«Заробку 3600, як кажуць у статыстыцы, у нашай сям'і няма». Беларусы расказалі, колькі зарабляюць і як размяркоўваюць бюджэты
Беларусы ўнутры краіны расказалі выданню «Салідарнасць» пра свой узровень жыцця — колькі зарабляюць, на што трацяць і ці ўдаецца адкладаць. Усе імёны суразмоўцаў змененыя.

Юлія, 20 гадоў. «Любы вольны час плануем за месяц»
— Я жыву з бабуляй і цёткай. Дзякуй сям'і, што хаця б пытанне жылля ў мяне закрытае. Працую барыстай, у сярэднім выходзіць каля 1,5 тысячы рублёў. Палова з іх ідзе на ежу. Адкладаць так, каб у мяне былі назапашаныя грошы, не выходзіць. Калі адкладаю, то на рэчы кшталту зімовай курткі.
Раней часта пазычала грошы. Напрыклад, заробак у пятніцу, але ў панядзелак у мяне скончыўся шампунь. Цяпер на такія выпадкі ёсць 100‑200 рублёў у запасе. Іх жа трачу, калі заробак затрымліваюць.
На забавы ідзе 100‑150 рублёў у месяц — гэта прыкладна дзве сустрэчы ў кавярні ці бары. Часам таксама хаджу ў басейн. Любы вольны час мы з сябрамі плануем: напрыклад, дамаўляемся, што праз месяц ідзем у бар і трацім там 100 рублёў.
Па назіраннях — моладзь цяпер імкнецца вучыцца фінансавай пісьменнасці. А старэйшаму пакаленню рэальна не хапае грошай. Асабліва цяжка цяпер усім са здароўем — платныя прыёмы ў доктара, як і лекі, вельмі дарагія. На гэта заўсёды трэба адкладаць.
Ксенія, 26 гадоў. «Для камфортнага жыцця ў Гродне трэба атрымліваць 3500‑4000 рублёў на аднаго»
— Я нядаўна пераехала, таму адпаведныя выдаткі. Калі пачынала шукаць працу ў Гродне, думала, што атрымліваць 2000‑2500 рублёў, маючы сваё жыллё — гэта раскошны максімум.
Цяпер, акрамя асноўнай працы, бяру дадатковыя праекты — у месяц выходзіць плюс-мінус 3000 рублёў. І я сыходжу ў нуль. Большую частку грошай трачу на рамонт і навучанне — пайшла ў аўташколу і на павышэнне кваліфікацыі. Калі скончу рамонт, падпрацоўваць перастану — мой штомесячны даход будзе каля 2200 рублёў.
З абавязковых выдаткаў у мяне камуналка і аплата тэлефона — гэта каля 200 рублёў, а таксама ежа — каля 800 рублёў. Астатняе будзе ісці на абанемент у басейн, адзенне па неабходнасці і вольны час кшталту паходу ў тэатр. Плюс навучанне і касметыка. Адкладаць з гэтых грошай, думаю, не атрымаецца.
Лічу, што для камфортнага жыцця ў Гродне трэба атрымліваць 3500‑4000 рублёў на аднаго, маючы сваё жыллё. Выходзіць, мой «раскошны максімум» за пяць месяцаў павялічыўся ўдвая. Але і цэны за гэты час выраслі ў геаметрычнай прагрэсіі.
Калі казаць па назіраннях, то мая сям'я — сярэдні клас. На нагах стаяць цалкам упэўнена, хоць выдаткі на прадукты ў апошні час імкнуцца скарачаць. Пры гэтым раней куплялі ўсё, што хацелася. Вось бабулі грошай не хапае, у яе толькі пенсія.
На падарожжа ніхто з нас не адкладае, спачатку хочам закрыць патрэбу ў рамонце. Ды і выехаць цяпер складана.
Настасся, 32 гады. «Захацелі міні-трактар у вёску — купілі»
— Пачынаючы з восені мінулага года мы жылі на заробак мужа — гэта каля 1300 еўра (каля 4400 рублёў). У нас няма дзяцей, але ёсць кошка і машына.
Грошай у цэлым хапала, але, бывала, даводзілася думаць, браць што-небудзь ці не. Запісвалі кошку да ветэрынара толькі на першыя два тыдні пасля заробку, паколькі ніколі не ведаеш, колькі аддасі грошай. Пры гэтым мы стараліся адкладаць грошы на паездкі і падарункі сваякам на дні нараджэння.
Цяпер я знайшла працу, але заробак яшчэ не атрымлівала. Спачатку хачу пакрыць асабістыя патрэбы, якія да гэтага не магла дазволіць, а потым адкладаць на падарожжа.
За апошнія пяць гадоў наш даход вырас, але і патрэбы таксама, так што заўсёды адчувалася нейкая складанасць: растэрміноўкі на тэхніку, аплата навучальных курсаў.
У нашых бацькоў сітуацыя адрозніваецца. Мае добра зарабляюць. Захацелі міні-трактар у вёску — купілі. У наступным месяцы яшчэ нешта купяць. Плюс аплачваюць вучобу сястры.
Свякроў зарабляе менш за 1000 рублёў, свёкар больш. Але яны ўмеюць збіраць. Некалькі гадоў запар ездзяць у санаторый на 7‑10 дзён з падтрымкай прафкама, плюс самі даплачваюць.
Надзея, 52 гады. «Вельмі ратуе карта растэрміноўкі «Халва»
— Асноўная частка выдаткаў — гэта прадукты. Яны няўхільна растуць у цане. У рэстараны мы наогул не ходзім, машыны таксама няма. Дзеці выраслі, грошай не просяць. Дачцэ плацім за навучанне, але тут нам проста пашанцавала — здаем кватэру, якая дасталася ў спадчыну.
Акультурвацца цяпер дорага — за год у тры разы выраслі цэны на балет. На адпачынак часам ездзім. Летась гэта была Турцыя, але ў гэтым цана ўжо непад'ёмная, не паехалі. Рэчы таксама стараемся радзей купляць, бо шопінг усё менш даступны, асабліва ў крамах накшталт Zara і Mango.
Адносна атачэння — ёсць знаёмыя, якія зарабляюць значна менш за мяне, ёсць тыя, хто значна больш. Людзі, якія трохі зарабляюць, умудраюцца адкладаць, але якім коштам. Яны ядуць дрэнную ежу, нікуды не ходзяць, не выязджаюць, гардэроб абнаўляюць у сэканд-хэндзе на Ждановічах, а дзеці не атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Яны адкладаюць на старасць.
У мяне ашчаджэнняў няма. Можа, пашкадую ў старасці, але трымаць сябе ў чорным целе не магу.
Іншая катэгорыя знаёмых — тыя, якія не маюць патрэбы ў грошах. Купляюць сабе розныя дарагія рэчы, потым трацяць цікавасць, купляюць зноў. Заўважыла, што эмоцый у іх асабліва няма. Так што нават не ведаю, каму тут лепш.
Вяртаючыся да сябе, скажу, што заробку ў 3600, як кажуць у статыстыцы, у нашай сям'і няма. Я не магу купіць усе прадукты, якія хачу. Той жа ласось, фісташкі. Пры гэтым заўважыла, што ў краме ў кожнага другога ў вазку ёсць алкаголь. У кагосьці даражэйшы, у кагосьці таннейшы. Людзі шмат п'юць.
Яшчэ адзначу, што вельмі ратуе карта растэрміноўкі «Халва». Калі ў нас быў капітальны рамонт, то купляла тэхніку, каструлі, патэльні, куфлі. Часам лепш нешта даражэй ўзяць, але ў растэрміноўку — даўжэй праслужыць. А так у месяц 10 рублёў плаціш, гэта наогул незаўважна.
Інга, 43 гады. «Ад заробку да заробку»
— Я б сказала, што і мая сям'я, і сем'і ў маім атачэнні — жывем ад заробку да заробку. Бывае і ўвогуле: атрымаеш заробак, а праз чатыры дні грошай няма.
У нас з мужам на дваіх у месяц выходзіць каля трох тысяч рублёў. Самая вялікая частка выдаткаў — гэта ежа. Потым ідуць рэчы. Апранаемся ў асноўным на рынку, у крамах мас-маркет або заказваем на Wildberries.
Таксама кожныя тры тыдні я раблю пакрыццё гелем на руках і раз у месяц педыкюр без пакрыцця — гэта прыкладна 100 рублёў. У скарбонку стараемся перыядычна адкладаць, але гэтыя грошы там доўга не ляжаць. Прычым трацім іх не на нейкія важныя рэчы, а проста на жыццё, калі заробку не хапае.
Адпачываць у цёплыя краіны не ездзім наогул. Раз на год-паўтара можам выехаць у Польшчу ці Літву, раз на год у нейкі беларускі горад.
Калегі, па назіраннях, жывуць гэтак сама. Асабліва не хапае тым, у каго ёсць дзеці або крэдыты.
Беларускія чыноўнікі знялі серыял для падлеткаў. «Выдаліце мне інтэрнэт», — просяць тыя, хто глядзеў
Беларуская фатографка не разумее, чым беларусаў вабіць Еўропа. Ёй папулярна растлумачылі
Канфлікт у мінскай школе: Дырэктар не пусціў сына на ўрокі з-за знешняга выгляду
«Куды глядзіць санстанцыя?» У сталоўцы, дзе харчуюцца сляпыя людзі, прадаюць катлеты з сырым мясам
Каментары