Культура

«Кожны хоча быць Каліноўскім, але…» У Варшаве паказалі «Інсургентаў» паводле п'есы Зянона Пазняка

Тэатральная лабараторыя «Вольная сцэна» паказала 11 чэрвеня ў Варшаве спектакль «Інсургенты», пастаўлены па матывах аднайменнай містэрыі Зянона Пазняка. Героі пастаноўкі чакаюць Дзядоў, будуюць мост і задаюць пытанні, ад якіх хочацца схавацца пад крэсла. «Белсат» пабываў на варшаўскай прэмʼеры і паразмаўляў з акцёрамі і рэжысёрам пастаноўкі.

Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэм’ера спектакля «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Містэрыю «Інсургенты» Зянон Пазняк напісаў у лістападзе 2019 года, прымеркаваўшы яе да перапахавання ў Вільні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 — 1864 гадоў. Гэта невялікі драматычны твор, цэнтральнае месца ў якім займае постаць кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Прэмʼера пʼесы павінна была адбыцца ў дзень урачыстага пахавання 22 лістапада ў Вільні, але не адбылася — аўтар не змог у той дзень прыехаць у літоўскую сталіцу.

Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэм’ера спектакля «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Мне ўвесь час падаецца, што мы па розныя бакі»

А потым грымнуў 2020 год. «Інсургенты» чакалі яшчэ 5 гадоў, каб іх заўважыў беларускі акцёр і рэжысёр у выгнанні Уладзімір Лісоўскі, які вырашыў адрадзіць (у кантэксце містэрыі лепей сказаць — уваскрэсіць) у Беластоку славутую менскую «Вольную сцэну» (Лісоўскі — вучань Валерыя Мазынскага) і пачаць з «Інсургентаў».

Рэжысёр перарабіў пʼесу Пазняка пад сучаснасць, знізіў градус пафасу, дадаў трагізму і новых герояў (зʼявілася Апалонія Серакоўская — Вольга Каралёнак), уклаў у вусны персанажаў такія пытанні, ад якіх, калі шчыра, хацелася лезці пад крэсла (не, не ад смеху) проста ў глядзельні The Backstage Bar, дзе адбывалася варшаўская прэмʼера пастаноўкі.

«Мне ўвесь час падаецца, што мы па розныя бакі. Вы ўвесь час кажаце пра дыялог з ворагам. Пачніце хаця б дыялог з паплечнікамі… Занадта шмат эмоцый і дыскусій», — кажа, напрыклад, Ксёндз-пробашч (Дзмітрый Есяневіч) у пʼесе (у містэрыі Пазняка гэтай рэплікі няма).

Ці яшчэ.

«На эшафот? Мужчыны, вы пра што? Пакіньце эшафоты ворагам! Абараніце край свой, зямлю сваю, дзяцей сваіх, жонак сваіх, дом свой. Загінуць і знікнуць — гэта вельмі проста…» — амаль выкрыквае Апалонія Серакоўская.

Такіх вострых месцаў у пʼесе нямала. «Інсургенты» бʼюць пад дых. Чаго вартая хаця б адна з першых сцэнаў пастаноўкі: Кастусь Каліноўскі (Яўген Казакевіч) напярэдадні чарговых Дзядоў (зразумела, дзеянне містэрыі адбываецца ў вечнасці) хоча накінуць сабе пятлю на шыю, бо — «за сто гадоў страціў веру».

Трэба хіба што мець немалую адвагу, каб паказаць іканічную для беларусаў асобу ў такім раздраі, ды яшчэ запусціць на тле Каліноўскага з пятлёй у руках відэаінсталяцыю з кадрамі разгону шэсця на Дзяды, з самім Пазняком перад мікрафонам ды затрыманняў ў Курапатах.

Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэм’ера спектакля «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Гэта добра прагучала б у 2019-м годзе, але сёння маем іншыя пытанні»

Дарэчы, Зянон Пазняк пасля беластоцкай прэм'еры (на жаль, на варшаўскай яго не было), пахваліўшы акцёраў, параіў перарабіць вобраз Каліноўскага, бо атрымаўся, маўляў, зусім бяссільны і знявераны. Але, як падаецца, рэжысёр на павадку ў аўтара не пайшоў, хоць, як прызнаўся «Белсату» пасля спектакля, Каліноўскаму, у параўнанні з першапачатковай версіяй, дадаў гераізму.

«Я так скажу, мы змянілі Каліноўскага, ён троху не такі, як на прэмʼеры ў Беластоку. Але калі б цалкам яго змянілі, то прапала б дужа шмат унутранага канфлікту. А мы менавіта хацелі расказаць пра сённяшніх людзей. 

Гэта пʼеса — не пра Каліноўскага. І Жэня (акцёр Яўген Казакевіч — Рэд.) не грае Каліноўскага. Ён праз гэты вобраз перадае пачуцці і думкі людзей — нашчадкаў Каліноўскага. Гэта зборны вобраз», — тлумачыць пасля спектакля рэжысёр «Інсургентаў» Уладзімір Лісоўскі (у пʼесе выконвае ролю Зыгмунта Серакоўскага).

Па словах рэжысёра, Кастусь Каліноўскі ў новай варыяцыі пастаноўкі «ідзе ад сябе». На пачатку апанаваны адчаем і знявераны, ён падымае ўсіх у фінале, калі расчараванне пачынае біць ужо па паплечніках. Падымае і кажа: мы ідзём, мы змагаемся за Беларусь!

«Мы выйдзем», — гэта апошняя рэпліка Каліноўскага і ў містэрыі Пазняка, і ў пастаноўцы Лісоўскага.

«Я разумею, што Зянон Станіслававіч хацеў у сваёй пʼесе падкрэсліць менавіта гераічнасць гэтага чалавека: нават калі памёр — ён не скончыў сваю справу і ідзе на зямлю, каб яе давяршыць. Гэта добра прагучала б у 2019-м годзе. Гэта тады кранала людзей. Але сёння маем іншыя пытанні, іншыя патрабаванні. І мы гэта адчулі і вось такім чынам зрабілі», — тлумачыць у размове з «Белсатам» Уладзімір Лісоўскі

Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэм’ера спектакля «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Кожны з нас і так Каліноўскі»

Згаджаецца з гэтым і акцёр Яўген Казакевіч, які грае ў спектаклі Кастуся Каліноўскага. На ягоную думку, прамыя лозунгі, «якія мы чуем столькі гадоў», ужо не ўздзейнічаюць на гледача, таму іх няма ў спектаклі.

«Гэты спектакль для таго, каб кожны з нас проста задумаўся, што адбываецца, каб кожны з нас паглядзеў, што робяць тыя і тыя і што можа зрабіць ён сам. Гэта, хутчэй, філасофская рэч, а не проста драматычны спектакль. Гэта — на падумаць. Гэта цяжка, бо думаць заўсёды цяжка. Але мы хочам, каб глядач таксама задаў сабе пытанні, якія мы задаём сабе на сцэне», — кажа Яўген Казакевіч.

Варта адзначыць, што пасля заканчэння спектакля зала (невялікая, максімум — на паўсотню чалавек) не выбухнула аптымістычным «Жыве Беларусь!», а ўзяла глыбокую паўзу перад апладысментамі: глядач думаў…

«Гэта таксама пра ўсё тое, што адбываецца зараз у асяродку дэмакратычных сілаў. Мы ж усё бачым. Ну, калі яны адно з адным дамовіцца не могуць і адбываецца тое, што адбываецца, — то пра якую перамогу над рэжымам можа быць гаворка? Гэта праблема. І мы тут паказалі актуальныя праблемы, якія існуюць у нашым грамадстве, і мы не можам пакуль знайсці выйсця», — працягвае Яўген Казакевіч.

«Кожны хоча быць Каліноўскім. Але справа ў тым, што кожны з нас і так Каліноўскі. І трэба, каб кожны з нас зрабіў тое, што можа зрабіць…» — дадае акцёр.

Былы купалавец і ўдзельнік праекту «ЧынЧынЧэнэл» Дзмітрый Есяневіч, які сыграў у п'есе, як сам кажа, «баявога ксяндза» і дадаў у дзею троху «чалавечынкі» (героі містэрыі — цені, прывіды ў белым), расказваючы, напрыклад, анекдот пра смерць вусатага і тоўстага чалавека на тым баку Вяллі (рэакцыя залы — стрыманы смех), заўважае, што і здаровы пафас часам бывае не лішні.

«Можа падацца камусьці, што гэта несучасны спектакль у сэнсе існавання на сцэне, што гэта пафасна ўсё і нецікава ў эру «Тыктоку» і хуткіх візуальных наркотыкаў, калі ўсё — па вярхах. Але тут у нас ёсць магчымасць усё ж такі пабываць у сурʼёзе, у патэтыцы — у добрым сэнсе гэтага слова, існавання і разумення», — гаворыць Дзмітрый Есяневіч.

Ягоны святар у пʼесе грыміць пра Бога, прамаўляе пра цела і кроў Хрыста, але ўспрымаецца на сцэне самым «цялесным» і жывым — вяртае да жыцця і надзеі.

Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэм’ера спектакля «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Чаму нельга перамагчы і застацца жывым?»

У супрацьстаянне і з ксяндзом, і з мужам, і з усімі мужчынамі ўступае на сцэне Апалонія Серакоўская, якую сыграла сузаснавальніца варшаўскага тэатра «Дзея Другая» Вольга Каралёнак. Яе персанаж — голас многіх і многіх беларускіх жанчын сёння.

«Мне было прыемна быць гэтым голасам. Я згодная з Апалоніяй. Чаму нельга перамагчы і застацца жывым?.. Я разумею ўсіх гэтых жанчын. У мяне ёсць прыклады маіх сяброў. Усё добра, і раптам: Волечка, я еду ва Украіну! А як жонка, дзеці? Я, напэўна, не адпусціла б. А з іншага боку — а як бы я яго не адпусціла?.. І вось я граю сёння гэтую жонку, задаю і ўнутрана прапрацоўваю гэтыя пытанні. Вісела б у яго на нагах — не адпускала б, але ў той жа час разумею, што… адпускала б, таму што мой мужчына ідзе вызваляць Беларусь. І я з гэтым працую…» — дзеліцца Вольга Каралёнак.

Прэм’ера спектаклю «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэм’ера спектакля «Інсургенты» паводле п’есы Зянона Пазняка ў Варшаве на сцэне The Backstage Bar. Варшава, 11 чэрвеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Такі спектакль. Будуе масты, задае балючыя пытанні і бʼе пад дых (мужчынам).

Не хапае дрэва, каб дабудаваць мост? Цітус Далеўскі (Яўген Бржусь) прыносіць крыж. Таксама матэрыял (і чытэльная метафара). А Дзядоў яны дачакаюцца. Ужо ідуць.

«Божа! Колькі іх ёсць! Іх мільёны!» — канстатуе напрыканцы Цітус.

У фінальнай мізансцэне героі ахутваюць крыж сваім беласнежным убраннем і зверху накладаюць чырвоную стужку. Сімвал. Кастусь Каліноўскі раскідвае рукі: «Так будзе. Верце мне. Мы выйдзем».

А вочы Зыгмунта Серакоўскага напаўняюцца слязьмі.

«Гэтыя слёзы… я стрымліваў іх насамрэч, — прызнаецца пасля спектакля Уладзімір Лісоўскі. — Не спецыяльна іх з сябе выціскаў, наадварот, маглі і градам паліцца. Бо мы сапраўды ішлі ад сябе. Кожны з нас уклаў нешта сваё… 

Патрэбнае выйсце. Каліноўскі для людзей, якія сёння стаяць са слязамі на вачах і думаюць, куды ісці і што рабіць далей, і ёсць гэтым выйсцем. Мы не павінны спыняцца, павінны дзейнічаць. Каліноўскі жыве праз нашых Дзядоў, праз гісторыю, Каліноўскі жыве сярод нас. Ён працягваецца ў кожным з нас».

Тэатральная лабараторыя «Вольная сцэна» пакажа спектакль «Інсургенты» ў іншых гарадах Польшчы. Тэатр запрасілі таксама ў Таронта (Канада). Плануецца выступ у Вільні. Варта прыйсці і паглядзець. Усёй грамадой (і Кабінетам). Будзе на карысць. Квіток на варшаўскую прэмʼеру «Інсургентаў» каштаваў 70 злотых (16 еўра).

Каментары

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць