Біл Гейтс вырашыў раздаць амаль усе свае грошы на працягу найбліжэйшых дваццаці гадоў
«Калі я памру, пра мяне будуць казаць рознае, але я цвёрда настроены зрабіць так, каб пра мяне не сказалі «ён памёр багатым», — напісаў Біл Гейтс.

Заснавальнік Microsoft Біл Гейтс абвясціў, што вырашыў патраціць 99% сваіх грошай на дабрачыннасць на працягу найбліжэйшых дваццаці гадоў, піша Бі-бі-сі.
«Калі я памру, пра мяне будуць казаць рознае, але я цвёрда настроены зрабіць так, каб пра мяне не сказалі «ён памёр багатым», — напісаў Біл Гейтс на сваім сайце, працытаваўшы перад гэтым словы амерыканскага магната і філантропа Эндру Карнегі пра тое, што той, хто памірае багатым, памірае зганьбленым.
Праўда, па стане на зараз, калі Гейтс раздасць 99% сваіх грошай, то ўсё роўна застанецца мільярдэрам. У тэкст пра сваё рашэнне ён уставіў графік, згодна з якім яго стан цяпер ацэньваецца ў 108 млрд даляраў.
Фонд Гейтсаў (Фонд Біла і Мелінды Гейтс) даўно фінансуе праекты ў галіне аховы здароўя і іншых сферах, але цяпер, як патлумачыў заснавальнік Microsoft, ён вырашыў паскорыць траты: калі раней яны з жонкай планавалі, што фонд будзе працаваць дзесяцігоддзі пасля іх смерці, то цяпер ён вырашыў, што фонд раздасць усе грошы і зачыніцца ў 2045 годзе. Гейтсу гэтай восенню спаўняецца 70 гадоў.
Па разліках Гейтса, за гэтыя 20 гадоў яго фонд патраціць каля 200 млрд даляраў — канчатковая сума будзе залежаць ад сітуацыі на рынку і інфляцыі. За 25 гадоў існавання Фонд Гейтсаў ужо вылучыў 100 мільярдаў на ахову здароўя і развіццё ў розных краінах.
У наступныя дваццаць гадоў фонд, як напісаў Гейтс, будзе пераследаваць тры галоўныя мэты: перамога над хваробамі, якія можна прадухіліць, але якія ўсё яшчэ забіваюць маці і дзяцей; перамога над інфекцыйнымі захворваннямі, уключаючы малярыю і адзёр, а таксама выратаванне ад галечы сотняў мільёнаў жыхароў розных краін.
На пытанне, чым выклікана гэтае рашэнне, у інтэрв'ю Бі-бі-сі ў чацвер Гейтс сказаў, што праз дваццаць гадоў у свеце будуць іншыя багатыя людзі, і яны будуць лепш разумець, як дапамагчы людзям вырашаць праблемы.
«Тут справа ў тэрміновасці. Мы можам траціць значна больш, калі толькі не збіраемся жыць вечна, і я ведаю, што гэтыя траты будуць адпавядаць маім каштоўнасцям», — сказаў Гейтс.
Біл Гейтс і Пол Ален заснавалі Microsoft у 1975 годзе. У гэтым годзе гэтаму гіганту ў свеце камп'ютарных і інфармацыйных тэхналогій спаўняецца паўстагоддзя. Сам Гейтс у 2000 годзе сышоў з пасады генеральнага дырэктара кампаніі, а ў 2014 — з пасады старшыні праўлення, а ў 2020 годзе выйшаў з савета дырэктараў.
У інтэрв'ю Бі-бі-сі былы самы багаты чалавек планеты Біл Гейтс зноў абвінаваціў цяперашняга самага багатага чалавека планеты Ілана Маска ў тым, што яго Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання пры адміністрацыі Трампа забівае дзяцей, скарачаючы выдаткі ЗША на дапамогу іншым краінам.
«Гэтыя скарачэнні не проста забіваюць дзяцей, яны забіваюць мільёны дзяцей. Ад самага багатага чалавека ў свеце я такога не чакаў», — сказаў Гейтс.
Каментары
Біл Гейтс - герой канспіралагічных тэорый:
1) адна з папулярных тэорый абвінавачвае яго ў стварэнні COVID-19 для чыпізацыі насельніцтва;
2) рух-секта QAnon сцвярджае, што амерыканскія дэмакраты: Байдэн, Абама, Хілары Клінтан, багацеі Сорас і Гейтс, іншая эліта - ёсць сатаністы, якія эксплуатавалі дзяцей па ўсяму свету для сексу і здабычы з іх крыві лекаў для захавання маладосці ("крывавы паклёп" на новым узроўні), а Трамп - збавіцель ад гэтай навалы.
Маск і Трамп неаднойчы падтрымлівалі канспіролагаў, перасылалі іх паведамленні. Трамп абараняў QAnon, хваліў за патрыётызм, а Маск (нядаўна, у лютым) пісаў, што USAID спансавала біязброю, у тым ліку COVID-19.