Свет

Чэшскага генэрала Вайцяхоўскага, які паходзіў з Віцебска і загінуў у ГУЛАГу, пасмяротна ўзнагародзілі Крыжам абароны дзяржавы

Нашчадкі Сяргея Вайцяхоўскага сабраліся ў Прагу з розных краін свету ў 80-ю гадавіну выдачы чэшскага генэрала ў савецкі ГУЛАГ, піша Радыё Свабода.

Wikimedia Commons

12 мая 1945 года ў вызваленай Празе савецкія органы контрразведкі СМЕРШ прыйшлі ў кватэру генерала Сяргея Вайцяхоўскага і арыштавалі яго. Гэта быў пачатак дарогі ў ГУЛАГ. Дарогі без вяртання.

Праз 80 гадоў нашчадкі генерала, што прыехалі з розных куткоў свету, не толькі ўспаміналі тыя падзеі, але і атрымалі з рук міністаркі абароны Чэхіі высокую ўзнагароду для яго — Крыж абароны дзяржавы.

Карані славутага генерала — у Беларусі, ён нарадзіўся ў Віцебску ў 1883 годзе. Вайсковую кар’еру пачаў у расійскай царскай арміі. У часе рэвалюцыі апынуўся ў Сібіры, дзе яго шляхі ўпершыню сышліся з чэхаславацкімі легіянерамі. Падчас грамадзянскай вайны ваяваў на баку Белага руху.

У 1921 годзе прэзідэнт Масарык запрасіў яго ў маладую Чэхаславакіі — будаваць яе армію. Праз год Вайцяхоўскі атрымаў чэхаславацкае грамадзянства, а ў 1929-м — званне генерала.

Генерал Сяргей Вайцяхоўскі і прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Масарык падчас вайсковых вучэнняў. Першая палова 1930-х гг. Фота: Wikimedia Commons

Як адзін з высокіх вайскоўцаў Чэхаславакіі Вайцяхоўскі выступіў супраць Мюнхенскай змовы, настойваў на тым, што краіна здольная абараніцца і не мусіць перад немцамі капітуляваць. Аднак палітычнае кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Бэнэшам тады вырашыла інакш. У 1939-м генерала накіравалі на пенсію. У часы нямецкага пратэктарату Вайцяхоўскі, нягледзячы на нагляд гестапа, далучыўся да руху антыфашысцкага супраціву «Абарона народу». Але СМЕРШ у святочнай Празе траўня 1945-га на Вайцяхоўскага глядзеў не як на антыфашыста, а перадусім як на «белага» афіцэра і генерала.

Паводле даследнікаў, вельмі імаверна, што ў траўні 1945-га арыштаванага генерала перад тым, як накіраваць яго ў маскоўскую турму «Бутырку», трымалі пэўны час пад пражскім адрасам Dělostřelecká, 11. Размешчаную тут прасторную вілу забралі падчас нямецкай акупацыі ў габрэйскай сям’і Розэнблюмаў, тут жа размясцілася канцылярыя, што займалася высяленнем габрэяў. Пасля прыходу Чырвонай арміі тут раскватаравалі НКВД са СМЕРШам. Тут жа трымалі арыштаваных і брутальна дапытвалі выбітных асобаў з ліку эмігрантаў, некаторыя вязні не перажылі гэтыя допыты. Сёлета ў гэтае месца, акурат 9 мая, наведаліся нашчадкі генерала Вайцяхоўскага. Дом з такой змрочнай гісторыяй пасля вайны практычна не выкарыстоўвалі, ён дагэтуль у аварыйным стане. Цяпер ён належыць Міністэрству абароны Чэхіі, якое дало дэлегацыі доступ у будынак у парадку выключэння.

Акрамя гэтага адрасу, сям’я наведала месцы ў Брне і Празе, дзе Вайцяхоўскі жыў, будучы вярхоўным земскім вайсковым начальнікам. У абодвух гарадах ёсць памятныя дошкі, аднак пражская мае больш адметную гісторыю. У доме пад адрасам Konviktská 5, Praha 1, дзе была кватэра генерала, цяпер размешчаны гатэль. Яго італьянскі гаспадар катэгарычна адмовіўся даць згоду на размяшчэнне дошкі: на ягоную думку, згадка пра тое, што некага адсюль забралі ў ГУЛАГ, магла б адпалохаць патэнцыйных гасцей. (Падобная ж гісторыя і з памятнай дошкай Ларысе Геніюш у Празе — не пагаджаецца гаспадар дому).

Урэшце дошку памяці генерала разьмясцілі на суседнім доме, у якім тэхнічнае вучылішча.

Нашчадкі Вайцяхоўскага пасьля ўскладаньня кветак ля дошкі на доме пад адрасам Konviktská 3 у Празе. Зьлева направа: праўнук Марк Вайцяхоўскі, стрыечны праўнук Сяргей Цілі, унучка Гэлен Згагоўскі, унук Сяргей Вайцяхоўскі, праўнук Майкл Вайцяхоўскі з жонкай Сарай. Фота: Радыё Свабода

Як увогуле стала магчыма, што ўлады Чэхаславакіі ў 1945-м за свайго генерала і грамадзяніна не заступіліся, фактычна моўчкі пагадзіўшыся з яго гвалтоўным вывазам? Перадача ў СССР скончылася для Вайцяхоўскага прысудам за антысавецкую дзейнасць і ГУЛАГам, дзе ён памёр у 1951 годзе. Нягледзячы на просьбы сям’і і баявых сяброў генэрала, чэхаславацкае кіраўніцтва вырашыла «не ўмешвацца».

Паводле гісторыкаў, тагачасны прэзідэнт Эдвард Бэнэш палічыў, што сяброўства з СССР — пераможцам у вайне — для яго краіны важнейшае за прыватны лёс генерала. Некалькі дзесяцігоддзяў імя генерала для шырокай чэшскай грамадскасці (калі не лічыць даследнікаў і гісторыкаў) паступова ўпадала ў забыццё.

У савецкі час Прага, напрыклад, ушаноўвала маршала Конева — і помнікам паблізу пасольства СССР, і вуліцай яго імя. Нядаўна помнік маршалу прыбралі і перадалі ў музей, а вуліцу Конева перайменавалі. Паступова вяртаецца памяць пра Вайцяхоўскага як аднаго з заснавальнікаў чэхаславацкай арміі. Гэтым разам нашчадкі Вайцяхоўскага атрымалі з рук міністаркі абароны Чэхіі Яны Чэрнахавай Крыж абароны дзяржавы, якім Сяргей Вайцяхоўскі ўзнагароджаны in memoriam.

Вяртанне Вайцяхоўскага ў шэраг герояў найноўшай чэшскай гісторыі адбываецца шмат у чым дзякуючы грамадскім ініцыятывам. Раней, у часы Вацлава Гаўла, генерал Вайцяхоўскі (таксама пасмяротна) атрымаў найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Чэхіі — Ордэн Белага Льва. На гэту ўзнагароду яго намінавала суполка «Яны былі першымі», што займалася лёсамі чэхаў і славакаў, вывезеных у ГУЛАГ.

Чэшскі гісторык Габрыела Гаўлуева, заснавальніца суполкі Захавання памяці чэшскага супраціву, пайшла далей за архівы: яна асабіста наведала былы Азярлаг паблізу Тайшэту і ўпэўнілася, што сьляды генэрала Вайцяхоўскага жывыя ў памяці тамтэйшых людзей. Але магілу яго, на жаль, знайсці не ўдалося (вязняў ГУЛАГу хавалі, як вядома, у масавых магілах). Нягледзячы на гэта, яна ўстанавіла там мемарыяльную дошку. Дзякуючы даследніцы сучасныя пакаленні Вайцяхоўскіх аднавілі кантакт з Чэхіяй. У часе свайго візіту яны таксама падалі заяву аб вяртаньні іхнаму продку чэскага грамадзянства.

Гісторык Гаўлуева кажа, што ўжо спрабавала ўстанавіць дошку свайму ўлюбленаму герою і ў Віцебску, і нават знайшла чэшскага фундатара. Пакуль, паводле яе словаў, справа спынілася на тым, што ўдалося высветліць: дом, дзе нарадзіўся легендарны генерал Сяргей Вайцяхоўскі, у Віцебску не захаваўся.

Каментары

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Усе навіны →
Усе навіны

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы: Ёсць толькі адзін прэзідэнт, і яго імя Нікалас Мадура20

Кітайская кампанія BYD абагнала Tesla і стала найбуйнейшым у свеце прадаўцом электрамабіляў5

«Праз пяць хвілін ужо ведаў міністр». Саладуха расказаў пра страшную аварыю год таму3

Латушка пасля захопу Мадура агучыў адзіны сцэнар для атачэння Лукашэнкі14

Бабарыка расказаў, якую параду яму даў просты чалавек, які застаўся ў Беларусі52

Трамп пра Мачада: У яе няма падтрымкі ўнутры краіны, хоць яна вельмі мілая жанчына14

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае29

Як сачылі за Мадура?10

Нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада: Мы гатовыя ўзяць уладу ў Венесуэле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць