«Вы за ўсё адкажаце». Беларусам на прайдзе ва Уроцлаве таксама пагражалі невядомыя
Пасля інцыдэнту на ЛГБТ-прайдзе ў Вільні, дзе тым, хто нёс бел-чырвона-белы сцяг у беларускай калоне, пагражалі расправай ад імя неназваных беларускіх ваяроў, нацыяльная сімволіка зноў стала прычынай сутыкнення — гэтым разам на прайдзе ў польскім Уроцлаве.
Наста Сасыкбаева, арганізатарка беларускай калоны на прайдзе ва Уроцлаве, побач з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» з вясёлкай, якія сталі прычынай нападак на ўдзельнікаў. Фота: Fundacja Spadczyna Białorusi, BelPride.Wro.
Марш роўнасці прайшоў у той жа дзень, што і Балтыйскі прайд у Вільні — у суботу, 7 чэрвеня. Беларуская платформа на прайдзе была ўпрыгожана вялікім надпісам «Каханне», бчб-сардэчкамі з назвамі беларускіх гарадоў, запісанымі беларускай лацінкай, белымі і чырвонымі балонікамі і вялікім бел-чырвона-белым сцягам з «Пагоняй» на вясёлкавым фоне.
Не першыя нападкі
Для беларускай дыяспары ва Уроцлаве гэта ўжо чацвёрты запар год, калі яна бярэ ўдзел у прайдзе. У першы год гэта былі проста бчб-сцягі, які выклікалі шквал хэйту і пагроз у сеціве. На другі год з'явілася вясёлкавая «Пагоня». У гэтым жа годзе дадаліся майкі з нацыянальнымі арнаментамі, вышытымі ў вясёлкавых колерах, што, па словах арганізатараў, было спробай «паказаць наш культурніцкі код».

Сёлета каля беларускай платформы была ўзмоцненая ахова, бо правакацыі здараліся і раней: летась мужчына спрабаваў сарваць сцягі, а хлопец на ровары кідаўся абразамі і забараняў выкарыстоўваць беларускія сцягі.
«Вы за ўсё адкажаце»
Паліцыя аказалася дарэчы, бо сёлета, як і ў выпадку прайда ў Вільні, беларуская нацыянальная сімволіка стала прычынай канфлікту паміж праціўнікамі ЛГБТ і ўдзельнікамі беларускай калоны.
Як расказала «Нашай Ніве» арганізатарка беларускай калоны Наста Сасыкбаева, на прайдзе ў суботу з’явіліся трое невядомых маладых людзей, апранутых у чорнае і хакі, з «Пагоняй». Двое з іх засталіся проста стаяць і назіраць за беларускай калонай, тады як да ўдзельнікаў прайда падышоў трэці, чый твар быў схаваны пад шалікам-балаклавай.

Ён падышоў да бчб-банера і пачаў пазіраваць, быццам хацеў, каб яго сфатаграфавалі. Але пасля пачаў прад’яўляць арганізатарцы прэтэнзіі за выкарыстанне на прайдзе бела-чырвона-белага сцяга і за тое, што на «Пагоні» ёсць вясёлкавая паласа. Ён пытаўся ва ўдзельнікаў прайда, ці ведаюць яны, што гэта за сцяг і якую ён мае гісторыю.
Паводле слоў Насты, калі яна прапанавала не сварыцца, а проста дапамагчы ўпрыгожыць платформу звычайнымі бел-чырвона-белымі балонікамі, хлопец адмовіўся, заявіўшы, што «нават блізка не датыкнецца да гэтай платформы».
Калі арганізатарка адказала, што яны, вядома, ведаюць і што гэта за сцяг, і яго гісторыю, хлопец, як і ў выпадку канфлікту ў Вільні, звярнуўся да аўтарытэту беларускіх ваяроў:
«Вы хоць ведаеце, за што змагаюцца нашы хлопцы ва Украіне?» — пытаўся ён.
«Ведаем — за дэмакратычныя каштоўнасці. А вы як думаеце, за што яны змагаюцца?» — адказвала Наста.
Беларускія ўдзельнікі прайда таксама казалі, што калі яны змагаюцца за дэмакратычныя каштоўнасці, то значыць змагаюцца і за тыя меншасці, якіх прыгнятаюць.

Хлопец у адказ пачаў ціснуць на тое, як, маўляў, будуць адчуваць сябе тыя хлопцы, якія змагаюцца ва Украіне, гінуць і трапляюць у палон, калі «вы бераце гэты сцяг і апаганьваеце яго».
«Яны не за гэта змагаюцца», — заявіў хлопец удзельнікам прайда.
Удзельнікі беларускай калоны спыталі, як быць са сцягамі розных раёнаў, якія масава ўзнікалі ў 2020 годзе на аснове бчб-сцяга і часта мелі несур’ёзны, іранічны змест, але запамінальныя і зразумелыя адсылкі на назвы ці асаблівасцей раёна.
«Гэта таксама можна прыняць за нейкае «апаганьванне нацыянальнай сімволікі». Калі яе змянялі тады, то чаму нельга тут?» — пыталіся ўдзельнікі марша.
«Яны з намі чамусьці размаўлялі на расейскай мове, а не на беларускай. Калі вы за Беларусь і супраць Расіі, дык чаму звяртаецеся на расейскай? У іх не было адэкватнага адказу на гэта, яны казалі: «А вы ведаеце, што расейская мова многіх уратавала?». Мы не зразумелі, што гэта за аргумент такі быў», — згадвае адна з дзяўчат.

Калі хлопцы заўважылі, што іх пачалі здымаць на камеру, то пачалі хаваць свае твары і адыходзіць ад беларускай калоны.
Тады ж пасыпаліся і пагрозы, хлопец пачаў крычаць, што «вы за ўсё адкажаце, мы гэта проста так не пакінем» і што фотаздымкі ўдзельнікаў «кудысьці адашлюць».
Звяртаючыся да арганізатаркі, ён дадаў: «Добра, што і ты там на гэтых фотках ёсць».
«Вы дадаяце ў наш сцяг свае піда*скія колеры!», — пракрычаў на развітанне хлопец у балаклаве.
Арганізатарка беларускай калоны лічыць, што такія выпадкі — гэта «спланаваная акцыя, каб запужаць людзей, каб яны не выходзілі і не заяўлялі аб сваіх правах».
Па словах Насты, інфармацыя пра здарэнне дайшла да польскай паліцыі.

Нягледзячы на інцыдэнт, арганізатары плануюць і надалей выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку на прайдах, бо лічаць, што маюць на гэта поўнае права і што «Беларусь павінна прысутнічаць на такіх мерапрыемствах».
Цяпер ЛГБТ-актывісты з апаскай чакаюць аналагічных правакацый на Варшаўскім прайдзе, які пройдзе ў цэнтры польскай сталіцы 14 чэрвеня. Чакаецца, што ён збярэ ў разы больш беларусаў, чым у Вільні ці Уроцлаве, але і больш праціўнікаў.
«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга
Андрэй Павук прыйшоў на прайд у Вільні ў форме міліцыянта з чырвона-зялёным сцягам. Чаму?
У Расіі затрымалі супрацоўнікаў выдавецтва «Эксмо» па справе аб экстрэмізме з-за «прапаганды ЛГБТ»
«Яны крывадушнікі проста». Беларускі нацыяналіст выказаўся пра «правы разварот», Трампа, прарасійскасць і мігрантаў не з Беларусі
Каментары
Аусеж Тутака былі іньшыя сцягі стужкі аб адкуль хто ?Ці "вяселкавые" выкарыстоўвают увогуле дзярж.сымволікі сваю ? Яныж інтэрнацыяналісты глабалісты..