Паліна, як стараўся падтрымліваць у доме парадак:
«Паліна вельмі патрабавальная да чысціні. У яе заўсёды ідэальны парадак. Я спрабаваў трымаць узровень, які яна задала. Хацелася, каб хоць нешта ў жыцці дзяцей не змянялася».
Дзеці цяжка перажывалі адсутнасць маці. Малодшаму, Стасу, на момант ейнага арышту было ўсяго чатыры гады. Сынам давялося не толькі прыстасоўвацца да жыцця без мамы, але і адаптавацца да новай краіны, мовы, атачэння. Андрэй прызнаецца, што ўдавалася не ўсё, але ён стараўся:
«Не ведаю, ці спрацаваў я на пяцёрку, але, спадзяюся, хоць на добрую чацвёрку. Мы перажылі гэта разам».
Мужчына прызнаецца, што часам пераймаўся: а раптам Паліна выйдзе з турмы іншым чалавекам? Раптам давядзецца знаёміцца наноў?
«Але між намі была нейкая неймаверная сувязь. Нават калі не было магчымасці перадаць ёй нейкія словы праз адвакатаў, я адчуваў, калі з ёй нешта адбываецца. Нейкім неймаверным чынам гэта працуе на ўзроўні падсвядомасці».
Андрэй узгадвае гісторыю свайго знаёмства з Палінай ды іхнага кахання:
«Яно, дарэчы, і пачалося з барацьбы. Мы пазнаёміліся ў «Маладым фронце». Паліна была ўжо актыўнай лідаркай, а я прыйшоў маладым юнаком. Гэта не было каханнем з першага погляду. Мы шмат адно да аднаго прыглядаліся, сябравалі гадоў сем, хадзілі разам у паходы, абмяркоўвалі жыццё, разам перажывалі за лёс Беларусі. А цяпер перажылі яшчэ і ўсё тое, што з намі здарылася. Усёй сям'ёй».
Калі Паліна і Андрэй нарэшце сустрэліся, усе страхі зніклі. Перад Андрэем была ягоная Паліна:
«Яна ўсё тая ж: мілая, мужная, прыгожая ва ўсіх сэнсах. Чалавек, якога я кахаў і кахаю. Нібыта і не развітваліся. Цяпер нас яднаюць і пачуцці, і нашыя дзеці, і выпрабаванні, і любоў да Беларусі. Сям’я — галоўнае, што ёсць у нашым жыцці».
Так сталася, што за чатыры гады выпрабаванняў у абаіх згубіліся шлюбныя пярсцёнкі.
«Мой пярсцёнак літаральна зрэзалі з пальца падчас аднаго з адміністратыўных арыштаў: ён не здымаўся, і яны проста перакусілі яго адмысловымі кусачкамі. Паспрабаваў яго аднавіць, але пачатковы выгляд ён усё роўна страціў, — кажа Андрэй. — Пярсцёнак Паліны таксама сапсаваны, праз перасоўванні паміж турмамі і калоніямі ён таксама выглядае кепска. Нават каменьчыкі павымалі з яго».
Найбліжэйшым часам у планах сямейнай пары набыць новыя заручальныя пярсцёнкі, згуляць новае вяселле і адсвяткаваць пачатак новага жыцця.
«Пакуль не прызвычаілася думаць пра асабістае»
Рэдактарку шэрагу Telegram-каналаў, у тым ліку папулярнага «Мая краіна Беларусь», Ірыну Шчасную затрымалі ў лістападзе 2020 года — проста на вачах у ейнага дзесяцігадовага сына. На волю яна выйшла толькі ў чэрвені 2024-га.
«Калі я была ў гэтай катавальні, напярэдадні 14 лютага пісала лісты. Там я разважала пра гэтае свята не як пра дзень кахання адной асобы да іншай. Я ўвогуле пачала разумець каханне як сусветную з’яву. Калі ты ў ізаляцыі, усведамляеш, што гэта. Сумуеш па родных, сябрах, бацьках, сям’і, па краявідах, людзях, якія падтрымліваюць. Каханне — гэта тое, што жыве ў нашым сэрцы і дапамагае заставацца людзьмі нават у самых складаных умовах», — разважае Ірына.

Ліставанне з мужам і сынам было для яе ўскладненае тысячамі кіламетраў, бо абодва былі за мяжой Беларусі і наноў будавалі жыццё. Прывітанні ад іх Іры перадавалі ў асноўным бацькі.
«З сынам я магла крыху размаўляць праз відэасувязь, але гэта былі вельмі кароткія і асцярожныя размовы, бо ўсе разумелі, што падчас нашай размовы супрацоўнік калоніі слухае літаральна кожнае слова. Але я ўсё бачыла ў ягоных вачах — мы абое вельмі сумавалі», — узгадвае яна.
Ірына дадае, што падтрымка была з ёй усе гэтыя гады: ніводзін сябар за час зняволення ад яе не адвярнуўся.
На пытанне, што яна адчула пасля вызвалення, Ірына адказвае:
«Мы ўсе змяніліся за гэты час. Няма такога адчування, што развіталіся толькі нядаўна. Я змянілася, муж змяніўся, мой сын зрабіўся падлеткам. Гэта ўжо амаль дарослы чалавек — з іншым досведам і светапоглядам. І цяпер мы ўсёй сям’ёй нібыта зноў прыглядаемся адно да аднаго, зноў будуем нашыя адносіны».

Рамантычных планаў на Дзень закаханых у Ірыны няма.
«Чорная навала, якая накрыла і Беларусь, і Украіну, нібы адштурхнула ўсё асабістае і рамантычнае. Мы пачалі разважаць іншымі катэгорыямі. Дый, калі шчыра, я пакуль не прызвычаілася думаць пра ўласнае шчасце. Адзіныя планы — пабыць побач з сям’ёй. А ў думках — як дапамагчы тым, каму цяпер гэта вельмі патрэбна».
«Былі затрыманыя разам і выйшлі ў адзін дзень»
Заснавальнікаў фолк-гурта «Irdorath» Надзею і Уладзіміра Калачоў затрымалі 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Менскам разам з яшчэ чатырнаццаццю асобамі, якія адзначалі дзень народзінаў Надзеі. За тое, што ў 2020 годзе музыкі гралі на валынках на акцыях пратэсту, у снежні 2021-га іх засудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, кожны прабыў у зняволенні два года.

«Першы час пасля затрымання быў жорсткі інфармацыйны вакуум. Страшэнна перажываў, што з Надзяй, што з ёй могуць там рабіць, які тэрмін дадуць, — узгадвае Уладзімір. — Вестку ад яе атрымаў праз некалькі тыдняў, калі да мяне прыйшоў адвакат. Распавёў, што з ёй усё нармальна, наколькі гэта магчыма ў тых умовах, вядома ж. Зрабілася трохі лягчэй, але думак было мільён. Не ведаў, пра што яна думае, што будзе з намі і нашымі пачуццямі, кім мы сустрэнемся пасля ўсяго гэтага, як адбудзецца гэтая сустрэча…»
З Надзеяй было прыкладна тое самае:
«Калі ты ў зняволенні, адбываецца пераацэнка літаральна ўсяго. Ты разумееш, што дзевяноста дзевяць адсоткаў таго, пра што перажываў раней, — гэта ўсё пыл. Адзінае, пра што я сапраўды хвалявалася, — блізкія людзі, Вова, нашае каханне, музыка і здароўе».
Раз на некалькі тыдняў праз розных людзей пара магла абменьвацца кароткімі навінамі. І толькі праз год зняволення, калі абое апынуліся ў калоніі, ім дазволілі ліставанне.
«Калі я прачытаў першы ліст ад Надзі, нават нягледзячы на тое, што ён прайшоў некалькі ўзроўняў цэнзуры, зразумеў, што мы думаем аб адных і тых жа рэчах, мы жывыя, мы разам і зняволенне нас не разлучыць. Фантастыка, але мы адчувалі адно аднаго», — кажа Уладзімір.
З абаімі ў зняволенні адбываліся амаль містычныя рэчы. Як высветлілася, пара амаль адначасова пачала вучыць нямецкую мову, чыталі адныя і тыя ж кнігі. А ў лістах, праз завуаляваныя фразы і знакі, маглі нават абмяркоўваць сваю будучыню.
«За час зняволення ў нас нават рамантычная гісторыя была, — расказвае Надзя. — На Валадарцы двор для прагулак заўсёды мяняецца: адным днём у адным двары могуць шпацыраваць мужчыны, другім — жанчыны. Калі мы гэта зразумелі, то, нягледзячы на страх быць пакаранымі, прыдумалі тайную сувязь: пакуль нехта з сукамернікаў прыкрываў нас ад наглядчыкаў, мы абпаленымі запалкамі пакідалі адно аднаму знакі. Напрыклад, піктаграму валынкі і фразу «Bella ciao». На ўсё гэта некалькі секундаў, інакш маглі выкрыць».
Тайная сувязь ператварылася ў сапраўдны квэст. На кожнай прагулцы амаль уся камера шукала таемныя знакі Надзі і Вовы.
«Калі я ўпершыню ўбачыў адказ Надзі, я стаяў, як зачараваны. Быў самым шчаслівым чалавекам», — з усмешкай узгадвае Уладзімір.
На волю Надзея і Уладзімір выйшлі ў адзін дзень з розніцай у некалькі гадзінаў. Сустрэліся на нейтральнай тэрыторыі. Пакуль Надзя была ў дарозе, Уладзіміру прывезлі галоўныя «прылады» іхнага супольнага злачынства — валынкі.
«Калі Надзя выходзіла з машыны, я граў нашу «Bella ciao». Мы ўбачыліся, абняліся, паглядзелі адно аднаму ў вочы і зразумелі ўсё без словаў, а ўжо праз пяць хвілінаў разам гралі на возеры», — узгадвае Уладзімір.
Сёння Надзя і Вова жывуць у вымушанай эміграцыі. Цяжкасцяў шмат, але за шаснаццаць гадоў разам пара навучылася спраўляцца амаль з усім. Абое змагаюцца і цяпер. І ўжо шмат зрабілі. У тым ліку вярнуліся на сцэну, зноў сабралі гурт, выпусцілі некалькі кліпаў, а 6 сакавіка выступяць з сольнай праграмай у Варшаве, дзе ў тым ліку выканаюць песні, якія Надзея напісала ў няволі. Для абаіх гэта будзе вяртаннем да саміх сябе.
Каментары