Кіно

Выйшаў «Ліла і Сціч» — на дзіва кранальны фільм, які выбіўся ў топ па зборах у пракаце

Цяпер у беларускіх кінатэатрах паказваюць «Ліла і Сціча». Для студыі Disney гэты фільм стаў вялікім поспехам. Расказваем, якой атрымалася стужка.

Фота: кадр з трэйлера

Disney умела карыстаецца чалавечай настальгіяй. «Кароль Леў», «Русалачка», «Аладзін» — усе гэтыя мультфільмы 90-х за апошнія некалькі гадоў былі перазнятыя з жывымі акцёрамі ці ў стылі рэалізму. Канечне, гэта карыстаецца поспехам: дзеці, якія раслі ў 90-я, цяпер прыводзяць ужо сваіх дзяцей у кіно, каб пабачыць новыя версіі любімых гісторый. Цяпер студыя дабралася да «Ліла і Сціча» — хіта Disney ад 2002 года. 

Як і першая стужка, цяперашні фільм — гэта гісторыя дзяўчынкі Ліла, якая родам з Гаваяў. Ліла ўсяго шэсць гадоў, але яна жыве ў стане пастаяннай траўмы: яе бацькі памерлі, а старэйшая сястра Нані відавочна не дае рады выхаванню малой. У выніку, здаецца, усе настроіліся супраць дзяўчат: і сацыяльныя службы, і настаўнікі Ліла, і яе равесніцы.

Ліла прагне, каб у яе жыцці з’явіўся сапраўдны сябар, і яе жаданне спраўджваецца самым незвычайным чынам. Дзяўчынка знаёміцца з дзіўнай блакітнай істотай, якая аддалена нагадвае ці то сабаку, ці то каалу. Гэта вынік іншапланетнага генетычнага эксперыменту пад назвай 626, створанага дзеля хаосу і разбурэнняў. 

Фота: кадр з трэйлера

Істота збягае на Зямлю і прычапляецца да Ліла, каб атрымаць абарону ад пераследнікаў са сваёй роднай планеты, бо тыя не маюць права шкодзіць чалавечым істотам. Ліла дае эксперыменту 626 імя — Сціч. Яна перавыхоўвае Сціча ў добрага і адданага сябра, а той шчыра прывязваецца да дзяўчынкі.

Першапачаткова планавалася выпусціць новы фільм не ў кінатэатрах, а на стрымінгу Disney+. Але пазней Disney вырашыў пусціць стужку ў шырокі пракат, і не пралічыўся. У «Ліла і Сціча» цудоўныя зборы — за два тыдні ў сусветным пракаце стужка зарабіла ўжо 610 мільёнаў даляраў, і на сёння гэта трэці па зборах фільм 2025 года.

Канечне, ісці туды варта не толькі праз зборы. «Ліла і Сціч» падыдзе тым, хто фанацеў ад арыгінальнага мультфільма. Але і тым, хто раней не чуў пра гісторыю, будзе цікава паглядзець гэтую стужку разам з дзецьмі, тым больш гісторыя Ліла і яе сябра больш глыбокая, чым можа падацца.

Перш за ўсё, «Ліла і Сціч» — гэта прызнанне ў любові да Гаваяў. Падзеі адбываюцца на востраве Каўаі, самым старым і зялёным з асноўных Гавайскіх астравоў. На ім жыве ўсяго 72 тысячы чалавек, і гэта месца з небывалай прыродай: тут ёсць горы, джунглі і вадаспады. А яшчэ тут вельмі паважаюць гавайскія традыцыі — спевы, мову, гавайскі танец хула.

Цяперашнюю стужку, аднак, вырашылі зняць на больш турыстычным гавайскім востраве Ааху, але мясцовай прыроды ў фільме ўсё роўна шмат. Як і ў мультфільме, Ліла вельмі любіць гавайскі танец хула, а ў стужцы гучыць гавайская мова. 

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Ды і роля Ліла дасталася сапраўднай гавайскай дзяўчынцы — яе грае абаяльная 7-гадовая Мая Кеалоха. Што да яе сябра Сціча: эксперымент 626, намаляваны з дапамогай камп’ютарнай графікі, атрымаўся візуальна якасным і добра выглядае разам з жывымі акцёрамі. Цёплую і кранальную атмасферу фільма дапаўняюць пласцінкі з запісамі Прэслі, ад якога фанацее маленькая Ліла.

Самае важнае слова для фільма таксама гучыць па-гавайску. Гэта ohana, то-бок сям’я. У стужцы кажуць пра тое, што сям’я — гэта калі нікога не пакідаюць і не забываюць. Гісторыя Ліла і Сціча якраз пра тое, як ствараюцца сем’і не па крыві, а па духу: сястра замяняе маму, а іншапланецянін знаходзіць сваю «ахану» ў чалавечай сям’і на Гаваях.

«Ліла і Сціч» — гэта яшчэ і гісторыя пра альтэрнатыву гвалту. Сціч створаны як зброя, а Ліла гатовая раззлавацца на ўвесь свет, які яе не разумее, але разам яны выратоўваюць адно аднаго і пераводзяць на бок святла. Тым часам Нані, старэйшая сястра Ліла, змагаецца за яе з сацыяльнымі службамі, але ёй цяжка, і дзяржаўная сістэма не дапамагае захаваць сям’ю. Выратоўвае толькі тая самая «ахана», сям’я па духу.

«Ліла і Сціч» — мабыць, найлепшы фільм для сямейнага прагляду, які цяпер ёсць у беларускіх кінатэатрах. Там не будзе дыснэеўскіх прынцэс і палацаў, затое ёсць душэўная гісторыя, не так ужо і адарваная ад сучасных рэалій — ну, калі не лічыць блакітнага іншапланецяніна з вострымі зубамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

У Магілёве абрабавалі банк6

У Магілёве абрабавалі банк

Усе навіны →
Усе навіны

«Мы ўсе крыху ў шоку». Беларусы за суткі сабралі 34 тысячы рублёў для школьніцы, на якую з Dana Mall упаў снег2

Праз заяву расійскага дыпламата Кім Чэн Ын спыніў вайсковую дапамогу Расіі — ГУР5

Заробак 4 500 рублёў. Колькі трэба назбіраць, каб купіць жыллё ў крэдыт і колькі застанецца на жыццё2

У Расіі арыштавалі генерала, які адказваў за ўзбраенне авіяцыі і СПА12

Як змяніўся Даўгінаўскі тракт пасля рэканструкцыі3

Гомельшчына і не толькі. Дзе і як паміралі расійскія вайскоўцы ў Беларусі2

«Параўнала цэны з польскімі — ашалела». Як айцішніца працуе ў Грэцыі, дзе няма ксенафобіі, спешкі і амаль няма айцішкі32

З’явіліся невядомыя здымкі візіту Ніксана ў Мінск з яго архіва ШМАТ ФОТА5

Ціханоўская расказала пра адносіны з Польшчай, наступнае вызваленне палітвязняў і сям'ю. І звярнулася да сілавікоў і чыноўнікаў88

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Магілёве абрабавалі банк6

У Магілёве абрабавалі банк

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць