Кіно33

«Як прыручыць цмока»: культавы мульт ператварылі ў кіно 

Не паспелі мы адысці ад «Ліла і Сціча», як у пракат выйшла новая сямейная стужка. Расказваем пра прэм’еру «Як прыручыць цмока» (How to Train Your Dragon).

Астрыд. Фота: кадр з трэйлера

У пачатку нулявых брытанка Крэсіда Коўэл прыдумала гісторыю пра хлопчыка Ікінга (арыгінальнае імя Hiccup). Ён жыве ў свеце, падобным да часоў скандынаўскіх вікінгаў, рыхтуецца ісці ў піраты і марыць пра тое, каб навучыцца перамагаць цмокаў, што тэрарызуюць яго племя.

У 2010-м студыя DreamWorks Animation прадставіла мульт-паўнаметражку па гісторыі Ікінга, пазней было яшчэ два вялікія мультфільмы. І вось на днях «Як прыручыць цмока» вярнуўся ў кіно, але ў новым фармаце.

Гэтае вяртанне па-свойму прадказальнае. Яшчэ ў нулявыя немагчыма было ўявіць сабе, што на экране з’явяцца рэалістычныя цмокі, пачвары ці іншыя мульцяшныя істоты, і таму студыі накшталт DreamWorks ці Disney расказвалі казачныя гісторыі збольшага праз анімацыю.

Але цяпер існуе CGI, то-бок складаная камп’ютарная графіка, якая ператварае пікселі ў амаль жывую істоту. Disney гэтым ужо даўно карыстаецца, і за апошнія гады з дапамогай CGI выпусціў багата рымейкаў сваіх культавых анімацый: згадаем «Аладзіна», «Русалачку» ці тых жа «Ліла і Сціча», што яшчэ ёсць у пракаце. 

Цяпер і DreamWorks уступае ў гэтую гульню.

Іх Ікінг — гэта нязграбны падлетак, сын правадыра племені, які марыць вырасці ў забойцу цмокаў. Ён прыдумляе ўласную прыладу, якая мусіць збіваць лятучага цмока, і нават трапляе ў самага незвычайнага з іх, так званую Начную фурыю. На наступны дзень Ікінг знаходзіць падбітага, але яшчэ жывога цмока ў лесе, не можа рашыцца яго забіць і ў выніку адпускае. 

Ікінг і цмок. Фота: кадр з трэйлера

З таго часу пачынаецца іх сяброўства. Яно, канечне, не спадабаецца старэйшынам племені, якія шмат гадоў жывуць у стане вайны з цмокамі. А яшчэ ў фільме ёсць рамантычная дынаміка — за яе адказваюць Ікінг і яго адважная сяброўка Астрыд, якая нашмат лепш дае рады складаным трэніроўкам.

Стужку здымалі ў маляўнічых месцах, вельмі дарэчных для такой гісторыі. Гэта Ісландыя з яе прыгожай прыродай, такой суворай, што звычайныя шкоднікі накшталт мух у гэтым свеце не прыжыліся — іх месцы занялі цмокі. Яшчэ адна важная пляцоўка — Новая Зеландыя, краіна, дзе яшчэ з часоў «Уладара пярсцёнкаў» ажыўляюць кінаказкі. 

Што да акцёраў, вы можаце пабачыць знаёмыя твары. Перш за ўсё, гэта брытанец Джэрард Батлер, зорка стужак «300 спартанцаў» і «Прывід оперы». У мультфільмах серыі «Як прыручыць цмока» Батлер агучваў бацьку Ікінга, Стоіка Магутнага. 

Ролю Астрыд даручылі Ніка Паркер. У апошнія гады дзяўчыне шанцуе на добрую працу, і гэта не толькі буйная роля у «Як прыручыць цмока»: Ніка знялася ў першым сезоне культавага серыяла «Апошнія з нас» і ў блакбастары «Брыджыт Джонс: У захапленні ад хлапчука».

«Як прыручыць цмока» — гэта перш за ўсё гісторыя пра сталенне. Ікінг шукае свой шлях і вучыцца ісці супраць волі бацькі, які ўжо запланаваў для яго будучыню. У фільме нават ёсць свой абрад ініцыяцыі, калі падлетак мусіць забіць свайго першага цмока. На абрад збіраецца ўсё племя, і гэта яшчэ адзін элемент сталення — навучыцца не глядзець на тое, што пра цябе кажуць іншыя, нават калі іх шмат, а ты стаіш адзіны перад сваім цмокам.

Ікінг. Фота: кадр з трэйлера

Яшчэ, канечне, гэты фільм — прышчэпка ад ксенафобіі ды страху чужых. Барацьба вікінгаў са стракатымі рэптыліямі і напады цмокаў у адказ — нібыта метафара падзелу на сваіх і чужых, калі абодва бакі знаходзяцца ў канфлікце проста праз тое, што не ведаюць адзін аднаго. Гэты падзел бачны і ў адносінах у самім племені, дзе «свой» — гэта толькі той, хто трымаецца ваяўнічых ідэалаў. Але Ікінг пераадольвае гэты разрыў, і шмат у чым гэта атрымліваецца дзякуючы сяброўству — яшчэ адна павучальная дэталь у стужцы.

Дарослым, аднак, фільм пра Ікінга і яго сябра-цмока можа падацца трохі зацягнутым. Экшн тут ёсць, але не самы вынаходлівы, хаця і прыгожы, бо немагчыма сапсаваць палёты над скандынаўскімі горнымі астравамі.

З іншага боку, калі хочацца цёплага, простага і сардэчнага кіно, «Як прыручыць цмока» — выдатны выбар. Цудоўная знаходка для сямейнага паходу ў кіно.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Няважна
    16.06.2025
    "Приручить" - прырахманіць. Годзе ўжо калькаваць
  • .
    16.06.2025
    "Прырахманіць" - толькі дыялектнае з Чэрвеншчыны.
  • Максим Дизайнер
    16.06.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Келаг плануе паездку ў Беларусь і сустрэчу з Лукашэнкам. Пры гэтым можа быць вызваленая група палітвязняў25

Келаг плануе паездку ў Беларусь і сустрэчу з Лукашэнкам. Пры гэтым можа быць вызваленая група палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

У самым цэнтры Мінска пабачылі бабра ВІДЭА1

Лукашэнкаўскую прапаганду вяшчаюць на ўсе кантыненты10

У Беларусі за выкарыстанне дронаў прапануюць саджаць у турму8

Вызначыўся супернік мінскага «Дынама» ў першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў2

У міліцыі склалі рэйтынг з трох сусветных знакамітасцяў, за якіх часцей за астатніх выдаюць сябе махляры

Жыхар Полацка спрабаваў за 200 рублёў купіць у знаёмай дзіця для сэксу9

«Белтэлекам» правядзе першы за 30 гадоў рэбрэндынг. Як вам?9

«Штогод губляем 15 аб'ектаў». Беларускія дачнікі змагаюцца з вышкамі сотавай сувязі2

Адміністрацыя Трампа закрыла сакрэтную працоўную групу, закліканую схіліць Расію да мірнага пагаднення4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Келаг плануе паездку ў Беларусь і сустрэчу з Лукашэнкам. Пры гэтым можа быць вызваленая група палітвязняў25

Келаг плануе паездку ў Беларусь і сустрэчу з Лукашэнкам. Пры гэтым можа быць вызваленая група палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць