Свет77

Трамп і Маск вырашылі наведаць Форт Нокс — адно з самых закрытых месцаў у свеце, ахутанае канспіралогіяй

Сакрэтны аб'ект за ўсю сваю гісторыю прапускаў старонніх толькі тройчы, адмаўляючы ў доступе нават першым асобам ЗША. Яго ахоўваюць у разы мацней за Белы дом. На тое ёсць важкая прычына.

Форт Нокс. Bettmann / Contributor Getty Images

Пачынаючы з мінулага тыдня, мільярдэр Ілан Маск пачаў публікаваць у сацсетках допісы з патрабаваннем доступу да аднаго з самых закрытых аб'ектаў ЗША (і свету ўвогуле) — вайсковай базы Форт-Нокс у штаце Кентукі. Маск настойвае на правядзенні адтуль прамой відэатрансляцыі для мільёнаў гледачоў, чым сабраў мноства ўхвальных водгукаў.

Пазней да дыскусіі далучыўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які выказаў спадзеў, «што з Форт-Ноксам усё ў парадку». Ён адзначыў, што збіраецца туды паехаць і пераканацца, што «ўсё там будзе на месцы», піша Forbes.

Такая ўзмоцненая цікавасць да базы Форт-Нокс і з боку амерыканскіх эліт, і з боку звычайнага грамадства існуе даволі даўно (з 1930-ых гадоў) і тлумачыцца тым, што аб'ект з'яўляецца галоўным сховішчам нацыянальных залатых рэзерваў ЗША.

Згодна з актуальнымі данымі Міністэрства фінансаў ЗША, у Форт-Ноксе знаходзіцца 147,3 мільёна тройскіх унцый золата (ці каля 5 тысяч метровых тон золата) — што ўяўляе сабой 59% усіх залатых рэзерваў краіны. Пры цяперашнім курсе золата ($2940 за ўнцыю) кошт гэтага запасу складае $434 мільярды. Аднак урадавы бухгалтарскі ўлік ацэньвае залаты запас на аб'екце ўсяго ў $6 мільярдаў, паколькі яго балансавы кошт застаецца на ўзроўні $42,22 за ўнцыю.

У 1941-1944 гадах у Форт-Нокс таксама захоўвалі Канстытуцыю ЗША і Дэкларацыю незалежнасці. У 1950-я гады там, паводле некаторых крыніц, нават знаходзіўся стратэгічны запас амерыканскага ўрана, які ўлады ЗША баяліся трымаць у іншых сховішчах.

Існуе папулярная ў ЗША канспіралагічная тэорыя, што амерыканскія залатыя рэзервы маглі быць цалкам выкарыстаныя ў рамках таемных фінансавых аперацый, звязаных з палітыкай «залатога стандарту» (калі даляр быў падмацаваны золатам і мог свабодна на яго абменьвацца) і іншымі праграмамі падтрымання курсу даляра, альбо стабілізацыі амерыканскай эканомікі ў перыяд жорсткіх крызісаў.

Адсутнасць публічнага доступу да сховішча і вельмі строгія меры бяспекі толькі ўзмацняюць падазрэнні наконт таго, што большасць залатых запасаў краіны могуць быць вычарпаныя, адзначае Forbes.

Нягледзячы на тое, што Міністэрства фінансаў ЗША кожны год ладзіць аўдыт сховішча пад базай Форт-Нокс і запэўнівае, што ўсё золата на месцы, аб'ект за ўсю сваю гісторыю прапускаў старонніх наведвальнікаў толькі тры разы.

У 1943 годзе там пабываў прэзідэнт Франклін Рузвельт. У 1974 годзе група з 10 амерыканскіх кангрэсменаў наведалі сховішча, каб абвергнуць чуткі пра знікненне золата (адбылося гэта амаль адразу пасля адмены ў ЗША палітыкі «залатога стандарту»). А ў 2017 годзе Форт-Нокс наведаў тагачасны міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын, пасля чаго заявіў, што «ўсё золата было на месцы».

Акрамя строгага публічнага доступу, Форт-Нокс абараняецца шматузроўневай сістэмай бяспекі, якая ўключае чатыры рады агароджы, у тым ліку электрычныя з высокім напружаннем і калючы дрот. У дадатак да гэтага амаль уся ўнутраная тэрыторыя вакол базы замініраваная. Аб’ект цалкам аўтаномны: мае запасы вады, ежы і ўласную электрастанцыю, што робіць яго непрыступным нават пры працяглай аблозе.

Само сховішча размешчана пад зямлёй і абараняецца гранітнымі сценамі таўшчынёй 1,2 метра, пакрытымі бетонам і сталлю. Дах вытрымлівае магутныя выбухі, а ўваходная брама важыць 22 тоны і адчыняецца толькі пры веданні падзеленых паміж рознымі людзьмі частак пароляў. Апроч фізічнай бяспекі, Форт-Нокс кругласутачна ахоўваецца вайсковымі падраздзяленнямі арміі ЗША з танкамі, верталётамі і снайперамі па ўсім перыметры базы.

Сёння версія аб адсутнасці золата ў сховішчы застаецца канспіралагічнай. Аднак калі Маск і Трамп здолеюць правесці публічны аўдыт, вынікі могуць аказацца нечаканымі для ўсяго свету.

Калі золата ў Форт-Ноксе сапраўды няма, гэта можа выклікаць істотны фінансавы крызіс у свеце і сур’ёзныя палітычныя наступствы. Давер да фінансавай сістэмы ЗША моцна пахіснецца, што можа прывесці да адчувальнага падзення даляра і росту цэн на золата і крыптавалюты.

Іншыя краіны, напрыклад, Кітай і Расія, могуць выкарыстаць сітуацыю для ўзмацнення сваіх валют.

Але шанец на правядзенне публічнага аўдыту і прамой трансляцыі са сховішча вельмі малы.

Каментары7

  • Барадзед
    25.02.2025
    А если золота там все таки нет, то Маск будет использовать форт Нокс как свою персональную банковскую ячейку.
  • Жыгуль
    25.02.2025
    Хай сабе паглядзяць, толькі трэба пільнаваць, каб і там не нарабілі шкоды.
  • Ванга Кашпіроўская
    25.02.2025
    Думаю, там можна знайсці сушаныя трупы зялёных чалавечкаў і скрыжалі з высечаным імём забойцы Кенэдзі.

Цяпер чытаюць

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы6

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»8

Расійскія прапагандысты паказалі Пуціна ў Курскай вобласці7

Вольга Карач пахвалілася новай працай. Яна звязана з ядзернай зброяй8

У нямецкім бундэстагу працаваў рэлакант з Расіі з сувязямі ў ФСБ5

Мінск увайшоў у топ-20 гарадоў свету, найлепшых для прагулак9

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?24

Двухрублёвую манету прадаюць на аўкцыёне за 490 рублёў. Чаму так дорага?

Трамп заявіў, што ягоныя прадстаўнікі едуць у Расію «проста цяпер»3

У Польшчы хочуць увесці падатак для бігтэхаў, але ЗША гэта не падабаецца2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы6

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць