У Італіі сям’я 56-гадовага беларуса пасля ДТЗ, у якім пацярпеў 15-гадовы падлетак, падверглася пагрозам і збіццю з боку сваякоў хлопца. Пра гэта са слоў мужчыны паведамілі выданні Corriere Romagna і Resto del Carlino, піша сайт «Беларусь і свет».

Аварыя адбылася 29 сакавіка ў горадзе Рыміні позна ўвечары. Аўтамабіль, якім кіраваў наш суайчыннік і ў якім знаходзіліся таксама яго жонка і малодшы сын, сутыкнуўся з юнаком на скутары, які выехаў з завулка — меркавана, без шлема. У выніку падлетак зваліўся на асфальт і атрымаў сур’ёзныя траўмы. Яго даставілі ў бальніцу ў рэанімацыйнае аддзяленне і пасля аперацыі ўвялі ў штучную кому.
Як расказаў беларус праз свайго адваката, сутыкненне было раптоўным. Падлетак разбіў галавой шкло машыны. Мужчына адразу спыніўся і, паводле яго слоў, зрабіў усё магчымае, каб дапамагчы пацярпеламу.
У тым ліку разам з жонкай і сынам (равеснікам скутарыста) адразу ж патэлефанавалі ў паліцыю, медыкам і выратавальнікам. Але, кажа, ён зусім не чакаў, што праваахоўнікі стануць яшчэ і выратавальнікамі для ягонай уласнай сям’і.
Справа ў тым, што наш суайчыннік і непаўналетні жывуць недалёка адзін ад аднаго і ад месца аварыі. Хутка там сабралася група сваякоў хлопца — прадстаўнікоў народнасці сінці, заходняга адгалінавання цыган. Паводле слоў беларуса, каля пяцідзесяці чалавек абступілі яго і сям’ю, пачалі пагражаць, а потым некаторыя і збіваць — білі па галаве і нагах. На шчасце, з’явіліся паліцыянты, і прысутныя пачалі разбягацца.
Па словах беларуса, ён, жонка і сын перажылі моцны страх і стрэс. У паліцыі яму параілі, каб пазбегнуць новых сутыкненняў з сваякамі юнака, на некаторы час з’ехаць. Што сям’я і зрабіла дзеля ўласнай бяспекі. Пасля збіцця суайчыннік разам з жонкай і сынам звярталіся да лекара. Падаваць скаргу ён не збіраецца, кажа, што цяпер адзінае, чаго хоча, — каб хутчэй з’явіліся добрыя навіны пра стан хлопца.
Каментары
А праўда такая: наш суайчыннік ехаў як прызвычаіўся - не скідваў хуткасць на скрыжаванні, - і для яго стала "нечаканасцю" з'яўленне маладзёна на скутэры, бо на такой хуткасці як у нас прынята ў Беларусі ездзіць, усё можа быць нечаканасцю...
Здарылася непапраўнае.
Артыкул у нашай ніве прысвечаны чамусці зусім іншаму аспекту здарэння - сацыяльнай непрыязні да дарожнага злачынцы з беларускім пашпартам.
Ну калі так напісаны артыкул, то я проста вымушаны напісаць такі трошачкі недалікатны каментар, які вяртае нас на Зямлю. Беларусы не ўмеюць бяспечна кіраваць аўтамабілем. Вось і ўсё што здарылася. А па пысе з нагі яму б далі і ў Беларусі без праблем... За такую траўму - гэта цалкам мажліва.