Былая пракурорка Крыма Наталля «Няш-мяш» Паклонская радыкальна змяніла імідж і ўдарылася ў язычніцтва
Супрацоўніца крымскай пракуратуры Наталля Паклонская ў 2014 устала на бок Расіі і стала адной з найбольш вядомых калабарантак. З пачаткам вайны ва Украіне яна трапіла ў апалу. Апошнім часам Паклонская крута змяніла імідж, зрабіла дрэды і агітуе вяртацца да славянскіх каранёў.

Наталлі Паклонскай 45 гадоў. Родам яна з украінскага сяла Аляксееўка Луганскай вобласці Украіны. Ва Украіне яна працавала ў органах пракуратуры і дарасла там да старшага пракурора. Але не падтрымала Рэвалюцыю годнасці і была звольненая.
Неўзабаве акупацыйныя ўлады прызначылі яе пракуроркай Крыма. На самым пачатку тэрміна яна праславілася фразай «ніякіх мяш, няш я не дапушчу» — гэта стала мемам і яе мянушкай.
У 2016 Паклонскую звольнілі з пракуратуры і ўзялі ў Дзярждуму.

Першы раз яна трапіла ў апалу ў верасні 2018 года, калі была адзіная, хто з дэпутатаў «Адзінай Расіі» не падтрымаў пенсійную рэформу. Другі раз і канчаткова — з пачаткам вайны ва Украіне. 2 сакавіка 2022 года яна запісала зварот з заклікамі спыніць вайну. А ў красавіку 2022 года ў адным з інтэрв'ю сказала, што «літара Z сімвалізуе трагедыю і гора як для Расіі, так і для Украіны», а для яе «важнейшыя людзі», чым «перамога над украінскім нацызмам». За гэта яе знялі з большасці пасадаў.
Паклонская славілася паказной праваслаўнай рэлігійнасцю. Асабліва актыўна яна выступала за кананізацыю расійскага імператара Мікалая II. На яе стале заўжды стаяў ягоны партрэт, а ў 2017 заявіла, што бюст Мікалая «заміратачыў». У тым жа 2017-м яна зацята змагалася з фільмам «Мацільда» пра апошняга імператара Расіі.

Але ў сярэдзіне 2024 года тэлеграм-канал Паклонскай крута памяняўся. Там вельмі мала палітыкі, зусім няма праваслаўя і выглядае ён як канал «прасветленай гуру». Напрыклад, яна віншавала падпісчыкаў са «старажытным святам Ламас».

А ў верасні 2024 яна правяла ў межах праекта «Размовы пра важнае» адкрыты ўрок у акупаванай Херсонскай вобласці. Там яна, акрамя баек пра жахі майдана, распавяла школьнікам пра «старажытную магію». Гэта нарабіла шуму, на яе накінуліся праваслаўныя святары і тэлеканал «Спас».

Неўзабаве яна яшчэ і адсвяткавала свята Самайн, якое на Захадзе вядомае як Хэлаўін, што таксама нарабіла шуму.

А нядаўна былая пракурорка яшчэ крута змяніла вобраз — запляла дрэды. Апошняя публікацыя ў яе канале пра тое, што неўзабаве Купалле. Там яна кажа, што гэта магчымасць «уз'яднацца са сваімі Каранямі, Сілай і Агнём». Пра гэта, быццам, кажуць паданні і легенды старажытнасці, «у якіх схаваная тая самая шуканая праўда, якая перадалася нам праз шэпт продкаў».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары