Па мінскім вакзале ходзіць мужчына са стосам грошай у руках, але просіць грошы на квіток
Схема «дайце грошай на праезд» працягвае абкатвацца рознымі персанажамі. Дзмітрый западозрыў, што сутыкнуўся якраз з такім серыйным збіральнікам грошай на білеты — той просіць 10—20 рублёў, але нікуды не з’язджае, піша Onliner.by.

Дзмітрый кажа, што заўважае мужчыну каля чыгуначнага вакзала ў Мінску ўжо трэці раз. Той трымае ў руках стос грошай і паралельна просіць дапамагчы з білетамі ў Расію — для гэтага трэба 10—20 рублёў.
Гісторыя ў раёне вакзала з грашыма на білет магла б быць пераканаўчай, але Дзмітрыю яна падалася падазронай.
— Калі я яму сказаў, што ён падыходзіць трэці раз, і папярэдзіў, што гэта спосаб махлярства, ён сказаў, што гэта справа кожнага — даваць грошы ці не даваць, ён юрыст і ведае законы. Папрасіў не крыўдаваць, калі яшчэ раз падыдзе калі-небудзь.
Паводле слоў зборшчыка, у яго доўг і яму трэба вярнуць $30 000 — іншых падрабязнасцей пра яго Дзмітрый не ведае, але ён палічыў такія зборы сумніўнымі.
— Бывае, каму сапраўды не хапае, але гэта трэці раз сітуацыя з ім. Шкада людзей, якія зарабляюць і аддаюць проста так грошы. Гэта можна назваць па законе махлярствам, калі гэта адбываецца не першы раз? — задаецца пытаннем Дзмітрый.
Ці сапраўды мужчына не збіраецца вяртаць грошы? Такіх доказаў няма, але аналагічных гісторый хапае.
Нагадаем: каб уключылася крымінальная адказнасць, калі чалавек узяў грошы «на білет» і не вяртае, у фізасобы павінна быць скрадзена больш за дзве базавыя велічыні (84 рублі). Калі дзве базавыя і менш — адміністратыўка (штраф ад 2 да 30 базавых, грамадскія работы, арышт да 15 сутак).
Каментары