Грамадства33

«Апошнімі дзецьмі, якіх блаславіў Папа Францішак, былі мае». Беларускі бізнэсовец распавёў, як хрысціў сыноў у Ватыкане

У пачатку красавіка заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін, якога ў Беларусі асудзілі па палітычна матываванай справе, вырашыў ахрысціць сваіх сыноў Ота і Лявона. Паколькі жонка і дзеці прадпрымальніка жывуць на Мальце, у каталіцкім асяроддзі, ён вырашыў, што тыя прымуць каталіцызм. У сям’і з’явілася ідэя даведацца ў Папы Францішка, ці можа ён ахрысціць хлопчыкаў. 10 красавіка, за 11 дзён да сваёй смерці, пантыфік даў згоду, піша «Люстэрка».

Дзеці, жонка і іншыя сваякі Алега Каўрыгіна падчас хрышчэння ў саборы Святога Пятра. Ватыкан, 22 красавіка 2025 года. Фота: асабісты архіў

— У мяне даўнія знаёмствы ў Ватыкане. Не з Папам — я асабіста з ім знаёмы не быў, мы бачыліся толькі раз мімаходам. А з вельмі многімі сакратарамі і кардыналамі, з некаторымі мы маем кантакт дзесяцігоддзямі. У нас існуе духоўная, сяброўская сувязь, якая вырасла з узаемадзеяння «пацыент — доктар», — распавядае Алег Каўрыгін. — І я проста спытаў у свайго добрага знаёмага, які з’яўляецца значным кардыналам у Ватыкане, ці магчыма, каб Папа Рымскі ахрысціў маіх дзяцей. Праз нейкі час ён спытаў у яго, і той адказаў: «А чаму б і не».

Згода Папы правесці хрост — даволі рэдкая з’ява. Паводле слоў Каўрыгіна, за год пантыфік хрысціць усяго некалькі дзясяткаў дзяцей. Чаму Францішак выбраў сыноў беларускага бізнэсоўца, у Алега адказу няма.

— Я не ведаю, па якіх крытэрыях адбываецца адбор, — распавядае суразмоўца. — Служба бяспекі, вядома, у жарт спытала пра мяне: маўляў, вы ж з «грахамі» эканамічнымі — маючы на ўвазе тыя крымінальныя справы, што на мяне завялі ў Беларусі. Я адказаў, што гэта нагаворы. «Мы так і падумалі», — сказалі яны. І ўсё. Гэта значыць, што гэта не было за нейкія неверагодныя заслугі перад Ватыканам. Гэта быў проста нейкі Божы провід. Так склаліся абставіны.

Хрышчэнне сыноў Алега Каўрыгіна. Ватыкан, 22 красавіка 2025 года. Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Бізнэсовец дадае, што ніякіх грошай за хрост у яго не прасілі і пра гэта пытанняў не задавалі. — Нават і гаворкі не ішло. Вядома, мы рабілі нейкія ахвяраванні каталіцкаму касцёлу (гэта, у тым ліку, былі і бясплатныя аперацыі для святароў). Але гэта ніяк не было звязана з хростам дзяцей, — сцвярджае ён.

Канцылярыя Папы падрыхтавала ўсе неабходныя дакументы і аформіла яго блаславенне 10 красавіка.

— Яго ўручную афармляе мастак на спецыяльным пергаментным лісце. Таксама ставіцца пячатка сакратарыята Папы, — тлумачыць Каўрыгін. — Гэтыя пергаментныя лісты ўручаюцца дзецям на хросце. А таксама выдаецца асобны дакумент на спецыяльным бланку.

Блаславенне Папы Францішка дзецям Алега Каўрыгіна. Ватыкан, 22 красавіка 2025 года. Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Цырымонію прызначылі на 22 красавіка. Чатырохгадовага Ота і двухгадовага Лявона павінны былі ахрысціць у галоўным храме Ватыкана — саборы Святога Пятра.

— У асобнай зале для каранацый, — кажа Алег. — Гэта вельмі рэдкае месца, туды проста так немагчыма трапіць. Сам хрост павінен быў праводзіць кардынал — давераная асоба Папы Францішка, а ён сам — падысці да дзяцей, пагладзіць па галаве і сказаць нешта. Я яшчэ пытаў у сакратарыята, ці не будзе гэта занадта цяжка для яго. Мне адказалі, што калі пантыфік зможа, то абавязкова падыдзе. Такое ў яго жаданне.

