Ці можна са сваёй ежай у кіно — юрыстка патлумачыла на канкрэтным прыкладзе
Гісторыю жанчыны, якая адстаяла свае правы і ўцерла нос адміністрацыі кінатэатра, расказвае Tochka.by.

Ці павінны пускаць у кіназалу са сваёй ежай? Юрыстка Настасся Ташлык паставіла кропку ў гэтым пытанні ў сваім TikTok.
Яна расказала гісторыю беларускі, якая купіла чатыром дзецям білеты ў кіно. Перад тым як ісці на сеанс, яны ўзялі ў краме чыпсы і напоі.
Ужо ў прадчуванні яны накіраваліся ў залу, але работнікі кінатэатра іх туды не пусцілі. Спаслаліся на тое, што дырэктар установы забараніў праносіць купленую не ў кінатэатры ежу з сабой на сеансы.
Гэтая гісторыя абурыла жанчыну, і яна звярнулася ў суд наконт абароны правоў спажыўца і папрасіла спагнаць маральную шкоду ў памеры 2000 рублёў.
Суд стаў на яе бок і абавязаў кінатэатр выплаціць жанчыне кампенсацыю. Праўда, памер яе стаў меншы ў 20 разоў, і ісціца атрымала толькі 100 рублёў.
Але факт застаецца фактам: аказалася, дырэкцыя кінатэатра не мае рацыі.
Чаму так выйшла
Юрыст растлумачыла, што ёсць пастанова Савета міністраў №684 ад 25 мая 2007 года.
«Дык вось, ёсць вычарпальны пералік падстаў, па якіх вас не пусцяць у кінатэатр, — растлумачыла спецыяліст. — Наяўнасць прадуктаў харчавання, набытых за межамі кінатэатра, да такіх падстаў не адносіцца».
Каментары