Ісландская міністарка па справах дзяцей пайшла ў адстаўку, бо нарадзіла ад непаўналетняга
Міністарка па справах дзяцей Ісландыі Астыльдур Лоа Торсдоцір пайшла ў адстаўку пасля таго, як прызналася, што больш за 30 гадоў таму нарадзіла дзіця ад непаўналетняга. У інтэрв'ю СМІ яна сказала, што яны пачалі адносіны, калі хлопцу было 15 гадоў, а ёй 22, і яна была кансультанткай у рэлігійнай групе, якую ён наведваў. Затым яна нарадзіла ад таго хлопца дзіця, калі таму было 16 гадоў, а ёй 23, піша Бі-бі-сі.

«Прайшло 36 гадоў, за гэты час шмат што змянілася, і сёння я б дакладна вырашыла гэтыя пытанні па-іншаму», — сказала 58-гадовая міністарка.
Прэм'ер-міністарка Ісландыі Крыструн Фростадоцір пасля таго заявіла прэсе, што гэта «сур'ёзная справа», але пры гэтым дадала, што ведае крыху больш, чым «звычайны чалавек».
«Гэта асабістая справа, і з павагі да зацікаўленай асобы я не буду каментаваць сутнасць», — сказала яна.
Як паведамляе газета Visir, Фростадоцір сказала, што атрымала пацвярджэнне гэтай гісторыі толькі 20 сакавіка ўвечары. Яна адразу ж выклікала міністарку па справах дзяцей да сябе, і тая падала ў адстаўку.
Торсдоцір заявіла ў інтэрв'ю, што сустрэла бацьку дзіцяці, якога ў прэсе называюць Эйрыкам Асмундсанам, калі яна працавала ў рэлігійнай групе «Рэлігія і жыццё», да якой ён, як паведамляецца, далучыўся з-за праблем у сям'і. На момант знаёмства яму было 15 гадоў, а ёй 22. У наступным годзе Торсдоцір нарадзіла сына.
Паведамляецца, што адносіны пары былі таемнымі, але Асмундсан быў пры нараджэнні дзіцяці і правёў пасля таго з каханкай першы год. Аднак сітуацыя змянілася, калі Торсдоцір сустрэла свайго цяперашняга мужа.
Паведамляецца, што СМІ бачылі дакументы, якія Асмундсан падаў у Міністэрства юстыцыі Ісландыі з просьбай атрымаць доступ да свайго сына, але Торсдоцір адмовіла яму ў гэтым, а таксама запатрабавала — і атрымлівала — ад хлопца аліменты цягам наступных 18 гадоў.
На мінулым тыдні сваячка Асмундсана двойчы спрабавала звязацца з прэм'ер-міністаркай Ісландыі з нагоды гэтых адносін. Фростадоцір сказала, што калі гэтая жанчына распавяла, што гэта тычыцца міністра ўрада, яна папрасіла больш інфармацыі, што ўрэшце прывяло да выкрыцця і адстаўкі чыноўніцы.
У тэлевізійным інтэрв'ю ісландскаму агенцтву RUV Торсдоцір сказала, што яна засмучаная тым, што гэтая жанчына звязалася з прэм'ер-міністаркай.
«Я разумею, як гэта выглядае», — сказала яна і дадала, што «цяжка данесці праўдзівую гісторыю ў навінах».
Хоць узрост згоды ў Ісландыі складае 15 гадоў, займацца сэксам з чалавекам ва ўзросце да 18 гадоў незаконна, калі вы яго настаўнік або настаўніца, калі яна фінансава залежыць ад вас ці працуе на вас. Максімальнае пакаранне за гэтае злачынства — тры гады пазбаўлення волі.
Нягледзячы на адстаўку з пасады міністаркі, Торсдоцір заявіла, што не плануе пакідаць палітыку.
«Мне было 15, яму 27». Дзяўчына расказала, як беларускі музыкант разводзіў яе на сэкс, калі яна была школьніцай
Расійскі рэпер Аксімірон апынуўся ў цэнтры сэксуальнага скандалу
Выйшаў на свабоду беларус, якога ў свой час прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Гэта першы вядомы такі выпадак
Стала вядома, куды ўладкаваўся на працу Уладзімір Чудзянцоў
Каментары