Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам
Баранавіцкі падлетак з сям'і, звязанай з сілавікамі, выдаў сябе за праграміста «Новай Беларусі» і разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным выставіў абвіначванне Паўлу Ліберу, прыкрыўшыся сфабрыкаванымі скрыншотамі. Расказваем дэталі феерычнай гісторыі.
Блогер Сяргей Пятрухін выступіў з гучным выкрыццём, атакаваўшы айцішніка Паўла Лібера ў сваім новым выпуску. На пару з Пятрухіным у кадры з’явіўся ўраджэнец Баранавіч Аляксей Бурбіцкі, якому яшчэ месяц да 18-годдзя.

Сяргей Пятрухін дзякуе хлопцу, які «адкрыта пагадзіўся распавесці аб праблеме, не хаваючы твару».
«З 2024 года я працаваў у праграме Паўла Лібера «Новая Беларусь», — пачынае падлетак, які ў названым годзе толькі выпусціўся са школы. Свае ўяўныя абавязкі ён апісвае абстрактнай фразай: «Адміністраванне асобных блокаў і распрацоўка невялікіх праграмных модуляў».
Бурбіцкі дадае, што «валанцёрыў за невялікія грошы» да моманту, пакуль яго не выгналі, таму што ён даведаўся нязручную праўду.
Калі скараціць гісторыю, то 6 студзеня 2025 года на электронную пошту «Новай Беларусі», да якой нібыта быў доступ і ў Бурбіцкага, прыйшоў ліст з патрабаваннем выплаты аднаго біткойна за вяртанне доступу да праграмы: маўляў, усе персанальныя даныя былі выкрадзеныя хакерамі, людзі ў Беларусі аказаліся ў небяспецы.
Бурбіцкі патрабаваў галоснасці, але Павел Лібер нібыта пад пагрозай дэпартацыі з Польшчы забараніў яму (і неназваным іншым) выносіць сітуацыю ў публічную сферу, а потым, каб схаваць сляды, перайменаваў праграму з «Новай Беларусі» ў «Svae».
Бурбіцкі намякае, што Лібер грошы хакерам усё ж такі заплаціў. «Параіўшыся са сваімі куратарамі», — тлумачыць логіку дзеянняў Лібера хлопец.
Увесь тэкст, напісаны пратакольнай мовай, ён зачытаў з экрана, сваімі словамі хлопец не сказаў нічога. «Народны рэпарцёр» Сяргей Пятрухін не задаў яму ніводнага ўдакладняючага пытання, нават у відавочна тонкіх месцах.
Сваю гісторыю Бурбіцкі падмацаваў сфабрыкаванымі скрыншотамі перапіскі з Ліберам і ягоным братам.
Можна было б скончыць гэтую гісторыю каментарыем самога Паўла Лібера, які тлумачыць, што Бурбіцкі ніколі не працаваў, не валанцёрыў і не быў побач з «Новай Беларуссю», а прыведзеная інфармацыя аб узломе лёгка правяраецца — у «Новай Беларусі» проста няма чаго ўзламваць, сама логіка платформы ў тым, каб беларускі бізнэс за мяжой пакідаў звесткі пра свае паслугі, а эмігранты ведалі, дзе купляць у сваіх.
Чытайце: 17-гадовы стартапер заявіў, што базу карыстальнікаў «Новай Беларусі» ўзламалі. Лібер адказвае: абвінавачванне абсурднае
Але ёсць іншыя займальныя падрабязнасці пра маладога стартапера.
Няпростая сям’я
Хто такі гэты Аляксей Бурбіцкі? Чым ён займаецца ў Польшчы? Для чаго вырашыў абылгаць Лібера? Некаторыя адказы могуць даць падрабязнасці ягоных прыгодаў у Варшаве, а таксама інфармацыя «Белпола» і аналіз сацыяльных сетак ягоных сваякоў.
Хлопец нарадзіўся ў Баранавічах у чэрвені 2007 года ў сям'і прадпрымальніка Сяргея Бурбіцкага і падатковага інспектара Святланы Бурбіцкай (Чарняўскай).

Чым цяпер займаецца Святлана, незразумела, а Сяргей зарабляе вырабам раставых кветак у Баранавічах.
У іх таксама ёсць старэйшы сын Павел, які жыве ў Варшаве. Павел Бурбіцкі аказвае паслугі па перавозцы пасылак з Польшчы ў Беларусь і Расію, а таксама — па перавозцы жывёлаў як польскі індывідуальны прадпрымальнік з гандлёвай маркай PetsTrans. Гэтай дзейнасцю Павел заняўся вясной 2022-га. Павел наведвае канферэнцыі перавозчыкаў у Расіі.
Агулам сям'я Бурбіцкіх вялікая, і большасць мужчын старэйшага пакалення выбралі службу ў войску.
Адзін з дзядзькаў па бацьку — Аляксандр Бурбіцкі — падпалкоўнік міліцыі запаса, служыў у Ляхавічах. На пенсію выйшаў у 2016-м.

Іншы дзядзька, Рыгор Бурбіцкі, жыве ў Расіі і займаецца патрыятычным выхаваннем курсантаў расійскіх вайсковых вучэльняў.

Цётка Ганна Бурбіцкая паэт.
«Русская баба сильна и могуча,
Вмиг улетает навозная куча.
Каши наварит, барак уберет,
а если бухнет, то и рыло набьет», — такімі радкамі яна суправадзіла сваё фота ў Аднакласніках за 2022 год.

Апошні допіс, які лайкнула ў «Аднакласніках» мама юнага праграміста, 8 мая 2025-га, гэта парадны лук падпалкоўніка Ігара Вяткіна, да нядаўняга часу — вайскоўца галоўнай ваеннай інспекцыі Міністэрства абароны Беларусі і баранавіцкага вайсковага камісара, а цяпер, імаверна, «кадравіка» 558-га авіярамонтнага завода.

Ігар Вяткін, мяркуючы па ягонай актыўнасці, з'яўляецца даўнім і блізкі сябрам сям'і Бурбіцкіх: ён адзначыў падабайкамі многія сямейныя фота. Службу Вяткін пачынаў як супрацоўнік палітаддзела ВЧ 52735.

У 2020—2022 гадах ніхто з Бурбіцкіх не затрымліваўся і не меў адміністрацыйных пратаколаў.
Як жа самы малодшы з іх прыйшоў да «антыдзяржаўнай» дзейнасці ў «Новай Беларусі»? Бо па цяперашнім беларускім рэпрэсіўным заканадаўстве праца Аляксея Бурбіцкага на «экстрэмісцкае фармаванне» можа скончыцца крымінальнай справай на яго.
Цяпер, разумеючы кантэкст, можна засяродзіцца і на сапраўднай актыўнасці маладога «выкрывальніка Лібера».
Спроба дэананімізаваць маркетолагаў «Новай Беларусі»
Калі і як непаўналетні Аляксей Бурбіцкі апынуўся ў Варшаве — незразумела. У 2015 годзе — зусім малым, — ён пачаў весці старонку ў інстаграме, якую потым закінуў і завёў новую, якая цяпер увогуле пустая.

Але вясной 2025-га з’явіўся ІТ-прадпрымальнік, стартапер з прэтэнзіяй на еўрапейскі рынак, «стваральнік будучыні» Aleksy Burbicki.
У чым была задума стартапа? У стварэнні маркетплэйса, барахолкі, для рускамоўных у Еўропе, EuroMarket.
Ці быў, уласна кажучы, сам стартап? Не, ніякага тэхнічнага рашэння не было, былі толькі карцінкі з апісаннем ідэі.
З гэтымі карцінкамі Бурбіцкі пайшоў у Беларускі моладзевы хаб у Варшаве, расказаў пра вялікую каманду распрацоўшчыкаў па ўсёй Еўропе, з адной мэтай — каб там яму дапамаглі пазнаёміцца з праграмістамі і маркетолагамі «Новай Беларусі».
Прадукты ж падобныя, маўляў, спатрэбіцца парада і экспертыза.
«Перадусім яму патрэбны былі маркетолагі, якія прасоўвалі дадаткі «Новая Беларусь» і Svae», — кажа адзін са сведкаў камунікацыі з Бурбіцкім.
Бурбіцкі папрасіў пляцоўку для прэзентацыі стартапа, запрасіў туды супрацоўнікаў «экстрэмісцкага фарміравання», каб правесці прэзентацыю свайго неіснуючага прадукта.
Яна прайшла 18 красавіка 2025 года ў Варшаве.
«Ніхто з цікавых яму людзей не прыйшоў, але сам Бурбіцкі прыйшоў з… фатографам», — дадаў суразмоўца «Нашай Нівы».
Здымкаў фатографа мы не маем, запісаўся на сустрэчу ён як Yaraslau Zhda.
Апроч гэтых двух людзей і супрацоўнікаў «Хаба», на сустрэчы больш нікога не было.
Пра сябе 17-гадовы Аляксей расказваў у сацсетках, што выехаў з Беларусі, «таму што ўцякае ад прызыву ў войска».
Адначасова з гэтым хлопец бамбіў сацыяльныя сеткі Паўла Лібера, каб той з ім сустрэўся і выслухаў. Той адказаў, што стартапаў не ацэньвае.
«Наша Ніва» таксама звярнулася па дадатковы каментар да самога Аляксея. Ён адмовіўся адказваць на пытанні Рэдакцыі:
«Усё, што ў мяне было, я ўсё расказаў Сяргею Пятрухіну, якому давяраю. Больш мне дадаць няма чаго. Усе доказы я яму таксама даў».
Адмовіўся ён і пацвердзіць факт ліставання з Паўлам Ліберам.
Трэба адзначыць, што першымі гісторыю нібыта ўзлому «Новай Беларусі» напачатку 2025-га сталі распаўсюджваць каналы, звязаныя з беларускай міліцыяй, а таксама блогер-канспіролаг Кандраценка (Вірус). Тады гэту інфармацыю абверглі, але новае жыццё гэтаму ўкіду даў Сяргей Пятрухін.
Каментары