Грамадства11

«Хачу ўбачыць маму жывой». Экс-палітвязні, якіх дэпартавалі з Беларусі ўсяго за паўгода да вызвалення, расказалі пра свае пачуцці

Мікалай і Іван (імёны змененыя) былі сярод 123 палітвязняў, якіх 13 снежня вызвалілі і вывезлі з Беларусі. Абодвум заставалася правесці ў калоніі крыху больш за паўгода. Цяпер яны ў Польшчы і праходзяць працэдуру легалізацыі, але кажуць, што ім было б лягчэй даседзець тэрмін і застацца з сем'ямі ў Беларусі. Most запісаў іх гісторыі.

Аўтобус, які прывёз экс-палітзняволеных з Украіны ў Варшаву. Фота: Most

«Супрацоўнікі намякалі, маўляў, вас хутка адпусцяць»

Пра тое, што частку «палітычных» могуць хутка вызваліць, Мікалай чуў яшчэ летам. Інфармацыя перадавалася і сярод зняволеных, і сярод супрацоўнікаў калоніі.

«Часам здавалася, што ў калоніі нават пачалася нейкая адліга: «жоўтабірачнікам» дазвалялі раз на тыдзень тэлефанаваць дадому, стала менш прэсінгу, а супрацоўнікі часам намякалі, маўляў, можа, вас хутка адпусцяць. Але да канца лета гэтыя размовы паступова сышлі на нішто», — успамінае Мікалай.

Яго затрымалі летам мінулага года за каментары на «экстрэмісцкіх» рэсурсах. У пачатку гэтага года яму далі два гады пазбаўлення волі. З улікам знаходжання ў СІЗА заставалася сядзець крыху больш за шэсць месяцаў.

«Раніцай [13 снежня] мяне разбудзіў наглядчык. Сказаў збіраць рэчы і ісці за ім. Мяне прывялі ў пакой, дзе ўжо сядзелі іншыя жоўтабірачныя. Я адразу зразумеў: нас будуць вызваляць».

«Стала ясна, што нас не на расстрэл вязуць»

На выхадзе з калоніі на ўсіх надзелі кайданкі — тады Мікалай зразумеў, што, хутчэй за ўсё, вызваленне будзе суправаджацца дэпартацыяй.

Ужо ў аўтобусе палітвязняў прымусілі нацягнуць на вочы чорныя шапкі і забаранілі размаўляць.

«Чатыры гадзіны мы ехалі ў цішыні і амаль поўнай цемры. Я не ведаў, хто побач і куды нас вязуць. Ужо бліжэй да мяжы нас перадалі СБУ. Украінцы знялі шапкі і сказалі: «Не бойцеся, вы ў свабоднай краіне». Тады стала ясна, што нас не на расстрэл вязуць», — успамінае Мікалай.

Калі знялі шапку, ён убачыў у аўтобусе Марыю Калеснікаву, Аляксандра Фядуту і іншых палітвязняў.

«Мы спыніліся і выйшлі з аўтобуса, чакалі, пакуль пад'едзе аўтобус з іншымі вызваленымі… Людзі абдымаліся, былі шчаслівыя… Для мяне было вялікай нечаканасцю ўбачыць Машу, Фядуту… У звычайным жыцці, думаю, такое наўрад ці адбылося б», — усміхаецца Мікалай.

Ва Украіне не дазвалялі адпраўляць паведамленні і выходзіць за межы санаторыя

Ва Украіне беларусаў сустрэлі добра, кажа Мікалай. Абследавалі, выдалі тэлефоны і гуманітарную дапамогу — рэчы першай неабходнасці. І адразу папярэдзілі: у краіне вайна, таму трэба быць вельмі асцярожнымі.

«Нам сказалі, што нельга адпраўляць паведамленні родным — можна толькі тэлефанаваць, забаронена фатаграфаваць аб'екты, знаёміцца і мець зносіны з незнаёмымі людзьмі, выходзіць за межы санаторыя. Патлумачылі гэта тым, што можа быць правакацыя з боку Беларусі ці Расіі, і лепш не свяціць сваё месцазнаходжанне».

Праз тры дні Мікалай разам з іншымі дэпартаванымі прыехаў у Польшчу і застаўся ў гэтай краіне. Будучыню ён бачыць размыта.

«Пакуль яшчэ незразумела, што рабіць. Планую аформіць дакументы, адаптавацца, знайсці жыллё, потым па магчымасці працу. Да заканчэння майго тэрміну ў Беларусь вяртацца нельга (Мікалаю не выдалі даведку аб вызваленні, ён не ведае, ці памілаваны ён. — Заўв. Most). А далей — паглядзім па сітуацыі».

«Выбару нам не далі»

У Беларусі ў Мікалая засталася сям'я: жонка, дзеці і пажылая мама. Пагутарыць з ёй пакуль не атрымалася: жанчына жыве ў вёсцы і карыстаецца кнопкавым тэлефонам без інтэрнэту.

«Я быў у яе асноўным памочнікам. Калі мяне пасадзілі, лічы, забралі ў яе адзінага чалавека, хто мог дапамагчы. Усё, чаго я зараз хачу, — паспець убачыць маму жывой».

Мікалай прызнаецца: калі б быў выбар, ён бы адседзеў рэшту тэрміну і вярнуўся дадому да сям'і.

«Але такога выбару нам не далі».

Фатаграфіі родных і абразкі забраць не дазволілі

У такой жа сітуацыі апынуўся і Іван. За каментары ў сацыяльных сетках ён прабыў у зняволенні больш за год. Да вызвалення заставалася паўгода. Мужчына ехаў у тым жа самым аўтобусе, што і Мікалай.

«З турмы трапіў на вайну, а з вайны — у эміграцыю», — кажа Іван.

І хоць рэальных баявых дзеянняў беларус не бачыў, ён чуў, як ляцяць дроны і выбухаюць ракеты.

«Часам даводзілася спускацца ў бамбасховішча, калі гучала сірэна».

У Польшчу Іван прыехаў з невялікай торбай — у ёй рэчы, якія ўдалося прывезці з калоніі. Іх няшмат: сродкі гігіены, сёе-тое з адзення і цукеркі. Фатаграфіі родных і невялікія абразкі забраць не дазволілі.

У Беларусі мужчына жыў у сваім вясковым доме — туды і збіраўся вярнуцца пасля вызвалення.

«Усё жыццё яго будаваў і ўпарадкоўваў для сям'і. А калі вярнуся туды — незразумела».

Каментары1

  • Пішыце лісты
    23.12.2025
    На іх месцы я б напісаў ліст у камісію па вяртанню. Горш не будзе.

Цяпер чытаюць

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч43

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскі «Пеленг» праз вялікі попыт на оптыку будуе новы корпус5

Трамп стаў першым за 100 гадоў дзейным прэзідэнтам ЗША, чый партрэт з'явіўся на манеце10

Мінскі школьнік забаўляўся, кідаючы на галовы дзецям пакеты з вадой10

У брэсцкім парку паставілі «цёплую лавачку» як на могілках ФОТАФАКТ9

У вёсцы на Гродзеншчыне можна купіць палову вуліцы за 315 рублёў3

Памёр Андрэй Салаўянаў4

«Выключылася святло — і ўсё адбылося». Новыя сведчанні пра смерць Андрэя Паднябеннага ў калоніі5

Міліцыя назвала імёны людзей, якіх лічыць датычнымі да «Нашага дома» Вольгі Карач2

На вучэннях на Віцебшчыне ловяць людзей з заплечнікамі і джыпы, якія «збіраюцца прарваць мяжу»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч43

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць