Усевалад некаторы час жыў у Польшчы. Перад вяртаннем на радзіму ён прадаў аўтамабіль суайчынніку Дзмітрыю, які цяпер таксама жыве ў гэтай краіне. І тут узніклі праблемы.

Усевалад некаторы час жыў у Польшчы. Перад вяртаннем на радзіму ён прадаў аўтамабіль суайчынніку Дзмітрыю, які цяпер таксама жыве ў гэтай краіне. Той аформіў новую страхоўку на аўтамабіль. А страхавую кампанію, у якой машына была застрахаваная раней, ніхто з мужчын пра здзелку не праінфармаваў. У выніку поліс Усевалада падоўжыўся аўтаматычна, а доўг за неаплачаную страхоўку перадалі калектарам.
Дзмітрый распавёў Most, як удалося выйсці з гэтай сітуацыі.
У Польшчы распаўсюджаная практыка продажу аўтамабіляў з прадаўжанай страхоўкай OC — у такім выпадку поліс аўтаматычна пераходзіць новаму ўладальніку. Той можа выкарыстоўваць яго да заканчэння тэрміну дзеяння або скасаваць дагавор страхавання датэрмінова. Адказнасць за інфармаванне страхавой кампаніі пра продаж аўтамабіля ляжыць на прадаўцу. Гэта трэба зрабіць на працягу 14 дзён.
— Я купіў аўтамабіль у знаёмага чалавека тут, у Польшчы. Мы скарысталіся паслугамі памочніка — паляка, які займаўся перааформленнем дакументаў. Мы заплацілі яму каля 300 злотых (70 еўра), і ён цалкам узяў на сябе ўсе пытанні. Ён сказаў, што ўсё зроблена, усё ў парадку. Відаць, ён лічыў, што мы ведаем пра неабходнасць паведаміць страхавую пра продаж, але чалавек, які прадаваў машыну, гэтага не ведаў, — распавядае Дзмітрый.
Паколькі Усевалад не паведаміў страхавой кампаніі своечасова, яго поліс аўтаматычна падоўжыўся, нават нягледзячы на тое, што новы ўладальнік да таго часу ўжо аформіў сваю страхоўку.
— Калі я заходзіў у асабісты кабінет на сайце, дзе можна правяраць страхоўкі і штрафы, я бачыў дзве страхоўкі, але падумаў, што гэта проста збой у сістэме, і не надаў значэння, — успамінае Дзмітрый.
Праблема выявілася выпадкова: праз паўгода пасля продажу на месца працы былога ўладальніка ў Польшчы прыйшоў ліст ад калектарскай фірмы з патрабаваннем аплаціць 600 злотых за працягнутую страхоўку. На гэты момант мужчына ўжо з’ехаў у Беларусь, таму адразу не даведаўся пра праблему.
«Спрабаваў датэлефанавацца да калектараў, але са мной не хацелі размаўляць»
— Гэтым прадаўцу скідалі фота ліста. Я ўключыўся ў працэс. Спачатку, шчыра кажучы, падумаў, што гэта чарговы развод ад ашуканцаў. Спрабаваў датэлефанавацца да калектараў, але са мной не хацелі размаўляць, бо я не лічыўся ўладальнікам у іх базе. У страхавую кампанію датэлефанавацца было немагчыма. Было складана нават высветліць, за што канкрэтна патрабуюць грошы.
Каб разабрацца ў сітуацыі, новы ўладальнік аўтамабіля звярнуўся ў офіс страхавой кампаніі. Агент высветліла, што стары поліс сапраўды аўтаматычна падоўжыўся, а паколькі яго ніхто не аплачваў, страхавая перадала доўг калектарам. Супрацоўніца накіравала ў галоўны офіс страхавой кампаніі запыт з просьбай ануляваць поліс.
— Праз некалькі дзён прыйшоў адказ, што страхоўка анулявана, але засталося 300 злотых запазычанасці. Якой — незразумела. Агент адправіла яшчэ адзін запыт з просьбай цалкам спісаць доўг, бо машына была прададзена і перааформлена, — распавядае ўладальнік аўто.
Паводле яго слоў, разборкі занялі амаль два месяцы. У выніку страхавая кампанія пацвердзіла ануляванне страхоўкі і поўнасцю спісала запазычанасць.
Каментары