У дакументах па «справе Эпштэйна» знайшлі сляды буйных грашовых пераводаў у Мінск. Зноў усплыло імя Карыны Шуляк
19 снежня Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала больш за 13 тысяч дакументаў са справы памерлага фінансіста Джэфры Эпштэйна, якога абвінавачвалі ў гандлі людзьмі з мэтай іх сексуалізаванай эксплуатацыі. У гэтых дакументах знайшліся пераводы ў Мінск і лісты, якія тычыліся беларускі, імя якой раней ужо фігуравала ў СМІ. Выданне «Люстэрка» вывучыла матэрыялы і публікуе дэталі беларускага следу ў амерыканскім скандале.

Колькі грошай Эпштэйн адправіў у Беларусь
У апублікаваных судовых дакументах «Люстэрка» знайшло два плацежныя даручэнні аб пераводах грошай у Мінск. Абодва падпісаныя Джэфры Эпштэйнам.
Першы перавод — 14 студзеня 2013 года на суму 10 тысяч даляраў. Другі — 15 кастрычніка таго самага года на суму 20 тысяч даляраў.
Імя канчатковага атрымальніка грошай у апублікаваных старонках схаванае. Пазначаны, аднак, код банка атрымальніка, а таксама адрас у Minsky Belarus па вуліцы Koriskogo. Верагодна, гаворка пра вуліцу Карыцкага ў Мінску, размешчаную непадалёк ад станцыі метро «Партызанская».


Каму канкрэтна ў Беларусі пераводзіў грошы амерыканскі фінансіст — напэўна сказаць цяжка. Аднак жа паводле звестак трох анлайн-даведнікаў па пазначаным у дакументах адрасе жыў чалавек з прозвішчам Шуляк. Менавіта такое прозвішча носіць беларуска, якую СМІ называлі сяброўкай Джэфры Эпштэйна.

Што было вядома пра беларускую дзяўчыну фінансіста
Карыне Шуляк цяпер 36 гадоў. Яна выпускніца мінскай школы і былая студэнтка БДМУ. Упершыню яна прыехала ў ЗША ў 2009 годзе, калі ёй было 20 гадоў, паведамляла выданне Daily Mail. Мяркуецца, што неўзабаве яна сустрэла Эпштэйна.
У 2010 годзе фінансіст вызваліўся пасля 13‑месячнага зняволення ў турме па абвінавачванні ва ўцягванні непаўналетняй у прастытуцыю. Тады «ўсе адвярнуліся ад яго, акрамя Карыны, якая была побач да апошняга», сцвярджалі крыніцы Daily Mail. Яны называлі яе шчырай, добрай, прыстойнай дзяўчынай, якая «была па-вар'яцку закаханая ў яго».

Daily Mail сцвярджала, што Эпштэйн аплаціў дарагое лячэнне маці Карыны і дапамог з грашыма для дома яе бацькоў, якія жылі ў Мінску.
Пачынаючы з 2013 года месцам рэгістрацыі беларускі значыўся адзін з Віргінскіх астравоў ЗША, які знаходзіўся ў прыватнай уласнасці Эпштэйна.
У кастрычніку 2013‑га Шуляк заключыла аднаполы шлюб з памочніцай фінансіста Джэніфер Калін. Журналісты сцвярджалі, што шлюб быў фіктыўным — для таго, каб дзяўчына магла заставацца ў Штатах. Праз шэсць гадоў ён быў скасаваны.

Як Эпштэйн дапамагаў беларусцы пачаць практыку ў ЗША (але нешта не зраслося)
У апублікаваных цяпер дакументах ёсць перапіскі, якія тычацца таго, што Эпштэйн браў актыўны ўдзел у кар'еры Карыны Шуляк у ЗША. У 2015 годзе дзяўчына скончыла Тычэрс каледж у Калумбійскім універсітэце. Яе спецыяльнасцю была стаматалогія.
У маі Эпштейн асабіста даручыў даведацца пра ліцэнзаванне стаматолагаў, паколькі «Карына гатовая пачынаць». Фінансіст пісаў непасрэдна да Сесіль дэ Ёнг — жонкі тагачаснага губернатара Віргінскіх астравоў. Тая даслала інфармацыю, але працэс зацягнуўся.
У верасні фінансіст спытаў, ці варта падключыць нейкага Рэндзі — верагодна, уплывовага чыноўніка. Дэ Ёнг асцярожна адказала: «Рэндзі не зусім дыпламатычны, і я не хачу, каб члены рады адчулі, што на іх ціснуць, каб ухваліць Карыну».
Незразумела, ці дапамог Рэндзі, але ў лістападзе Шуляк атрымала неабходныя для працы дакументы. Дзяўчына пераслала іх Эпштэйну, а той — яшчэ некалькім адрасатам з кароткім каментаром «наступны бар'ер».

Скрыншоты перапіскі з расследавання па справе Эпштэйна, апублікаванага на сайце Міністэрства юстыцыі ЗША / justice.gov
Па даных афіцыйных рэестраў, тады ж — у лістападзе 2015 года — Карына атрымала ліцэнзіі для працы дантыстам у амерыканскіх штатах Каліфорнія і Фларыда.
Складана сказаць, працавала беларуска па спецыяльнасці ці абмежавалася атрыманнем дакументаў. Яе кабінет быў зарэгістраваны па тым жа самым адрасе, што і рэзідэнцыя Эпштэйна.
На момант публікацыі тэрмін каліфарнійскай ліцэнзіі Карыны ўжо прамінуў, фларыдская сапраўдная, але мае пазнаку «не практыкуе».
На адной з фатаграфій з асабняка Эпштэйна можна пабачыць стаматалагічнае крэсла, акружанае маскамі. СМІ называлі гэтае месца «адным з самых дзіўных памяшканняў». Складана сказаць, якой была мэта пакоя і ці бывала там Карына.

Інтэр'ер асабняка на востраве Літл-Сэнт-Джэймс, які раней належаў фінансісту і асуджанаму сэксуальнаму злачынцу Джэфры Эпштэйну. Фота: Камітэта па наглядзе Палаты прадстаўнікоў у Вашынгтоне, 3 снежня 2025 года
Апошняя размова і мільённая спадчына
У ліпені 2019 года Эпштэйна зноў затрымалі, гэтым разам па абвінавачванні ў гандлі людзьмі з мэтай іх сэксуалізаванай эксплуатацыі. У жніўні таго самага года ён павесіўся.
Паводле інфармацыі The New York Times, Карына Шуляк была апошнім чалавекам, якому фінансіст тэлефанаваў перад смерцю. У апублікаваных матэрыялах справы згадваецца тая размова. У іх схавана імя абанента (фігуруе як «асоба 1»), аднак пазначана, што гэта была жанчына.
Сама Карына адмовілася размаўляць са следчымі, інфармацыю перадаў яе адвакат. Той сцвярджаў, што на момант званка яго падабаронная знаходзілася ў Беларусі. Аўтары справаздачы не правяралі гэты момант, але тэхнічна гэта было магчыма.
Размова была на асабістыя тэмы, «такія як кнігі, музыка і гігіена падчас зняволення», вынікае з дакумента. «Эпштэйн сказаў асобе 1: «Яны спрабуюць гарантаваць маю бяспеку», і што яго справа зойме трохі больш часу, чым ён першапачаткова думаў. Ён сказаў асобе 1, што кахае яе, каб яна была моцнай, і што ён не зможа патэлефанаваць ёй зноў у найбліжэйшы месяц», — цытуе дакумент апошнюю размову фінансіста.
За два дні да смерці Эпштэйн склаў тастамент, пакінуўшы ўсё сваё багацце створанаму ў той жа дзень трасту. Яго канчатковыя бенефіцыяры засакрэчаныя. Паводле інфармацыі The New York Times, Шуляк уваходзіць у іх лік. Сама яна адмаўлялася што-небудзь каментаваць журналістам.
Першапачаткова спадчына Эпштэйна ацэньвалася ў 600 мільёнаў даляраў. З гэтай сумы былі выплачаныя кампенсацыі ахвярам яго злачынстваў — каля 200 чалавек атрымалі прыкладна 164 мільёны. Яшчэ 105 мільёнаў выплачаныя ўраду Віргінскіх астравоў, быў пагашаны крэдыт на 30 мільёнаў.
У студзені 2025‑га суму, якая заставалася ад спадчыны, ацэньвалі ў 145 мільёнаў даляраў.
Апублікавалі новую партыю матэрыялаў па справе Эпштэйна. Там зноў згадваецца Трамп
Біл Клінтан, Майкл Джэксан і Мік Джагер. Каго можна знайсці ў новых дакументах са справы Джэфры Эпштэйна
Апублікавалі новыя фота з архіва Джэфры Эпштэйна. На іх ёсць і Трамп
Трамп падпісаў закон аб публікацыі «файлаў Эпштэйна»
У ноч перад самагубствам амерыканскі мільярдэр Джэфры Эпштэйн размаўляў з беларускай
Каментары