«Гэта проста цуд, што я паляцела». Пасажырка самалёта з Дубая стала на бок беларусаў, якія просяць кампенсацыю ад аператара
Днямі стала вядомая гісторыя турыстаў, якія спазніліся на рэйс Дубай — Мінск 19 лютага. Чытач выдання «Анлайнер» заявіў, што трансфер ад тураператара прывёз іх у аэрапорт занадта позна (крышку больш чым за гадзіну да вылету), таму яны з сябрам не змаглі зарэгістравацца на рэйс. Мужчынам прыйшлося купляць квіткі за свае грошы і дабірацца дадому самастойна. Пасля публікацыі матэрыялу з рэдакцыяй «Анлайнера» звязалася яшчэ адна пасажырка трансфернага аўтобуса, якая ўсё ж паспела ў той дзень на рэйс да Мінска. Яна выклала сваю версію падзей.

Раней тураператар адмовіў пасажыру, які спазніўся, у кампенсацыі выдаткаў на дарогу дахаты. Як вынікае з пісьмовага адказу ад «Ростынга», аўтобус даставіў турыстаў за гадзіну і пятнаццаць хвілін да вылету. Гід папярэдзіў турыста пра магчымае спазненне, але той пайшоў афармляць Tax Free, гаворыцца ў лісце. Мужчына гэта адмаўляе: вяртанне падаткаў ён не афармляў. Пры гэтым ён расказаў, што на ўваходзе ў аэрапорт патраціў час на абмотку багажу. Запэўнівае, што гэта заняло ўсяго некалькі хвілін.
«Астатнія турысты, якія таксама ехалі на гэтым трансферы, паспяхова паляцелі», — гаворыцца ў пісьмовым адказе «Ростынг». Турыст быў абураны гэтай фармулёўкай. Паводле яго слоў, акрамя іх з сябрам на гэтым канкрэтным трансферным аўтобусе была ўсяго адна турыстка, якая ляцела ў Мінск. Усе астатнія пасажыры накіроўваліся ў Кішынёў.
Паколькі версіі тураператара і двух сяброў-турыстаў расходзяцца, было цікава выслухаць трэці бок — тую самую пасажырку, якая дабіралася ў аэрапорт трансферам ад прымаючай кампаніі Voyage Tours.

«Мы ехалі ў аэрапорт бясконца доўга»
Алена расказала, што ў той дзень яе з гатэля забралі вельмі рана (каля 13:40, а вылятаў самалёт у 18:15).
«Я яшчэ ў турагента пыталася, чаму нас так рана забіраюць. Ён сказаў: аэрапорт вялікі, трэба, каб вы прыехалі за тры гадзіны да рэйса. Я падумала, ну добра, дзіўна: за тры дык за тры. Забралі вельмі рана мяне, потым яшчэ недзе гадзіны паўтары, напэўна, мы ездзілі па іншых гатэлях. Усё гэта было вельмі марудна, пакуль сабралі ўсіх людзей. Потым мы захраслі ў корку. Фактычна да аэрапорта ўвесь маршрут быў у раёне 10 кіламетраў. Але ехалі мы проста бясконца доўга, больш за дзве гадзіны дабіраліся дакладна. У мяне сяброўка ляцела ранішнім рэйсам, і яна даехала за 30 хвілін на таксі».
Турыстка кажа, што старалася не панікаваць, бо давярала тураператару. Звычайна яна падарожнічае самастойна, а гэтым разам вырашыла расслабіцца. Алена пацвердзіла, што ў іх аўтобусе акрамя яе былі ўсяго два турысты, якія накіроўваліся ў Мінск. Астатнія пасажыры выйшлі ў іншым тэрмінале.
«Гід сказаў «Кішынёў онлі», але магчыма, гэтыя мужчыны не пачулі. Гід аддаў чамаданы, людзі пайшлі ў аэрапорт, і тут гід вяртаецца ў аўтобус, бачыць, што я сяджу адна. Напэўна, у яго было ў паперцы пазначана, што тры чалавекі павінны ехаць у наступны тэрмінал. Ён за імі пабег і вярнуў іх у аўтобус. Мы патрацілі на гэта яшчэ недзе хвілін з 5—6.
