«Эрудзіраваны не значыць разумны». Знаток «Што? Дзе? Калі» Раўшан Аскераў выклікаў замяшанне сваім інтэрв'ю
Былы знаток «Што? Дзе? Калі?» і ўладальнік «Крыштальнай савы» Раўшан Аскераў даў інтэрв'ю Юрыю Дудзю. «Размова, якая вас раззлуе», — напісаў у загалоўку Дудзь. Развагі Аскерава пра Расію, Азербайджан, дыктатуру і мараль сапраўды збянтэжылі тых, хто раней сачыў за гульнямі інтэлектуальнага клуба.

Раўшан Аскераў — азербайджанскі і расійскі журналіст, кандыдат гістарычных навук, гулец інтэлектуальнага клубу «Што? Дзе? Калі?». Доўгі час пражываў у Маскве. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну вярнуўся ў Азербайджан. У красавіку 2022 года ў Расіі супраць Аскерава была заведзена крымінальная справа па абвінавачванні ў рэабілітацыі нацызму. Нагодай стаў яго пост у фэйсбуку, у якім маршал Жукаў быў названы «марадзёрам са стажам». У студзені гэтага года Аскераў унесены ў расійскі пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў.
Стаўленне да вайны і карпаратыў для кіраўніка Татарстана ў сакавіку 2022-га
У інтэрв'ю Юрыю Дудзю Аскераў рашуча асудзіў Расію ў вайне з Украінай, сказаў, што ўкраінцы маюць поўнае права біць па Белгарадзе і яго жыхарах у адказ, а галоўрэда Russia Today Маргарыту Сіманьян павінна чакаць смяротнае пакаранне.
Аскераў адзначыў пра тых, хто жыве ў Расіі: маўклівую непадтрымку вайны ён не лічыць пратэстам.
«Пратэст — гэта хаця б выехаць. Не трэба рабіць подзвігаў. Подзвігі не патрэбны. Але ж з'ехаць можна», — лічыць знаток.
На пытанне, што рабіць, калі няма грошай, ён адказвае:
«Калі ў 1917 годзе адбылася рэвалюцыя, неяк знаходзіліся грошы, і ўсе, хто не прымаў гэты лад, выязджалі. (…) Калі твой дом заўтра будуць бамбіць, у цябе знойдуцца грошы выехаць. (…) Для таго, каб выехаць, вялікіх грошай не трэба».
Як расказвае Аскераў, у першыя дні пасля пачатку вайны яму прапаноўвалі ўдзел у розных праектах, але наўзамен ён павінен быў маўчаць.
«Першыя дні мне званілі кіраўнікі перадач і казалі: «Раўшан, мы цэнім тваё маўчанне. Мы ведаем тваю пазіцыю. Мы цэнім, што ты ў публічнай сферы маўчыш. Дзякуй табе за гэта». Гэта працягвалася дзесяць дзён. Але я зразумеў, што не магу так жыць. (…) Я проста сабраўся і з'ехаў. І далей напісаў пост пра Жукава, спрабуючы не пераступіць мяжу, робячы аналогіі паміж Жукавым-марадзёрам і Бучай. (…)
У мяне былі ўсе магчымасці зрабіць так: заплюшчыць вочы, сказаць: «Я гэта асуджаю», — і жыць далей там (у Расіі. — НН). Куча людзей жыве такім чынам. Я не лічу, што яны супраць. Таму што заўтра ўсё памяняецца (спадзяюся, што зменіцца, хаця не веру, што заўтра), яны скажуць «Акей. Мы ж не ішлі ў факельных шэсцях. Не крычалі: «Вайна да пераможнага канца!». Мы проста былі супраць. Проста ціха сядзелі і былі супраць».
На пытанне, колькі разоў за тыя дзевяць дзён, што прайшлі ад пачатку вайны да ад'езду з Расіі, Аскераў выйшаў на пратэсты, ён адказаў, што такога не рабіў, а яго формай пратэсту стаў ад'езд з краіны-агрэсара.
Аднак за дзень да ад'езду Аскераў правёў карпаратыў для жанчын апарата кіраўніка Татарстана, на якім прысутнічаў і кіраўнік рэспублікі Рустам Мініханаў, які падтрымлівае вайну.
Гэта ён патлумачыў абавязацельствамі, якія былі заключаныя яшчэ да пачатку вайны. «Я не збіраюся за гэта апраўдвацца. У мяне была дамоўленасць, што гэта адбудзецца. Я выканаў свае абавязацельствы, потым з'ехаў».
«Я прыляцеў, правёў ім невялікую гульню з забаўнымі пытаннямі, якія звязаны з 8 Сакавіка, і адляцеў. (…) Вярнуўся ў Маскву 5-га [сакавіка] ранкам, убачыў, што закрываюцца ўсе авіязлучэнні, не толькі ў Еўропу (Еўропа ўжо была закрыта), і я сказаў: усё, трэба браць білет і з'язджаць».
Як сцвярджае Аскераў, у яго былі яшчэ іншыя дамоўленасці з людзьмі «рангам ніжэйшым», ад якіх ён змог адмовіцца і прапанаваць замест сябе іншых людзей.
Адказваючы на пытанне, што ён рабіў для таго, каб не было вайны, Аскераў адказаў: «Ну, хадзіў на выбары», — і прызнаўся, што ніколі не прымаў удзел у мітынгах.
«Мітынгі гэта не рашаюць. Грамадскае меркаванне ў Расіі не працуе ўвогуле ніяк. (…) Няма грамадскага меркавання ў краіне. Няма. Гэта цалкам усходняя імперыя, рэшта імперыі Чынгізхана», — даводзіць знаток.
Ці асуджае дамаганні свайго калегі да непаўналетніх?
У час размовы Дудзь нагадаў Аскераву яго характарыстыку былога калегі па «Што? Дзе? Калі?» Міхаіла Скіпскага. У 2016 годзе мужчыну абвінавацілі ў дамаганнях да непаўналетніх.
«Выдатны гулец, выдатны чалавек і добры сябар. Проста вельмі многія хочуць зараз прапіярыцца за кошт Мішы», — напісаў тады Аскераў.
Цяпер ён сцвярджае, што не ведаў пра такі бок Скіпскага, у той час як іншыя (сярод іх Максім Паташоў і яго жонка) былі ў курсе такога «бэкграўнду».
Але, па словах Аскерава, нават, каб ён быў бы ў курсе, то «не стаў бы ўмешвацца ў асабістыя адносіны дарослага чалавека» і за час, які прайшоў, яго адносіны да Скіпскага не змяніліся. Таму што «чалавек не стаў нейкім іншым».
«Гэта дрэнна. Я згодны. Гэта нават не абмяркоўваецца. Нельга, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, дамагацца ды яшчэ і непаўналетніх. Гэта агідна», —
даводзіць Аскераў, але задаецца пытаннем, навошта пацярпелыя «выклалі СМСкі дзесяцігадовай даўніны», што ў выніку прывяло да «цкавання» грамадствам Скіпскага.
«Мы цесна камунікавалі. Мы гулялі ў адной камандзе. Мы прайшлі вельмі шмат разам. Мы былі адзін у аднаго ў гасцях. І як я павінен сказаць? «А вось цяпер з гэтага моманту нагі тваёй каб не было»? Я далучаюся да гэтага агульнага хору, да гэтай зграі, якая яго цкуе? Пры тым, што да гэтага я не ведаў гэтага. Атрымліваецца, што, опа, мне расплюшчылі вочы. Цяпер я буду… Не», — даводзіць Аскераў.
Па яго словах, ён бы парваў свае адносіны з Скіпскім толькі ў тым выпадку, каб той публічна, як Максім Паташоў, выступіў у падтрымку вайны.
Ільхам Аліеў — дыктатар? Як Аскераў папрасіў у яго кватэру
Апошнія тры гады Раўшан Аскераў жыве ў Азербайджане. У інтэрв'ю ён заявіў, што не лічыць, што ў гэтай краіне дыктатура.
«Там ёсць усе дэмакратычныя інстытуты», — даводзіць Аскераў і сцвярджае, што ніколі не чуў пра палітычных зняволеных у Азербайджане.
Па словах знаўца, у Азербайджане, у адрозненне ад Расіі, адбываюцца дэмакратычныя выбары, падчас якіх не здымаюць магчымых кандыдатаў у прэзідэнты.
Аскераў горача падтрымлівае Аліева за вяртанне «тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана».
«Канкураваць з Ільхамам Аліевым цяпер увогуле, я думаю, немагчыма. (…) Чалавек выратаваў краіну. (…) Выйграў вайну. (…) Выступіў у пачатку вайны [Расіі супраць Украіны — НН], сказаў, што ён падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Так што тут ні аб якой дыктатуры не можа ісці [гаворкі]».
На пытанне, ці ёсць у Азербайджане незалежныя медыя, Аскераў адказаў, што «далёкі ад усяго гэтага», «не ўдзельнічае ў гэтай гісторыі», «не ў курсе палітычнага мэйнстрыму ў краіне».
«Проста я ведаю, што тое, што робіцца прэзідэнтам, гэта задавальняе мяне, маю сям'ю і тое кола, з якім я маю зносіны», — адзначае знаток.
А тое, што жонка Ільхама Аліева стала віцэ-прэзідэнтам, па словах Аскерава, «яго не напружвае».
«Калі гэта ніяк не адбіваецца на ўшчамленні маіх правоў, чаму я павінен выбіраць, указваць прэзідэнту, каго яму выбіраць? Вось калі Трамп выбірае сабе Вэнса ў напарнікі, ну окей, мае права. З кім зручней працаваць, каго ён лічыць больш вартым. (…)
Жонка. (…) Пакажы мне момант, дзе гэта дрэнна», — даводзіць мужчына.
У далейшай размове Аскераў прызнаецца, што па яго просьбе прэзідэнт Азербайджана выдзеліў яму трохпакаёвую кватэру ў Баку. Гэта адбылося ў 2001 годзе, калі ён атрымаў «Крыштальную саву».
«Першы азербайджанец, які атрымаў «Крыштальную саву». (…) Маім бацькам (…) усю ноч званілі, віншавалі. (…) Мне бацькі сказалі, што хацелася б жыллёвыя ўмовы [палепшыць]. Я проста напісаў ліст с просьбай».
На пытанне, ці не па прычыне выдзеленай калісьці кватэры Аскераў цяпер не выказвае ніводнага крытычнага слова ў адрас Аліева, знаток адказаў:
«Сувязь адваротная. Калі б я не адносіўся з павагай да Ільхама Аліева, я б не стаў у яго прасіць. Я неяк ва Уладзіміра Пуціна нічога не прасіў ніколі. І ў галаву не прыходзіла».
Рэакцыя гледачоў
Неадназначная пазіцыя Аскерава ўзрушыла тых, хто раней сачыў за «Што? Дзе? Калі?».
«Знаўцы ўмеюць разгадваць загадкі, але не факт, што гэта разумныя людзі». Вось гэта ён правільна прымеціў», — звяртаюць увагу на словы Аскерава ў каментарах пад відэа.
«Наглядная ілюстрацыя таго, што «эрудзіраваны» і «разумны» — не словы сінонімы», — пішуць.
«Паняцце «падвойныя стандарты» адкрылася для мяне з абсалютна новага боку».
«Вось што бывае, калі ўсё жыццё прывык думаць толькі хвіліну», — адзначыў хтосьці з адсылкай да правіл гульні ў «Што? Дзе? Калі?».
«Выдатнае інтэрв’ю, якое паказвае, што эрудыцыя, веды, жыццёвая мудрасць, сумленнасць паміж сабой слаба карэлююцца. Якую б пазіцыю ў грамадскіх пытаннях чалавек ні займаў бы. Горкае відовішча», — ацэньваюць у беларускім сегменце фэйсбуку.
Каментары
Да, не всё однозначно, но это ЕГО мнение, на которое он имеет право.. оно и не должно быть "как у всех".. НО!!! он хотя бы остался человеком по отношению к русскому фашизму...
Но ведь есть куда более яркий пример!!! : гражданин Вассерман.
на котором почти все поголовно путают "хорошую память" и "интеллект".
вот как-раз последнего там нет и никогда небыло, но его (да и он сам) упорно позиционируют как "интеллектуала"... это просто СМЕШНО.
а от фамилии "поташёв" у приличного человека вообще просто обязан возникать рвотный рефлекс.. о каком "интеллекте" там может идти речь?
ерунда это всё.. покажите мне кто без греха! как говорится: "а судьи кто?"