У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы. Яны дапамогуць падняць эканоміку?
Ва ўладаў Беларусі новая ідэя, як папоўніць бюджэт: будаваць і развіваць майнінгавыя фермы. Што пра гэта вядома і ці будзе працаваць, расказвае dev.by.

Майнінг як дзяржаўная палітыка
У апошні час улады Беларусі асабліва актыўна ўзяліся за здабычу крыптавалют.
У сакавіку 2025 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсць лішак электрычнасці, і распарадзіўся прыцягваць інвестараў і майніць крыпту самастойна.
У тым жа месяцы аб развіцці і выдзяленні плошчаў пад будаўніцтва новых майнінгавых фермаў у сваім рэгіёне абвясціў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.
А ў пачатку мая дырэктар Белазёрскай ДРЭС Андрэй Лічык расказаў пра планы пашырыць найбуйнейшую майнінгавую ферму краіны магутнасцю ў 105 МВт спачатку на 50 МВт, а затым яшчэ на 100 МВт (такія магутнасці параўнальныя з энергаспажываннем горада сярэдняга памеру).
Магчыма, беларускія чыноўнікі натхніліся прыкладам Бутана. Выкарыстоўваючы лішкі гідраэлектраэнергіі, гэта невялікае горнае каралеўства з 2020 года намайніла 12 000 біткоінаў (прыкладна $1,3 млрд па бягучым курсе) і давяло крыптавалютны рэзерв да 40% ВУП — з яго, напрыклад, фінансуюць надбаўкі да заробкаў дзяржслужачых.
Адваротны бок «дзяржмайнінгу» — дарагая электрычнасць для звычайных спажыўцоў
Для некаторых краін майнінг крыптавалют ужо прывёў да праблем у энергетыцы.
Так, майнінг Эфіопіі, які бурна разіваецца, у 2025 годзе, як чакаецца, асвоіць восем тэрават-гадзін электраэнергіі — каля траціны ўсяго спажывання ў дзяржаве. Кошты на яе будуць расці, пры гэтым амаль палова насельніцтва гэтай краіны не мае доступу да надзейнага электразабеспячэння.
У Кувейце майнінг прывёў да перагрузкі сетак і справакаваў сапраўдны энергетычны крызіс. У канцы красавіка 2025 года ўлады пачалі рэпрэсіі супраць майнераў. У Эль-Вафры, самым паўднёвым раёне Кувейта, сілавікі правялі рэйд па 100 дамах, у якіх спажывалася анамальна вялікая колькасць электрычнасці. Пасля гэтага яе расход скараціўся на 55%.
У лістападзе 2024 года Расія забараніла майнінг крыпты ў некалькіх рэгіёнах Сібіры і ў акупаваных рэгіёнах Украіны. А ў самым пачатку 2025 года забарону на майнінг увёў урад Косава.
У цэлым майнінг дзяржаўных маштабаў хутчэй характэрны для не вельмі развітых краін. У Еўропе і ЗША спрабуюць атрымліваць выгады ад крыптавалют, але ў рамках больш складаных юрыдычных і фінансавых аперацый.
- У сакавіку бягучага года ў ЗША з’явіўся стратэгічны рэзерв крыптавалют, які будзе папаўняцца не з дапамогай майнінгу, а атрымае біткойны, канфіскаваныя судамі.
- Вялікабрытанія апублікавала праект закона аб рэгуляванні крыптаактываў з мэтай абароны спажыўцоў і павышэння даверу інвестараў. Ён павінен распаўсюдзіць на крыптакампаніі жорсткія стандарты празрыстасці і аперацыйнай устойлівасці, якія прымяняюцца да традыцыйных фінансавых устаноў краіны.
- Швейцарыя і Аўстралія адмовіліся ад ідэі ўключэння крыптавалют у свае фінансавыя рэзервы і, як і Вялікабрытанія, вырашылі засяродзіцца на стварэнні рэгулятарнай базы.

Эксперт: Беларусь — унікальны, але супярэчлівы кейс у крыптавалютнай геаграфіі Усходняй Еўропы
Ці могуць майнінгавыя фермы прывесці да праблем з электразабеспячэннем?
Аліса Рыжычэнка, магістр эканомікі, эксперт у галіне дзяржаўнага рэгулявання і міжнароднага развіцця
У 2023—2025 гадах Беларусь прапаноўвала параўнальна нізкія тарыфы на электраэнергію, асабліва для прамысловых спажыўцоў. Сярэдняя цана складала каля 5—6 цэнтаў USD за кВт·г, што знаходзіцца на мяжы рэнтабельнасці для майнінгу пры бягучых курсах крыптавалют. Для параўнання, у Казахстане цэны ў раёне 3-5 цэнтаў, у РФ — 4-6 цэнтаў.
Так, маштабнае развіццё майнінгу можа стварыць нагрузку на інфраструктуру, асабліва ў рэгіёнах з абмежаванай прапускной здольнасцю сетак. Эксплуатацыя БелАЭС дазволіць павялічыць унутраныя энергетычныя магутнасці, але ва умовах эканамічнага крызісу і дэфіцыту валютных паступленняў няма гарантый, што ўрад не будзе павышаць тарыфы або пераразмяркоўваць энергію на карысць дзяржпрадпрыемстваў.
У дадатак існуюць асцярогі, што прыярытэтнае абслугоўванне майнінгавых фермаў можа паўплываць на даступнасць энергарэсурсаў для іншых сектараў эканомікі: ЖКГ і аграпрамысловасці.
Умовы ў Беларусі наогул прывабныя для майнінгу?
Беларусь адной з першых на постсавецкай прасторы зрабіла спробу інстытуцыяналізаваць крыптавалютны сектар. Яшчэ ў 2017 годзе быў падпісаны Указ № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які зафіксаваў легалізацыю майнінгу, абмену і захоўвання крыптавалют. Ён таксама ўсталяваў часовыя падатковыя канікулы для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) у гэтай сферы. Усё гэта дазволіла пазіцыянаваць Беларусь як «рэгулятарны аазіс» для ўдзельнікаў індустрыі, асабліва на фоне абмежаванняў у суседніх краінах.
Да канца 2025 года ў Беларусі дзейнічае рэжым падатковых канікул для рэзідэнтаў ПВТ, якія займаюцца крыптавалютамі. Яны вызвалены ад падатку на прыбытак, ПДВ, падаходнага падатку і іншых збораў па аперацыях, звязаных з майнінгам, абменам, захоўваннем і выпускам токенаў. Фармальна гэта робіць падатковую нагрузку нулявой. Зараз гэта адна з самых мяккіх сістэм у свеце, асабліва ў параўнанні з суседнімі краінамі.
Зрэшты, у гэтым годзе правілы гульні змяніліся, і фізасобам ужо трэба плаціць падатак з крыптавалютных даходаў, калі яны атрыманы за межамі ПВТ.
Мы па-ранейшаму маем прывабныя ўмовы для інвестараў. Але гэтая прывабнасць моцна абмежавана фактарамі прававой і палітычнай нявызначанасці. Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы, высокі ўзровень дзяржаўнага кантролю над эканомікай, міжнародныя санкцыі і нізкі ўзровень абароны інвестараў істотна зніжаюць давер з іх боку.
У выніку перавагамі беларускага заканадаўства могуць скарыстацца хіба што рэгіянальныя гульцы, якія маюць досвед працы ў краінах з аналагічным інстытуцыйным асяроддзем. Для буйных заходніх інвестараў рызыкі пакуль значна перакрываюць магчымыя выгады.
Падатковы рэжым для майнінгу ў Беларусі сапраўды выйграе ў кароткатэрміновай перспектыве за кошт падатковых паслабленняў, асабліва ў рамках ПВТ. Але доступ да гэтых ільгот абмежаваны — яны даюцца не аўтаматычна, а ў выніку ўзгаднення з адміністрацыяй Парку.
Фактычна гэта бар’ер для ўваходу і палітычны фільтр, якія зніжаюць агульную прадказальнасць сістэмы.
Частковая міжнародная ізаляцыя і санкцыі ўплываюць на доступ да сучаснага майнінгавага абсталявання?
Санкцыі сур’ёзна ўскладняюць закупку абсталявання ў афіцыйных пастаўшчыкоў, асабліва прадукцыі амерыканскіх і тайваньскіх вытворцаў (Bitmain, MicroBT і інш.).
Дастаўка абсталявання ў Беларусь напрасткі стала немагчымай, і ўвоз ідзе ў абыход — часцей за ўсё праз ААЭ, Турцыю, Арменію або Казахстан. Гэта павышае кошт і рызыкі паставак, зніжае гарантыі якасці і пасляпродажнага абслугоўвання. Акрамя таго, санкцыі абмяжоўваюць доступ да спецыялізаванага ПЗ і воблачных сэрвісаў маніторынгу і аптымізацыі.
Улады Беларусі ўспрымаюць майнінг як аснову для развіцця больш шырокай крыптаэканомікі і блокчэйн-індустрыі? Ці як часовую, сітуацыйную магчымасць зарабіць валюту?
— На дадзены момант дзяржаўны падыход можна ахарактарызаваць як прагматычна-апартуністычны. Майнінг разглядаецца перш за ўсё як крыніца валютных паступленняў ва ўмовах санкцыйнай ізаляцыі, а не як фундамент для сістэмнага развіцця блокчэйн-эканомікі. У дзеяннях беларускіх уладаў пераважае кароткі гарызонт планавання і імкненне да кантролю, а не да інавацый.
Рыторыка аб «лічбавай эканоміцы» і «чацвёртай прамысловай рэвалюцыі», што актыўна прасоўвалася ў 2017—2019 гг., фактычна сышла на другі план пасля 2020 года. У новых рэаліях акцэнт зроблены на аператыўнай выгодзе, а не на інстытуцыйных зменах. Майнінг застаецца ў статусе «інструмента на час», чый лёс наўпрост залежыць ад палітычных рашэнняў уладаў.
Беларусь — унікальны, але супярэчлівы кейс у крыптавалютнай геаграфіі Усходняй Еўропы. Лібералізацыя ў рамках ПВТ і танная электраэнергія ствараюць ілюзію прывабнасці. Аднак міжнародная ізаляцыя, палітычныя і прававыя рызыкі рэзка абмяжоўваюць рэальны прыток інвестыцый.
У кароткатэрміновай перспектыве краіна можа выкарыстоўваць майнінг як крыніцу валюты, але без структурных рэформаў устойлівае развіццё крыптагаліны малаверагоднае.
Каментары
> чысла
Лікі
>дзяржаўных схематозаў
Фактычна з паветра атрымліваюць крыптавалюту. Гэта лепш чым яе проста купляць (уваход можна адсачыць), ці атрымліваць ад пабочных асоб (таксама можна адсачыць). Ідэальны інструмэнт для абыходу санкцый. Адзіны мінус - за яе не ўсё можна купіць.