«Адназначна было страшна». Памежнікі пажартавалі з брытанскага тыктокера, які прасіў ДНЖ у Кубракова
Уіл Эгертан вярнуўся ў Беларусь і трапіў на размову да памежнікаў. Але для яго ўсё скончылася добра.

Брытанскі блогер Уіл Эгертан зноў прыехаў у Беларусь. Пра прыгоды тыктокера ў салатавых шортах і футболцы мы ўжо расказвалі. У мінулым годзе ён прыязджаў у Беларусь некалькі разоў, яго палюбілі як простыя беларусы, якія пры сустрэчы на вуліцы з радасцю кідаюцца абдымаць Уіла, так і прапагандысты з чыноўнікамі.
Эгертан здымаў захапляльныя ролікі з розных беларускіх гарадоў, з задавальненнем еў згушчонку, гуляў у футбол і сустракаўся з фанатамі. А калі прыйшоў час з'язджаць, звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова з просьбай дазволіць яму застацца. Чыноўнікі і прапагандысты ўхапіліся за такую магчымасць: Эгертану ў салатавых шортах зладзілі асабістую сустрэчу з Кубраковым. Той на камеру ласкава дазволіў брытанцу пакатацца па Беларусі яшчэ крыху, за што атрымаў ад тыктокера тону кампліментаў.
Але ў канцы года Уілу ўсё ж давялося з'ехаць. Не дапамагла нават кампанія «Дайце хлопцу ДНЖ», якую ён паспрабаваў разгарнуць у сацсетках. Выязджаў з Беларусі брытанец таксама не без прыгод. На мяжы яго развярнулі: ён забыўся аформіць выязную візу. Пакінуўшы Беларусь, тыктокер з'ездзіў у Польшчу, Японію, Кітай і ААЭ, а цяпер зноў апынуўся ў нашай краіне.
Але вяртанне таксама аказалася нервовым. У аэрапорце на пашпартным кантролі Эгертана завялі ў асобны пакой на размову з сур'ёзным памежнікам. Для многіх беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну, такая размова звычайна не прарочыць нічога добрага, але Уілу пашчасціла.
Аказалася, памежнікі вырашылі зняць пранк над блогерам для свайго тыктока. У канцы размовы ў пакой увайшоў яшчэ адзін супрацоўнік і падарыў Эгертану ўпакоўку згушчонкі. Нядаўна тыктокер якраз скардзіўся, што ягоныя запасы ласунку скончыліся. Відэа з розыгрышам на канале Памежнага камітэта сабрала ўжо 857 тысяч праглядаў і больш за 1300 каментарыяў.
Уіл расказаў, што спачатку яму было сапраўды страшна.
«Ці напужаўся я? Можа быць, я не правяраў. Хваляванне біблейскіх маштабаў. Але ўсё акей, усё добра. Я проста хачу падзякаваць хлопцам, памежнікам, за згушчонку. Добра атрымалася!» — падзяліўся эмоцыямі Уіл. Дарэчы, для сябе на вечнае беларускае пытанне ён ужо адказаў: яму падабаецца рагачоўская, а не глыбоцкая.
Цяпер у Эгертана ёсць трыццаць дзён, каб падарожнічаць па Беларусі па бязвізе. Калі, вядома, Кубракоў зноў не вырашыць сустрэцца з госцем з Вялікабрытаніі.
Брытанскі блогер падключыў да вечнай спрэчкі пра беларускую згушчонку сваіх бацькоў. Іх выбар аднагалосны
Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы
Брытанскі блогер, які хадзіў на паклон да Кубракова, скардзіцца, што не можа атрымаць дазвол на жыхарства ў Беларусі
«Пасля матча паехалі з хлопцамі на дачу». Англійскі тыктокер, якога прымаў Кубракоў, згуляў у другой футбольнай лізе Беларусі
Каментары
Здымуць пранк, як прапускаюць расейскія танкі.
І нават жарты тут ("Волнуется?") па сутнасці садысцкія, з усведамленнем сваёй улады над звычайнымі грамадзянамі.