21 красавіка сям’я Алега Каўрыгіна вылецела з Мальты, дзе яны жывуць. Таксама з Вільні выправіліся і іншыя сваякі прадпрымальніка. Сам ён трапіць у Ватыкан не змог, бо знаходзіцца ў базе вышуку Інтэрпала праз беларускія ўлады.

— Перад вылетам усё было гатова. У іх былі падпісаныя пропускі, каб прыехаць у Ватыкан, — кажа Каўрыгін. — Пакуль жонка з дзецьмі ляцела ў самалёце, прыйшла навіна, што Францішак памёр. Натуральна, я думаў, што ўсё пераносіцца на пазнейшы час. Я патэлефанаваў у сакратарыят Ватыкана. Там адказалі: «Пачакайце, мы зараз разбярэмся, бо, бачыце, сітуацыя вельмі неардынарная». Ужо ўвечары ператэлефанавалі і сказалі, што хрост адбудзецца. Маўляў, гэта меркаванне ўсяго сакратарыята, які застаецца да прыходу новага пантыфіка. І сказалі: раз Папа паставіў сваю пячатку, то ўсё адбудзецца.

Хрышчэнне сыноў Алега Каўрыгіна. Ватыкан, 22 красавіка 2025 года. Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Цырымонія хросту доўжылася каля 40 хвілін. Паводле слоў Каўрыгіна, кардынал, які яе праводзіў, нават расплакаўся.

— Ён казаў, што, нягледзячы на тое, што Папа Францішак памёр, ён зараз нябачна з намі. Што смерць і жыццё ідуць побач. І мы павінны пра гэта памятаць і разумець, што жывём у вечнасці. Вельмі прыгожыя словы. Сказаў, што благаславенне маіх дзяцей на хрост — сапраўды апошні такі дакумент, які ён падпісаў, — апісвае суразмоўца. — Потым сыны гулялі і бегалі па зале. А праз пару дзён у ёй размаўлялі Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі. Хто б мог падумаць, што мы станем сведкамі такіх гістарычных падзей.

Каментары3

  • Пракоп
    07.05.2025
    ....адзін судак тож з колькай навяшчау аргентыйскага камуніста
  • даведка
    07.05.2025
    Дети Ковригина были крещены в соборе не отрывая глаз от планшета и смартфона.
  • $
    07.05.2025
    Няўжо "бясплатныя аперацыі для святароў" не форма аплаты?
    Мабыць, не за канкрэтную паслугу, а так, "крэдытам" за магчымасць прыярытэтна вырашаць некаторыя пытанні.

Цяпер чытаюць

«Стаўленне як да скаціны». Прарасійскі блогер расказаў пра 25 сутак ў ІЧУ3

«Стаўленне як да скаціны». Прарасійскі блогер расказаў пра 25 сутак ў ІЧУ

Усе навіны →
Усе навіны

Кадыраў таксама кепска бачыць, але не носіць акуляры. У кадр трапілі паперы, з якіх ён чытаў2

«Муж прымушаў мяне займацца сэксам утраіх». Гісторыя гвалту, якога ніхто не заўважаў33

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з бульбай13

У Мінску прадаюць звычайны звонку дом, але з багатым начыннем: пазалотай, ляпнінай і карцінамі на сценах

Байдэн: Уладзіміру Пуціну патрэбна ўся Украіна, а не яе частка11

Z-палітолаг Лазуткін кінуў Z-журналістку Шыбкоўскую20

«Мяне ўзялі ў лепшых традыцыях СССР. Адзін галубец паспеў з’есці, а другі не. Толькі смятанай яго паліў»2

ДАІ пачне закрываць аўташколы за дрэнныя вынікі вучняў3

У Варшаўскім універсітэце студэнт-юрыст з сякерай напаў на кампус і адсёк вахцёрцы галаву24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Стаўленне як да скаціны». Прарасійскі блогер расказаў пра 25 сутак ў ІЧУ3

«Стаўленне як да скаціны». Прарасійскі блогер расказаў пра 25 сутак ў ІЧУ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць