Колькасць загінулых у выніку паводак у Тэхасе ўзрасла да 80 чалавек, сярод іх 28 дзяцей
Яшчэ 41 чалавек, у тым ліку 10 дзяўчынак, лічацца зніклымі без вестак

У выніку моцнай паводкі ў Тэхасе, паводле апошніх паведамленняў уладаў, загінулі прынамсі 80 чалавек, у тым ліку 28 дзяцей, піша Бі-бі-сі.
Шэрыф акругі Кер штата Тэхас Лары Літа ў нядзелю вечарам сказаў журналістам, што колькасць пацверджаных смерцяў у акрузе ўзляцела да 68: 40 дарослых і 28 дзяцей. У пяці іншых акругах, як перадае CNN са спасылкай на мясцовыя ўлады, загінулі яшчэ 12 чалавек.
У некалькіх акругах Тэхаса абвешчана надзвычайнае становішча: мноства дарог знішчана, тэлефонныя лініі не працуюць.
Яшчэ 41 чалавек, у тым ліку 10 дзяўчынак, лічацца зніклымі без вестак
Загінулыя і зніклыя дзеці — дзяўчынкі — адпачывалі ў летнім хрысціянскім лагеры для дзяўчынак Camp Mystic непадалёк ад горада Кервіл, на беразе ракі Гуадалупе, якая раптоўна выйшла з берагоў пасля моцных залеваў.
Нацыянальная метэаралагічная служба (NWS) абвясціла пра пагрозу паводкі яшчэ і ў акрузе Комал на паўднёвым цэнтры Тэхаса.
У заяве службы гаворыцца, што «вельмі павольная навальніца выклікае надзвычайна моцныя ападкі — 100—150 мм у гадзіну».
NWS заклікае людзей, якія знаходзяцца непасрэдна каля раёна стыхійнага бедства, шукаць выратавання на ўзвышшах, а ўсіх, каму яшчэ дазваляе час, — неадкладна эвакуявацца.
«Мы маем справу з надзвычайнай і экстрэмальнай сітуацыяй», — гаворыцца ў папярэджанні на вэб-сайце NWS.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго адміністрацыя цесна супрацоўнічае з уладамі штата, дадаўшы, што ў Тэхас па яго даручэнні накіравалася міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм.
Ужо знаходзячыся ў Тэхасе, Ноэм заявіла на прэс-канферэнцыі, што прэзідэнт «глыбока ўражаны» гібеллю людзей у выніку паводкі і прасіў яе распавесці жыхарам штата, як моцна ён і Меланія смуткуюць, і што ён гатовы даць усе рэсурсы федэральнага ўрада для садзейнічання ў пошукавых работах.
Па словах Ноэм, няма нікога лепшага за мясцовых выратавальнікаў, паколькі яны добра ведаюць мясцовасць, але федэральны ўрад павінен аказаць ім максімальную падтрымку.
Крысці Ноэм адзначыла, што Федэральнае агентства па надзвычайных сітуацыях (FEMA) знаходзіцца ў стане «падвышанай гатоўнасці» і будзе працягваць аказваць своечасовую і аператыўную дапамогу ў выратавальных аперацыях, уключаючы дадатковыя самалёты і верталёты.
«Штат Тэхас здзіўляе тым, як ён рэагуе на стыхійныя бедствы — не ўсе штаты такія, — адзначыла міністр. — Вы служыце прыкладам для нацыі і ведаеце, што вы не адзінокія».
Каментары