Свет11

У Японіі пакаралі смерцю «забойцу з твітара». Яго адвакаты настойвалі, што ён проста «дапамагаў» дзяўчатам, якія хацелі памерці

Упершыню з 2022 года ў Японіі прывялі ў выкананне смяротны прысуд. Пакараны Такахіра Сіраісі, які ў 2017 годзе забіў дзевяць чалавек. У асноўным гэта былі дзяўчаты ва ўзросце ад 15 да 26 гадоў. Ён запрашаў іх у сваю кватэру непадалёк ад Токіа, а затым душыў і расчляняў, піша Бі-бі-сі.

Пра забойствы стала вядома ў кастрычніку 2017 года, калі паліцыя знайшла часткі цела ў горадзе Нама, недалёка ад Токіа.

Знайсці зачэпкі паліцыі дапамог брат адной са зніклых дзяўчат. Яму ўдалося зайсці ў твітар-акаўнт сястры. У асабістых паведамленнях ён знайшоў перапіску з невядомым чалавекам, які прапаноўваў дзяўчыне сустрэцца і выканаць яе жаданне.

У гэты ж час паліцыі нарэшце ўдалося адсачыць шлях гэтай 23-гадовай дзяўчыны па камерах назірання на вуліцах.

Расследаванне прывяло іх да непрыкметнага двухпавярховага дома, які нічым не адрозніваўся ад такіх жа аднолькавых дамоў у гэтым раёне. Пазней у СМІ яго ахрысцілі «домам жахаў».

Дзверы адчыніў мужчына, і паліцыянты адразу адчулі непрыемны пах. Яны знайшлі дзевяць расчлянёных целаў, схаваных у лядоўнях і скрынях з інструментамі. Зверху забойца прысыпаў астанкі напаўняльнікам для кацінага туалета — каб менш пахла.

Пазней Сіраісі прызнаўся ў забойстве дзевяці чалавек з суіцыдальнымі намерамі і распавёў, што пазнаёміўся з імі ў твітары. Ён казаў ахвярам, што можа дапамагчы ім памерці, а ў некаторых выпадках сцвярджаў, што скончыць з сабой разам з імі.

У яго профілі ў сацыяльнай сетцы былі такія словы: «Я хачу дапамагчы людзям, якім сапраўды балюча. Калі ласка, пішыце мне асабістае паведамленне ў любы час».

Ці забіў Сіраісі ахвяр з іх згоды, было галоўным прадметам рознагалоссяў у судзе. Пракуроры патрабавалі для яго смяротнага пакарання, а адвакаты прасілі больш мяккае пакаранне, сцвярджаючы, што яго ахвяры далі сваю згоду на забойства. Яны патрабавалі таксама правесці ацэнку яго псіхічнага стану.

Пазней Сіраісі абверг версію падзей, прадстаўленую яго ўласнай абаронай, і заявіў, што забіваў ахвяр без іх згоды. Гэта ж пацвердзіла і экспертыза: на некаторых целах былі выяўленыя сляды вяроўкі, накінутай ззаду, што даказвае, што ахвяры супраціўляліся.

На абвяшчэнне прысуду ў снежні 2020 года прыйшлі сотні чалавек — тады яго прысудзілі да смяротнага пакарання.

Восем з дзевяці ахвяр «забойцы з твітара» былі маладымі жанчынамі ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў.

Адной з іх была 21-гадовая Мідзукі Міура з маленькага горада за 50 км ад Токіа. 22 жніўня 2017 года яна перастала адказваць на паведамленні і званкі. У той жа дзень бацькі дзяўчыны знайшлі ў кватэры запіску ад дачкі. Мідзукі пісала, што з'язджае, бо хоча пачаць жыць асобна.

Яе бойфрэнд Сёга Нісінакэ высветліў: апошнім, хто бачыў Мізукі, быў яе прыяцель, з якім яна пазнаёмілася ў інтэрнэце.

Сёга аднойчы мімаходам бачыў Такахіра, але мала што пра яго ведаў. 30 жніўня Сёга напісаў Такахіра і паведаміў пра знікненне сваёй дзяўчыны. Такахіра ў адказ паабяцаў расказаць усё, што памятае пра сваю апошнюю сустрэчу з Мідзукі, і запрасіў да сябе дадому, у суседні гарадок Дзама. Пасля яго ніхто не бачыў.

Паліцыя высветліла, што некаторыя дзяўчаты да свайго знікнення дзяліліся ў твітары думкамі пра суіцыд.

Бацька адной з зніклых катэгарычна адпрэчваў магчымасць таго, што яго дачка магла пакончыць з сабой. Ён запэўніваў, што ў 17-гадовай дачкі была насычаная вучоба, а ўвесь вольны час дзяўчына малявала, таму што ў будучыні марыла стаць мастачкай коміксаў манга. Не заўважалі суіцыдальных схільнасцяў у дачкі і бацькі Мідзукі Міуры. Паліцыя, вывучыўшы сацсеткі зніклых, прыйшла да процілеглай высновы.

У 2017 годзе Сіраісі было 27 гадоў. Большую частку жыцця ён пражыў з бацькам і сястрой. У нейкі момант ён пераехаў у Токіа, дзе знайшоў працу: фармальна ён павінен быў дапамагаць маладым жанчынам шукаць працу, а насамрэч забяспечваў бардэлі новымі работніцамі. Паліцыя даўно цікавілася гэтай фірмай, а ў 2016 завяршыла расследаванне. Кампанію ліквідавалі, яе работнікаў судзілі.

Сіраісі далі ўмоўны тэрмін. Пасля гэтага некалькі месяцаў ён спрабаваў знайсці новую працу, але ўсюды атрымліваў адмову праз судзімасць. Страціўшы надзею, ён вырашыў вярнуцца ў родны горад Дзаму, дзе зняў кватэру.

Бацька Сіраісі пазней распавядаў, што сын, застаўшыся без працы і развітаўшыся са сваёй дзяўчынай, прызнаваўся: «Я не ведаю, навошта мне жыць». Неўзабаве ён стварыў той самы акаўнт у твітары.

Ён знаходзіў дзяўчат, якія адкрыта пісалі пра бессэнсоўнасць свайго жыцця, уступаў з імі ў перапіску, праз нейкі час запрашаў дзяўчат да сябе ў госці, звязваў іх кабелем, гвалтаваў і душыў, а потым забіраў усе грошы, якія знаходзіў у іх. Некаторых з іх ён паіў снатворным. Нісінакэ, які прыехаў да яго ў пошуках сваёй дзяўчыны, ён падмяшаў снатворнае ў напой.

Пасля арышту Сіраісі дактары амаль паўгода праводзілі псіхіятрычную экспертызу і прыйшлі да высновы, што ён быў пры свядомасці.

Праблема суіцыдаў у Японіі

Суіцыд ужо шмат гадоў з'яўляецца адной з асноўных прычын смерці маладых японцаў. Праблема стаіць настолькі востра, што ў 2005 годзе ўлады краіны стварылі штаб па папярэджанні самагубстваў. Як піша Nippon.com, у 2024 годзе з сабой пакончылі 20 268 чалавек, 527 з іх былі школьнага ўзросту, і гэта самы высокі паказчык з моманту пачатку ўліку ў 1980 годзе. Каэфіцыент самагубстваў, гэта значыць колькасць самагубстваў на 100 000 чалавек, склаў 16,3.

Нярэдка людзі пішуць пра свае суіцыдальных думках у інтэрнэце. Улады ведаюць пра гэты феномен — японцы шукаюць у сетцы аднадумцаў і дамаўляюцца пра дату і час.

Забойства Сіраісі заахвоцілі Twitter змяніць свае правілы, дадаўшы пункт аб тым, што карыстальнікам забаронена «прасоўваць або заахвочваць самагубства або самапашкоджання».

Каментары1

  • Жесть
    27.06.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

«Самі хутка здохнуць». Фоты з саміта ў Мінску даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму, а таксама Колю5

«Самі хутка здохнуць». Фоты з саміта ў Мінску даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму, а таксама Колю

Усе навіны →
Усе навіны

«Лічыў, што так дапамагу ўкраінцам». 21-гадовы экс-палітвязень Кірыла Балахонаў расказвае, як змагаўся з расійскім нашэсцем праз TikTok і Telegram1

Аўтару мема пра «самыя сучасныя трафікі» знайшлі новую пасаду4

«Да банка ёсць пытанні». Беларус праверыў уклад, адкрыты 17 гадоў таму на дзіця, — што пайшло не так?3

Беларус здымае відэа, як крадзе адзенне і падроблівае дакументы ў Польшчы. А як запахла смажаным, то кажа: усё дзеля лайкаў7

Валярына Кустава развітваецца з «Белсатам»24

Украіна вярнула «Байрактары» на фронт

«Я служу два дні на месяц». Беларус расказаў пра сваю службу ў арміі ЗША і заробак11

У беларуса, які пакалечыў паўтарагадовага хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце, выявілі шызафрэнію

Шыталь адказаў Каліну: Беларус-гараджанін у Беластоку ахвотней пойдзе на канцэрт у клуб, а не паездзе слухаць народны хор7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Самі хутка здохнуць». Фоты з саміта ў Мінску даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму, а таксама Колю5

«Самі хутка здохнуць». Фоты з саміта ў Мінску даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму, а таксама Колю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць