У Віцебскай вобласці браканьер укусіў егера, але ў турму не трапіў
Мужчына з таварышам налавілі рыбы на 36 тысяч рублёў, а потым спрабавалі ўцячы ад егераў.

У Віцебскай вобласці асудзілі браканьера, які незаконна лавіў рыбу і нанёс цялесныя пашкоджанні егеру. Інцыдэнт здарыўся яшчэ ў маі 2024 года, калі лоўля рыбы была абмежаваная.
У ноч на 13 мая мужчына з сябрам лавілі рыбу ў адным вадаёме Лепельскага раёна. Шкода прыродзе склала 36 тысяч рублёў.
«Падчас забароны з выкарыстаннем драўлянай лодкі з вёсламі і снасцяў, у прыватнасці сеткамі, здабылі 205 асобін рыбы: 21 чырвонапёрку, 12 ляшчоў, 2 ліны, 3 шчупакі, 11 судакоў, 38 акунёў, 64 густараў, 54 асобіны плоткі», — распавялі пра ўлоў у пракуратуры.
Браканьера высачылі супрацоўнікі інспекцыі жывёльнага і расліннага свету. Мужчыны паспрабавалі збегчы ад егераў, а калі іх злавілі, абвінавачваны ўкусіў інспектара за руку.
Віну мужчына не прызнаў. Суд прызначыў яму 3,5 года хатняй хіміі і штраф 300 базавых велічынь (12,6 тысячы рублёў). Акрамя таго, яму давядзецца кампенсаваць маральную шкоду ўкушанаму інспектару — яе ацанілі ў тысячу рублёў.
Каментары