У Расіі былога намесніка начальніка Генштаба Узброеных сіл генерал-палкоўніка Халіла Арсланова асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі за хабарніцтва і буйное махлярства. Яго пакаралі калоніяй строгага рэжыму, аштрафавалі на 24 мільёны расійскіх рублёў (каля 305 тысяч даляраў. у два разы больш, чым сума хабару), а таксама пазбавілі звання, ордэнаў Жукава і «За заслугі перад Айчынай», паведамляе «Коммерсантъ».

Суд прызнаў Арсланова вінаватым у махлярстве і атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры. У тым жа крымінальным расследаванні фігуравалі яшчэ два чалавекі — палкоўнік Павел Кутахаў і вайсковы пенсіянер Ігар Якаўлеў, якія атрымалі адпаведна 7 і 6 гадоў зняволення.
Арсланава абвінавацілі яшчэ ў 2019 годзе. Паводле следства, ён з саўдзельнікамі праз кампанію «Ваентэлекам» з 2013 года прысвойваў дзяржаўныя грошы, завышаючы цэны на кантракты для Мінабароны. Сума нанесенай шкоды склала каля 1,6 мільярда рублёў (каля 20,3 мільёна даляраў). Таксама яго абвінавачваюць у вымаганні 12 мільёнаў рублёў (каля 150 тысяч даляраў) у былога кіраўніка Яраслаўскага радыёзавода.
Сам Арсланаў сваёй віны не прызнаў. Некаторыя іншыя фігуранты справы, у тым ліку яго падначалены генерал-маёр Аляксандр Аглоблін, пайшлі на супрацоўніцтва са следствам і далі паказанні супраць яго.
У дачыненні да Халіла Арсланава працягваюць расследаваць яшчэ адну справу, звязаную з закупкай вайсковых радыёстанцый. Некаторыя каментатары адзначылі, што прысуд мог бы быць і больш жорсткім, зважаючы на маштаб махінацый.
Каментары