Грамадства1717

Ад чаявання з баранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет

Рускі дом у Гродне працуе крыху больш за год — і за гэты час правёў каля 400 мерапрыемстваў. Арганізацыя ладзіць кінапаказы, літаратурныя вечары (з прэзентацыямі зборнікаў Z-паэзіі), возіць гродзенскіх настаўнікаў на форумы ў Расію і дапамагае збіраць гуманітарную дапамогу жыхарам Данбаса. Hrodna.life вывучыў, як гродзенцам незаўважна насаджаюць расійскую культуру і расійскі погляд на свет.

Ружовыя вушанкі — атрыбут Рускага дома ў Гродне. Фота: Рускі дом у Гродне

Рускі дом з’явіўся ў «рэкордна кароткія тэрміны» — і стаў чацвёртым у краіне

У красавіку 2024 года на Вялікай Траецкай, 42 адкрыўся Расійскі цэнтр навукі і культуры. Скарочана — Рускі дом. Фасад упрыгожылі шарамі ў колер расійскага флага, ля ўвахода ўстанавілі трыкалор. Сімвалічную чырвоную стужку разразалі кіраўнік «Рассупрацоўніцтва» Яўгеній Прымакоў і саветнік-пасланнік пасольства РФ у Беларусі Уладзімір Ваньке.

Шлях ад ідэі да адкрыцця Рускага дома ў Гродне заняў усяго паўтары гады. «Рэкордна картокія тэрміны», — заявіў тады пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

Гэта чацвёрты такі цэнтр у Беларусі. Астатнія знаходзяцца ў Мінску, Брэсце і Гомелі.

Адкрыць Рускі дом прасілі самі гродзенцы?

Першы год Рускім домам у Гродне кіравала віцэ-консул Генконсульства Расіі Алена Літвішчэнка. У эфіры праграмы «Бодрое утро» на гродзенскім тэлебачанні яна сцвярджала, што запыт на адкрыццё Рускага дома нібыта неаднаразова паступаў ад саміх гродзенцаў. «І ён быў добра ўспрыняты ў Маскве», — рэзюміравала яна.

Кіраўнік Рускага дома ў Гродне Алена Літвішчэнка. Фота: Рускі дом у Гродне

Праўда, «запыт ад саміх гродзенцаў» насамрэч быў ініцыятывай адной канкрэтнай грамадскай арганізацыі — гродзенскага аддзялення «Рускага таварыства». Гэта існуючае з 90-х аб’яднанне, якое асабліва актывізавалася тры гады таму, калі яго ўзначаліў ураджэнец Расіі Аляксандр Бірукоў. У той жа час іншыя грамадскія аб’яднанні нацыянальных меншасцей у Беларусі ў апошнія гады сутыкаюцца з рэпрэсіямі і ліквідацыяй.

У чэрвені 2025 Алена Літвішчэнка паведаміла, што яе «камандзіроўка як кіраўніка Рускага дома ў Гродне» заканчваецца — чыноўніца вяртаецца ў Расію. Пакуль абавязкі кіраўніка выконвае Альбіна Аляксандрава, якая да гэтага была галоўным спецыялістам Рускага дома.

Дзе яшчэ ў свеце працуюць Рускія дамы

Рускія дамы працуюць у 71 краіне свету. Больш за ўсё прадстаўніцтваў адкрыта ў Індыі — пяць, Казахстане — чатыры. Столькі ж і ў Беларусі. Усяго ў свеце 87 рускіх дамоў.

Геаграфія Рускіх дамоў у свеце. Скрыншот rs.gov.ru

Сеткай гэтых культурных прадстаўніцтваў курыруе «Рассупрацоўніцтва». Гэта дзяржаўнае агенцтва, афіцыйная мэта якога — «узмацненне гуманітарнага ўплыву Расіі ў свеце».

Для гэтага «Рассупрацоўніцтва» прасоўвае расійскую адукацыю, умацоўвае пазіцыі рускай мовы і арганізоўвае маладзёжныя праекты. Штогод запрашае ў Расію каля 2000 чалавек у рамках адукацыйных праграм «Добры дзень, Расія!» і «Новае пакаленне».

Мяккая сіла Крамля

Адкрыццё Рускіх дамоў за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі, — праява мяккай сілы, адзначае ў размове з BGmedia гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Утвараючы сетку і займаючы нішу няўрадавых арганізацый, якая вызвалілася пасля рэпрэсій, дамы залучаюць беларусаў у расійскую культурную прастору.

Аналізуючы гэтыя працэсы, журналісты Deutsche Welle адзначаюць, што рэпрэсіі ў сферы культуры і адукацыі ў Беларусі толькі спрыяюць распаўсюджванню прарасійскіх наратываў. Эксперты міжнароднай ініцыятывы iSANS у размове з DW звяртаюць увагу, што беларускую моладзь прыцягваюць у Расію квотамі ўрада РФ на паступленне ў расійскія ВНУ.

Мядзведзь у вушанцы на фоне трыкалора сустракае дзяцей і дарослых у Рускім доме ў Гродне. Фота: Рускі дом у Гродне

Кіраўнік iSANS Улад Кобец называе доўгатэрміновай мэтай працы Рускіх дамоў у Беларусі ўплыў на маладых беларусаў і выхаванне лаяльнага Расіі пакалення.

Праява расійскай мяккай сілы асабліва прыкметна на ўзроўні наратываў у сферы культуры. Арганізуючы мерапрыемствы ў Гродне, Рускі дом падкрэслівае агульнасць беларускай і расійскай культуры і гісторыі. Беларусаў называюць суайчыннікамі. Падкрэсліваецца маштабнасць рускіх пісьменнікаў і палітыкаў: ад Рурыка і Пушкіна да Пуціна. Пры гэтым постаці беларускіх дзеячаў становяцца амаль нябачнымі.

Як мяккая сіла пераўтвараецца ў сілу жорсткую

Пакуль што расійскія структуры ў Беларусі пранікаюць перадусім у сферу адукацыі. Гісторык Павел Церашковіч звяртае ўвагу ў падкасце «Радыё Свабода», што Расія ў 17 разоў павялічыла квоты для беларускіх абітурыентаў у сваіх ВНУ і прадаставіла 1300 стыпендый, якія цалкам пакрываюць навучанне ў бакалаўрыяце. Пры гэтым мяккая сіла Расіі, сканцэнтраваная на культуры і адукацыі, можа хутка пераўтварыцца ў жорсткую. Пры нагодзе, Рускія дамы могуць служыць нават справе акупацыі Беларусі.

«У 2014 годзе, калі адбывалася анэксія Крыма і фактычная анэксія Данецкай і Луганскай абласцей менавіта офісы «Рассупрацоўніцтва» былі цэнтрамі падбухторвання да гэтых працэсаў», — узгадвае Церашковіч. А адзін з ідэолагаў «Рускага міру» Цімафей Сяргейцаў у 2022 годзе ў артыкуле пра Украіну напісаў наўпрост, што офісы «Рассупрацоўніцтва» павінны стаць цэнтрамі акупацыйнай улады на занятых тэрыторыях Украіны.

Рускі дом у Гродне: бесперапынная актыўнасць і ўсё больш Z-матываў

За 2024 год Рускі дом у Гродне правёў больш за 300 мерапрыемстваў — дзейнасць была амаль бесперапыннай. Акцыі можна ўмоўна падзяліць на наступныя катэгорыі: ідэалягічныя, адукацыйныя, рэлігійныя і культурныя.

На аснове адкрытых крыніц Hrodna.life палічыў прыкладныя працэнтныя суадносіны мерапрыемстваў, якія Рускі дом правёў за першыя шэсць месяцаў 2025 года. Мерапрыемствы праходзілі як на базе арганізацыі, так і за яе межамі.

Адна з выставак, якія арганізаваў у Гродне Рускі дом. Фота: Рускі дом у Гродне

Было праведзена як мінімум 66 мерапрыемстваў. З іх:

  • 31 ідэалагічнае (акцыі памяці ВАВ і акцыі ў падтрымку вайны ва Украіне) — 46%;
  • 15 культурных (майстар-класы і выставы, якія паглыбляюць у культуру Расіі) — 22%;
  • 14 адукацыйных (лекцыі, сустрэчы і тэлемасты для гродзенскіх школьнікаў і студэнтаў) — 21%;
  • 6 рэлігійных (сустрэчы са святарамі і паглыбленне ў праваслаўныя традыцыі) — 9%.

Ідэалогія: клопат аб ветэранах і прасоўванне Z-паэзіі

Гэтаму напрамку Рускі дом у Гродне надае асаблівае значэнне. Некаторыя мерапрыемствы сацыяльна-арыентаваныя. Напрыклад, супрацоўнікі дома наведваюць ветэранаў ВАВ напярэдадні дзяржаўных свят. Для былой блакадніцы Тамары Камаровай Рускі дом арганізаваў паездку ў Санкт-Пецярбург.

Разам з тым у Рускім доме праводзяць прэзентацыю зборніка вершаў «ПаэZія рускай зімы» і ладзяць фотавыставу «Мы абвінавачваем», якая прысвечана «наступствам удараў кіеўскага рэжыму па мірным насельніцтве» рэгіёнаў Расіі.

Некаторыя мерапрыемствы, здавалася б, нясуць пазітыўны пасыл — напрыклад, Дзень сям'і, кахання і вернасці. Але туды Рускі дом запрасіў ігуменню Гаўрыілу. Ігумення Гродзенскага жаночага манастыра вядома сваёй адкрытай падтрымкай вайны ва Украіне, а таксама антыбеларускімі і антызаходнімі настроямі.

Ігуменія Гаўрыіла ў Рускім доме ў Гродне. Фота: Рускі дом у Гродне

Змешванне ідэалогіі з дабрачыннасцю, рэлігіяй і сацыяльнай працай — звычайная справа для Рускага дома. Супрацоўнікі цэнтра прыходзяць з візітамі і падарункамі ў радзільню і ЗАГС, удзельнічаюць у адкрыцці баскетбольнага турніру і арганізацыі канцэртаў.

Казакі, Азоўсталь і «небяспека ўкраінскага нацыяналізму» — якое кіно паказваюць у Рускім доме ў Гродне

З цягам часу вектар працы Рускага дома ў Гродне становіцца ўсё больш ідэалагізаваным. За апошні год цэнтр праводзіў гуманітарны збор для жыхароў Данбаса, Курска і іншых рэгіёнаў, а таксама прасоўваў віктарыну «Крым у гісторыі рускага свету» (прызам была пуцёўка на анэксаваны паўвостраў).

У красавіку 2025 у Рускім доме паказвалі прапагандысцкі фільм «Азоўсталь. Вызваленне». У фінале кінапаказу прагучала песня Івана Сапунова «Рускі свет», прысвечаная ўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны.

На паказе расійскага прапагандысцкага фільма. Фота: Рускі дом у Гродне

Іншы прапагандысцкі фільм «Данбас. Перадавая. Казакі» паказвалі ў чэрвені, а ў ліпені збіраюцца паказваць філь «Лінія надрыву» — аб «небяспецы ўкраінскага нацыяналізму».

Пры гэтым пакуль што такія фільмы амаль не збіраюць гледачоў. На адзін з сеансаў сабраўся ўсяго дзясятак чалавек — падапечных аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей.

Культура: калабарацыі з гродзенскімі мастакамі і шапкі-вушанкі для замежнікаў

У снежні 2024 Рускі дом арганізаваў у сінагозе выставу рэпрадукцый Льва Бакста. Нягледзячы на ​​тое, што Бакст нарадзіўся ў Гродне, у горадзе да гэтага часу няма яго музея. Таксама Рускі дом супрацоўнічае з мясцовымі мастакамі — напрыклад, там выстаўляліся Кацярына Забеліна і Іван Русачык.

Фокус увагі Рускі дом накіроўвае не толькі на гродзенцаў — арганізацыя запрашае да сябе і замежных студэнтаў. Напрыклад — грамадзян Індыі, Танзаніі або Шры-Ланкі, якія вучацца ў гродзенскіх універсітэтах. Каб моладзь «глыбей пагрузілася ў свет традыцыйнай рускай культуры», ім выдаюць шапкі-вушанкі і выконваюць песні Мусліма Магамаева.

Замежныя студэнты ў Рускім доме. Фота: Рускі дом у Гродне

У чэрвені 2025 пад кіраўніцтвам Рускага дома ў культурным цэнтры «Фестывальны» прайшло свята рускай культуры. «Фестывальны» ўпрыгожылі сцягамі краіны, на сталах паставілі самавары, баранкі і чабурашку.

Адукацыя: тэатральныя студыі і бакалаўрыят ад Рассупрацоўніцтва

Адукацыйныя мерапрыемствы — яшчэ адзін напрамак дзейнасці Рускага дома, якому надаюць вялікае значэнне. Працуюць як з дзецьмі і студэнтамі, так і з дарослымі гродзенцамі.

Для дзяцей на базе Рускага дома працуе тэатральная студыя «Тэатрон». Таксама перыядычна для школьнікаў праводзяць кінапаказы расійскіх мультфільмаў або віктарыны. Тэмы вар'іруюцца: ад экалогіі да кібербяспекі. Знаёмяць дзяцей і са спадчынай СССР — паказваюць агітплакаты і расказваюць пра дасягненні краіны ў гады ВАВ.

Сярод старшакласнікаў і студэнтаў рэгулярна праводзяць дыктанты, прымеркаваныя да расійскіх дзяржаўных свят. Арганізацыя актыўна папулярызуе навучанне ў ВНУ Расіі — распавядае пра дні адчыненых дзвярэй, анлайн-канферэнцыях і прэзентацыях. Паведамляюць і аб тэрмінах правядзення дыстанцыйнага тэсціравання для тых, хто хоча па лініі Рассупрацоўніцтва паступіць на бакалаўрыят.

Адукацыйныя івэнты праводзяць і для дарослых. Рускі дом вазіў гродзенскіх настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства ў Расію на форум, прысвечаны «захаванню гістарычнай памяці».

Замест Ажэшкі — Пушкін

Перыядычна Рускі дом праводзіць мерапрыемствы, не ўнікаючы ў кантэкст Гродзенскай вобласці — яе культурных і гістарычных асаблівасцяў. Так у лістападзе 2024 года консульства Расіі і «Рускі дом» былі ў ліку арганізатараў зімняга балу ў Новым замку.

Вырашылі, што першы танец, які выканаюць удзельнікі — паланэз на музыку з фільма «Пан Тадэвуш». Карціна была знята ў 1999 годзе па аднайменнай паэме Адама Міцкевіча і расказвала пра жыццё шляхты напярэдадні вайны Напалеона з Расіяй і пра жаданне змагацца з расійскімі акупантамі за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Для Рускага дому такі выбар музыкі як мінімум выглядае дзіўна.

Рускі дом любіць адзначаць даты, якія не маюць ніякага дачынення да Гродна. Напрыклад, у чэрвені святкуюць дзень нараджэння Пушкіна. У 2024-м па ініцыятыве цэнтра ў рэстаране «Кронан» з’явіўся юбілейны кактэйль «Пушкін 225». А ў 2025-м у бары «Госці» прайшла «Сустрэча двайнікоў Пушкіна і Ганчаровай», куды запрасілі гродзенскіх школьнікаў і студэнтаў.

Дзень нараджэння Пушкіна ў Гродне ў бары «Госці». Фота: Рускі дом у Гродне
Дзень нараджэння Пушкіна ў Гродне ў бары «Госці». Фота: Рускі дом у Гродне

Былы ўладальнік «Маёнтка Падароск» Павел Падкарытаў адрэагаваў на гэта ў сваім Facebook. «Сабралася іх (двайнікоў Пушкіна — рэд.) вялікая колькасць, многія былі вельмі падобныя. Чыталі вершы Пушкіна, казалі аб любві да рускай мовы. Спадзяюся, быў зачытаны і ліст паэта свайму сябру Вяземскаму ад 1 чэрвеня 1831, вельмі актуальны, пра адмысловую ваенную аперацыю ў былой Рэчы Паспалітай», — напісаў Падкарытаў. Ён меў на ўвазе словы Пушкіна аб тым, што трэба абавязкова задушыць вызваленчае паўстанне, якое бушавала на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у 1830−31 гадах.

У каментарах заўважылі, што за святкаваннем дня нараджэння Пушкіна прапусцілі іншую важную для Гродна дату. «Як шкада, што не ўзгадалі, што 6 чэрвеня нарадзілася Эліза Ажэшка», — напісала адна з гараджанак.

Каментары17

  • КоАП
    14.07.2025
    А што за ружовыя вушанкі? Артыкул адміністрацыйнага кодэкса за прапаганду лгбт.
  • Gust
    14.07.2025
    Нармальны чалавек на гэтыя мерапрыемствы не пойдзе i дзецям не дазволiць iм голаву дурыць сваiмi Z-дурням
  • Вывезці ў любімую Расею
    14.07.2025
    Усе памесцяцца ў адзін вагон поезда на Маскву.

Цяпер чытаюць

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну2

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Сабаленка адарвалася ў рэйтынгу на гіганцкія 4750 балаў5

Кітайскія навукоўцы стварылі пчол-кібаргаў5

Кошт біткойна ўпершыню ў гісторыі перавысіў 120 000 даляраў1

Трамп сёння абвесціць пра новы план узбраення Украіны4

Зяленскі збіраецца памяняць прэм'ера і міністра абароны3

«Тэму генацыду беларускага народа прыдумалі расіяне і падсунулі гэта ў якасці сцэнарыя для мабілізацыі беларусаў»9

У аэрапорце пад Лонданам разбіўся прыватны самалёт

Насельніцтва Еўрасаюза перасягнула 450 мільёнаў чалавек. Але рост не паўсюль6

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну2

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць