Рабочыя ў Перу знайшлі на будоўлі муміі хлопчыка і жанчыны, якія праляжалі ў зямлі каля тысячы гадоў
У сталіцы Перу — Ліме — археолагі зрабілі рэдкую знаходку проста на месцы будаўнічых работ. Пры пракладцы газаправода рабочыя наткнуліся на чалавечыя парэшткі ўсяго на паўметра пад зямлёй.

Як высветлілася, гэта дзве муміі, што праляжалі там каля тысячы гадоў — хлопчыка 10—15 гадоў і маладой жанчыны ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў. Пахаванні адносяцца да даінкскай эпохі, піша BILD.
Знаходкі былі зроблены ў розных месцах аднаго раёна, дзе раней знаходзіліся сельскагаспадарчыя палі. Жанчына была знойдзена «ў сядзячым становішчы, з сагнутымі рукамі і нагамі, загорнутая ў пахавальнае палатно».
Як патлумачыў дэкан Каледжа археолагаў Перу Пітэр Ван Дален, на ўзбярэжжы краіны, у тым ліку побач з Лімай, часта сустракаюцца старажытныя пахаванні.
«Асабліва гэта датычыцца муміфікаваных целаў, якія або высушаны натуральным чынам у пустыні, або апрацаваны паводле культурнай традыцыі — звычайна ў сядзячым становішчы, з рукамі каля твару», — дадаў ён.
Спецыялісты лічаць, што знойдзеныя муміі адносяцца да культуры Чанкай, якая існавала паміж 1000 і 1470 гадамі нашай эры.
Каментары