І тут я ўжо пачала хвалявацца, бо разумела: калі я не паспею за гадзіну да вылету [на рэгістрацыю], у мяне могуць не прыняць багаж. Але я гэта ведаю, бо пастаянна падарожнічаю самастойна. Людзі, якія ніколі самі не лёталі, не абавязаныя ведаць, што прыём багажу заканчваецца часцей за ўсё за гадзіну. Зноў жа, калі я прылятала ў гэты аэрапорт, я бачыла, які ён велізарны, і разумела, што гадзіна для яго — гэта увогуле нішто».
«Я лічу, што віны мужчын у спазненні няма»
Паводле слоў дзяўчыны, трансфер прывёз турыстаў у патрэбны тэрмінал недзе за гадзіну дваццаць да вылету. Алена была ўжо «на нізкім старце» і паспяшалася да стоек.
«За мной ішоў гід, ён таксама кудысьці ляцеў у сваім кірунку. Ззаду ішлі гэтыя двое мужчын. Я ім кажу: «А вы не будзеце спяшацца? Раю паспяшацца, бо ў нас наогул няма часу». Яны кажуць: «Нам трэба аформіць Tax Free». Гід бег за мной, і ён яшчэ так усміхнуўся і кажа, у іх няма часу на Tax Free. Потым ён да іх падышоў, але мужчыны засталіся недзе там ззаду. Я разумела, што яны ўжо не паляцяць 100%».
Алена кажа, што па парадзе гіда дабегла да бліжэйшых стоек рэгістрацыі ад авіякампаніі Emirates. Аказалася, там можна было зарэгістравацца і на рэйс Flydubai. Перад дзяўчынай была невялікая чарга, але яна папрасіла людзей яе прапусціць наперад, патлумачыла, што спазняецца на самалёт. Калі Алена перадавала свой пашпарт, заставалася ўсяго пару хвілін да закрыцця рэгістрацыі.
«Мне работніца на стойцы прама сказала: калі б вы спазніліся на дзве хвіліны, вы б нікуды не паляцелі, прынамсі, з багажом. То-бок нават калі б гэтыя мужчыны не затрымаліся на ўпакоўцы чамаданаў, нават калі б яны беглі следам за мной, але стаялі ў чарзе ўжо пасля мяне, яны б усё адно нікуды не паляцелі з багажом. Калі б я не папрасіла гэтых трох чалавек [у чарзе] мяне прапусціць, я б таксама нікуды не паляцела. Гэта проста нейкі цуд цудоўны [што я не спазнілася]».
Алена адзначае, што нават пасля паспяховай рэгістрацыі ёй прыйшлося бегчы да гейтаў: аэрапорт вялікі, і арыентавацца ў ім складана. Яна не паспела купіць тое, што планавала, у краме duty free, не паспела схадзіць у туалет перад вылетам. У той дзень яна перажыла вельмі моцны стрэс.
«У моманце я таксама хацела пісаць [прэтэнзію] турагенту і тураператару, хацела высветліць, хто будзе вінаваты, калі наступным разам са мной здарыцца такая сітуацыя. Але потым усё гэта забылася, згладзілася, я ўсім расказала пра гэты выпадак і супакоілася. Але калі мне потым скінулі людзі спасылку на ваш артыкул, нанава нахлынулі ўсе гэтыя эмоцыі. Я лічу, што віны мужчын у тым, што яны спазніліся, няма ніякай. Калі ты бярэш тур, ты разлічваеш на тое, што ты будзеш спакойны і расслаблены, і не думаеш, што табе прыйдзецца бегчы з хуткасцю святла ў аэрапорце».
Беларус спазніўся на самалёт з Дубая і просіць кампенсацыю. Тураператар кажа, што ён сам вінаваты
«На шчасце, у Тайландзе ўсё танней, чым у Польшчы». Беларусы захраслі праз вайну ў Іране, як яны дабіраюцца дадому?
«Беларусы і ў Дубаі беларусы». Як суайчыннікі арганізавалі дапамогу тым, хто не можа вярнуцца дамоў праз закрытае неба
Каментары