Дагэтуль засакрэцілі частку звестак аб расійскай эканоміцы і абароннай сферы.

У новым зборніку Расстата, апублікаваным 2 ліпеня, цалкам адсутнічае раздзел «Дэмаграфія». Фактычна, расійскія ўлады схавалі ўсё, акрамя двух паказчыкаў, піша «Агентство».
У раздзеле «Дэмаграфія», які перастаў публікавацца, утрымліваліся наступныя даныя:
- колькасць пастаяннага насельніцтва Расіі,
- міграцыйны прырост,
- колькасць народжаных,
- колькасць памерлых,
- колькасць мігрантаў, якія перасяляюцца ў межах Расіі,
- колькасць прыбылых у Расію і адкуль яны прыбылі,
- размеркаванне бежанцаў, вымушаных перасяленцаў і асоб, якія атрымалі часовы прытулак, па краінах ранейшага пражывання.
Акрамя самога раздзела, раней у зборніку былі і іншыя даныя, якія дазваляюць зразумець дэмаграфічную сітуацыю. Частка інфармацыі змяшчалася ў табліцах па натуральным руху насельніцтва — сукупнасці даных па нараджэннях і смерцях, шлюбах і разводах. Аднак гэтыя звесткі прыбралі яшчэ раней.
Цяпер экспертам даступныя толькі два паказчыкі — сумарны каэфіцыент нараджальнасці па рэгіёнах і сумарны каэфіцыент трэціх і наступных дзяцей.
У траўні Расстат схаваў дэмаграфічныя даныя па рэгіёнах. Сацыёлаг Аляксей Ракша ў сваім тэлеграм-канале тады пісаў, што гэта «яскравая прыкмета правалу» дэмаграфічнай палітыкі. «Фактычна ў Расіі пачынаючы з сакавіка-2025 амаль адсутнічае публічная дэмаграфічная статыстыка», — пісаў ён.
Засакрэчваюцца і звесткі аб расійскай эканоміцы і абароннай сферы.
Каментары