«Трамп — эта ўхадзяшчая вешч, а каханне — вечнае». Павел Гарадніцкі распавёў пра новы альбом РСП
«Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней ўсех» — так называецца новы альбом гурту «Разбітае сэрца пацана», які музыкі прэзентуюць 1 красавіка. Адзін з лідараў РСП музыка і актор Павел Гарадніцкі распавядае ў інтэрв'ю «Белсату», наколькі важна «захоўваць чыстату трасянкі» ва ўмовах, калі даводзіцца выбіраць паміж «Жабкай» і «Бядронкай»…

«Белсат»: — Жоўта-зялёна-чорны! Маеш файны швэдар. Я і падумаць не мог, што размова з салістам РСП пачнецца вось так — з абмеркавання новага раману Шчэпана Твардоха «Null». Але добра: калі сёння ішоў да нас на інтэрв'ю — пра што думаў?
Павел Гарадніцкі: — Пра трэцюю сусветную. Першая навіна, якую я сёння адчыніў з раніцы была пра гэта. Эксперты мяркуюць, што праз дзесяць год будзе трэцяя сусветная вайна, у 2035 годзе пачнецца, з удзелам Расеі, Кітая, Ірану, ЗША, Карэі Паўночнай… Карацей, я іду, сонейка прыгравае, і думаю такі: ну, хоць дзесяць гадоў яшчэ жыццём нацешымся…
Сёмы ці дзявяты
— І пры гэтым — што пад нос напяваеш? Што-небудзь з новага, ужо анансаванага альбому?
— Ой, не. У мяне сёння ў галаве нейкія ўсё мелодыі з савецкіх фільмаў круцяцца, сядзяць у галаве. Я неяк рэфлексаваў пра гэта, думаў, як пазбыцца гэтых песень, напрыклад, з якой-небудзь «Кавказской пленницы». Рэшткі «саўка», якія пара б даўно з галавы павыкарчоўваць, а яны ўсё там сядзяць і сядзяць. Гэта наш праклён. Зараз паспрабую напець. Не, ужо не помню, дзякуй Богу. Бо калі ўспомню, буду напяваць сабе потым цэлы дзень.
— Бывае такое, што, калі рыхтуеце новы альбом, ты ходзіш і ў тваёй галаве няспынна круціцца нейкая песня з новага праекту?
— Бывае. Звычайна, калі нейкую песню робім, то на рэпетыцыі граем яе разоў 10. І потым едзеш дадому, і яна ў тваёй галаве, і наступныя колькі дзён — яна ж, і аж да наступнай рэпетыцыі, пакуль не пачнеш нешта новае рабіць. Круціцца ў галаве, і гэта нейкі кашмар (смяецца). Пачынае надакучваць, аж пакуль новая не прыходзіць. А потым вы заканчваеце працу над альбомам, запісваеце яго, ён зводзіцца, і ў час, калі ён зводзіцца, ты яго не слухаеш, бо зводзіць іншы чалавек. І потым, праслухоўваючы ўжо зведзены матэрыял, ты раптам такі: ваў, няўжо гэта мы так крута прыдумалі?

— «Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней ўсех» — гэта восьмы альбом РСП? Папраў мяне, калі не так.
— Мабыць, троху не так. Давай падлічым. «Розавы закат», «Не налівай», «Ч/Б», «Пасрэдствам срэдств», «Карняплоды любві», «Ашчушчэнія». Гэта ўжо шэсць. Міні-альбом «EP» («Разве тут») будзем залічваць? Калі будзем, то сем. І «Шанс/off» — восем. Гэты тады дзявяты атрымліваецца. Дзявяты, але калі браць менавіта «эрэспэшныя» альбомы, здаецца, сёмы будзе. Бо «Шанс/off» і «EP» не ў стылістыцы РСП былі, гэта такія, як бы, эксперыменты, можна сказаць, бісайд-праекты. Карацей, гэты новы недзе паміж сёмым і дзявятым (пасміхаецца).
«Ка льду прымёрзлі тапкі, і я іду да «Жабкі»…»
— Колькі ў новым альбоме будзе песень і ці чулі мы ўжо якія з іх?
— У ім не так шмат песень на самай справе — усяго сем. Ён такі каратыш, але даволі, як па мне, баявы. Цікавы. Мы самі паспрабавалі сябе здзівіць. Там ёсць песні і мяккія такія, у стылістыцы музыкі хіпі 1960-70-х гадоў. А ёсць і даволі бадзёрыя, панкаўскія.
— Гаворыш, паспрабавалі саміх сябе здзівіць. Хіба чым-небудзь можна здзівіць пацаноў з разбітымі сэрцамі? Чым такім?
— Ну, дапусцім, там ёсць песня, у якой мы граем маленечкі кавалачак фры-джазу. Без слоў, ага. Такі інструментал. І ён як бы ў песні. Заканчваецца панк-песня і пачынаецца фры-джаз.
— Вы ніколі такога не рабілі? Не дазвалялі сабе?
— Гэта вырасла таксама з забавы, з балаўства, на рэпетыцыі. Закончылі панк-песню, па-сапраўднаму жорсткую такую, як называе наш бубнач — «сапагі». Па «Сектару газа», карацей. І неяк яно само вылілася, што мы пачалі адразу пасля яе граць фры-джаз. І вырашылі гэта пакінуць на альбоме. Смешна і цікава. Незвычайна. Карацей, там-сям будуць такія перліны ў альбоме.

— Крута, ну дык працытуй нам тут пару радкоў з якой-небудзь перліны, якая можа зрабіцца хітом.
— Мне здаецца, хітом будзе песня «Бедронка». Дарэчы, мы яе ўжо выконвалі ў Варшаве, на фестывалі ў клубе «Адэса» (фестываль «Graj» — рэд.). І яна там добра зайшла, людзі адразу пачынаюць падпяваць. Яна смешная і вельмі хітовая. Як па мне, дык фаварыт у альбоме. Яшчэ адну песню мы выконвалі ў шоў «Ноч з Чалым». Карацей, некалькі песень людзі маглі пачуць, але большасць не чулі.
— Дык што там, у «Бядронцы»?
— «Гдзе рвёцца, там і тонка, любімая «Бедронка» Закрыта словна дзверы Да сэрца тваяго. Ка льду прымёрзлі тапкі, І я іду да «Жабкі»…» Ну што-та ціпа такога (смяёмся). Вось, бачыш, стараемся рэаліі, у якіх мы аказаліся, інтэграваць у творчасць. Актуалачка, так сказаць.
«Эта ўжэ крэст наш — пра любоў гаварыць»
— Але адчуваю, што ў цэлым альбом ўсё роўна пра любоў?
— Ага, усё роўна пра любоў, маеш рацыю. Пра любоў. Мы ад гэтага не можам ніяк адысці.
Эта ўжэ крэст наш — пра любоў гаварыць.
— Ну так, давядзецца і ў Польшчы яго несці. Не падалося табе, што свінарнік, які «кругом нас», стаў за некалькі апошніх гадоў яшчэ больш запаскуджаны? Ва ўсіх сэнсах. Засраны…
— Так, яго ўжо, па-мойму, і не вычысціць. Эта ўжэ нада, знаеш, туды нейкую групу ў хімзащыце закідваць, каб ўсё… Ну, карацей, да. Песімістычны погляд на свет, які нас акружае. Але другая частка назвы альбому дае надзею, што каханне нам дапаможа. Каханне.
— Пачакай ужо пра каханне. Мне, напрыклад, вельмі хочацца, каб РСП спеў песню пра Трампа. Упэўнены, у вас бы трапна атрымалася б. Трапна пра Трампа. У кантэксце свінарніку.
— Слухай, ну Трамп — эта прыхадзяшчая і ўхадзяшчая вешч. А каханне і нейкія іншыя тэмы — вечныя. А наконт Трампа, дык паміж ім і свінарнікам можна было б проста паставіць знак раўно. Ён не тое што прычына — ён выцякае з гэтага свінарніка, за які мы ўсе таксама мусім несці адказнасць, бо ў гэтым ёсць і нашая віна. Няпроста ж яго нехта выбраў — яго выбралі людзі, амерыканцы. А ў Еуропе немцы выбіраюць ультраправых.
Я не ведаю. Гісторыя цыклічная. Нейкае вар'яцтва, якое было ў XX стагоддзі, калі выбіралі Гітлера і людзям падавалася, што трэба нам такія «людзі з сільнай рукой». Здаецца, гісторыя робіць новы віток. А мы прыходзім — і наступаем на тыя ж граблі. Але тут страшна, што гэтыя граблі становяцца высокатэхналагічнымі. Палохаюць канфлікты ядзерных краінаў і вайна ў космасе, «касмічаскія вайска» Трампа.
— Ну але ж маем яшчэ 10 гадоў, як кажаш. Як беларусам і астатняму чалавецтву найлепшым чынам скарыстацца са свайго любоўнага патэнцыялу за гэтыя 10 гадоў? Што думаеш?
— Дапамагаць адзін аднаму. Ісці на кантакт. Не раз'ядноўвацца. Я б хацеў, каб людзі больш сталі камунікаваць офлайн. Проста сталі бачыцца і сустракацца жыўцом. Бо нас так шмат у анлайне. Але там ты не бачыш суразмоўцу — і вельмі лёгка чалавека пакрыўдзіць. Ты не разумееш, з якой інтанацыяй ён табе піша і што мае на ўвазе. Вельмі лёгка ўспыхваюць канфлікты — і мы разʼядноўваемся.
— Прыходзіць, як мы, у кавярню, замаўляць каву і балабоніць пра трэцюю сусветную, музыку і кнігі…
— Класна, я вось учора бачыў рэкламу ў метро. Тыпу, вылазьце са смартфонаў, усміхайцеся не смартфонам, а людзям. Размаўляйце. Гэта вельмі крута, нават з незнаёмым чалавекам, едучы ў ліфце, стоячы ў чарзе ў краму. Карацей, спрабаваць праявіць усё добрае, што ў цябе ёсць, а не дрэннае, бо гэтага і так ужо да храна.
— Выліваць усю любоў сваю на людзей, а не ў бяздоннае жарало інтэрнэту.
— Менавіта. Падсумую: не сяры яшчэ больш у гэты свінарнік!
«Тут у Польшчы мы захоўваем чыстату трасянкі»
— Павел, калі не памыляюся, РСП сёлета адзначае сваё 20-годдзе. Наколькі за гэты час змяніўся ваш лірычны герой?
— Каласальна змяніўся! Змяняецца з кожным альбомам, гэтак сама, як і мы змяняемся. Бо нас нельга адмежаваць ад яго. Гэта ўсё пра нас. Усё, што адбываецца ў песнях, адбываецца з намі. Гэтыя перажыванні, гэтыя пакуты — гэта ўсё пра нас. Мы сталеем, пераязджаем у іншыя краіны, наведваем іншыя крамы, жывём у іншых абставінах. Але ў нашага героя застаецца тая ж самая падрастковая апантанасць і прага да жыцця, прага да кахання. І што не змяняецца ў яго, дык гэта тое, што ён не грубее душой, застаецца такі трошкі наіўны. Яго кідаюць, разбіваюць ягонае сэрца, а ён з новымі сіламі кідаецца ў гэтую любоў. Не чарствее, не закрываецца, карацей. І ўвесь час спадзяецца, што гэта гісторыя не паўтарыцца нікагда. Але яна ўсё паўтараецца…
— Паўтараецца. І нягледзячы на тое, што зараз ён гойсае паміж польскімі «Жабкай» і «Бядронкай», так і не навучыўся «гаварыць на нармальным языке»?..
— Ну, тут, не знаю, цяжка навучыцца. Пракцічаскі немагчыма, таму што ў галаве яшчэ больш усё перамяшалася. Польская, украінская, беларуская, ангельская, расейская… Каб гэта не песні былі, а язык цела, то ён бы выражаўся выключна на языке цела. Гэта как-та яму большэ падходзіт.
А калі сурʼёзна, я яшчэ тут падумаў, што… Ну, былі цягам карʼеры РСП у нас розныя думкі наконт таго, што ўсё ж такі варта зрабіць якісьці альбом на чыстай беларускай мове. Усе нас к этому падталківают. І я некалі думаў, што рэальна трэба зрабіць. Але тут, аказаўшыся ў Польшчы, я падумаў: ну, ні храна! Калі мы былі ў Беларусі, там трасянкі хапала, яна вакол нас была.
А тут, у Польшчы, мы як бы захоўваем чыстату трасянкі. Бо дзе ты яе пачуеш? Толькі на канцэрце РСП, па сутнасці.
— Абсалютна, у вас місія, можна сказаць.
— Таму не перайдзём нікагда!
«Ты прэкрасней усех, Надзя!»
— Добра, а лірычная гераіня, якая «прэкрасней усех», ці за 20 гадоў яна стала іншай?
— Яна і тут прэкрасней усех. Кропка. Такой і застаецца. Ці табе яе знешне апісаць?
— Не, не трэба, наўрад ці яна апісуемая. Але мы ў Польшчы. А беларусы кажуць, што жанчыны ў Менску прыгажэйшыя, чым у Варшаве, дык…
— Ведаеш, я тут па тонкай грані хаджу: гэтае інтэрвʼю мая жонка будзе чытаць. І… Ты прэкрасней усех, Надзя!
— Ну, гэта і так відавочна! Слухай, ты запісваеш новы альбом, здымаешся ў кіно, ставіш спектаклі, выкладаеш акторскае майстэрства. У цябе куча праектаў, ці хапае табе часу…
— Не, не хапае!
— …на прыватнае жыццё?
— А, хапае, канешне! У Варшаве мы здымаем кватэрку: я, жонка, кот і сабака. Мая жонка — псіхолаг, і яна мне вельмі моцна дапамагае развівацца. Не як псіхолаг, але мы размаўляем, і я проста ад яе вучуся. Мы дзевяць гадоў ужо жанатыя, а сустракаемся ўвогуле 12 гадоў. Яна вельмі моцна на мяне паўплывала…

— Што дорыш каханай жонцы на 8 сакавіка?
— Ну ясна што — канешне, гель для душа (рагочам). І кветкі. І да кветак нешта.
— На пачатку вясны ўсім задаю пытанне пра першае каханне. Памятаеш яго?
— Канешне. Мы пластылін жавалі ў прадлёнцы. Я казаў, што гэта жвачка. Давай, кажу, пажуём вместе пласціліну. Перадача слюны ў нас была. Адбываўся такім чынам, можна сказаць, што і…
— …першы полавы кантакт…
— Ну, не полавы — слюнявы. Нейкія такія ўспаміны прыкольныя. Прадлёнка… А потым яна абпісалася і была вельмі confused. Але я нікому не сказаў пра гэта. Першае каханне. Такая гісторыя.
«А купіце бутэлечку харошага віна!»
— Бачыш, я старэйшы за цябе, і мы пластылін не жавалі — жавалі нейкую чорную прамысловую смалу. Даяце 8 сакавіка канцэрт у Варшаве (размова адбываецца напярэдадні канцэрту) «Нашая любоў». Але грае там не РСП, а ДСП?
— Так, у РСП ёсць яшчэ такі акустычны бісайд-праэкт, з якога, уласна, і пачалося РСП. Мы з Дзянісам (Дзяніс Тарасенка — адзін з лідараў РСП) граем там удвох. Баян і піяніна. Называецца праект ДСП. Адна з расшыфровак — «Дзёня С Пашам». Гэта, можна сказаць, РСП драўлянага перыяду. Мы выконваем песні, якія часцяком нідзе ніколі не выдаваліся, песні з нашых студэнцкіх часоў, вельмі смешныя. І адтуль вось, дапусцім, «Розавы закат» пайшоў. То бок гэта песня з рэпертуару ДСП, якая потым перакачавала ў РСП. Але мы яе выконваем менавіта ў рамках ДСП.
— Слухай, пакуль будзе гучаць «Розавы закат» і пакуль з людзьмі будуць здарацца такія гісторыі, як у «Розавым закаце», ніякая трэцяя сусветная ніколі не пачнецца.
— Спадзяюся, што так.
,,Таму кахайцеся, дапамагайце адзін аднаму і не губляйце надзею, што татальнага трындзяца ў 2035-м не будзе.
Але так, падрыхтавацца — не зашкодзіць (смяецца). У мяне ёсць знаёмы ў Беларусі, які яшчэ гадоў 20 таму пачаў назапашваць у падвале ліхтарыкі, вяроўкі нейкія, кансервы. Чалавек рыхтуецца. У яго ідэя ёсць! Нацыянальная: у любы момант быць падрыхтаваным да трындзяца.
— А будучым слухачам новага альбому РСП ці трэба рыхтавацца да знаёмства з вашымі песнямі? Якую позу прыняць?
— А купіце бутэлечку харошага віна! Так, можна збегаць у «Бядронку». Потым зрабіце рамантычную атмасферу, запаліце свечы, занавесьце фіранкі — і ўключайце на поўную громкасць! Лепей — у кампаніі.
— На самоце будзе слухаць страшна балюча?..
— Не, можна і на самоце. Я адзін слухаў — мне было нястрашна.
— Калі ўжо можна будзе цалкам паслухаць новы альбом РСП «Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней усех»?
— Альбом «Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней усех» будзе прэзентаваны 1 красавіка, то бок з'явіцца на розных музычных платформах у інтэрнэце. А першы канцэрт жыўцом мы адыграем 16 красавіка ў Познані, потым 17 красавіка — у Кракаве, 18-га — у Гданьску, 19-га — у Беластоку, 24 красавіка ў Вроцлаве. У Варшаве зладзім канцэрт 9 траўня, у Вільні — 10 траўня. Такі тур плануем зрабіць.
Каментары