«Беларусі не будзе ўжо сёння ўвечары»
Калі жывеш у бурбалцы Facebook, Threads, X ці гіперкрытычных беларускіх СМІ, здаецца, што ўсё не так і ўсе не такія. Рэальная ж Беларусь — і беларускасць — падаюць столькі пазітыўных сігналаў, піша Макар, аўтар рамана «Апошняе пакаленне».

Нас упарта пераконваюць, што беларусы і беларускі нейкія не такія.
Гэтая думка гучыць і з вуснаў улады, і ад многіх яе апанентаў. Адны скардзяцца на народ, што той мала нараджае. Іншыя — што народ іх не слухае, не выходзіць на вуліцы і толькі плаціць падаткі. І ўсе яны сходзяцца ў адным: беларусы не такія, як трэба.
Вы ўсё робіце не так
Абвінавачванні чуюцца і проста ад людзей — у інтэрнэце, на вуліцах. Асабліва востра гэта адчуваецца пасля некалькіх дзён у Facebook, Threads, X ці беларускіх СМІ, што хочацца загарнуцца ў белую прасціну і адпаўзаць у бок могілак. Бо, калі верыць таму, што там пішуць, мы ўсе памром разам з Беларуссю не праз год, не заўтра, а ўжо сёння ўвечары.
Бясконцая паніка, што «Беларусь знікае», настолькі апантала нашыя розумы, што нават самы здаровы чалавек пачынае задумвацца: а можа і сапраўды ніякай Беларусі больш не будзе?
Столькі беларускамоўных не было ніколі
Але ж дастаткова выйсці з фэйсбука на вуліцу. І тады можна ўбачыць натоўпы людзей на святкаваннях Купалля — у Беларусі і ў Варшаве. Убачыць выдадзенага па-беларуску «Гары Потэра», «Уладара Пярсцёнкаў», «Ззянне». Убачыць, што кніга «(Ня)чысты Мінск» — бестсэлер ужо другі месяц запар. «NaviBand», «Пятля прыхільнасці», «J:Mors» працягваюць ствараць беларускую музыку і збіраюць па некалькі тысяч слухачоў на канцэртах у Еўропе, а дзякуючы такім гуртам як «Молчат дома» пра існаванне Беларусі ў свеце даведваюцца ўсё больш і больш людзей. Штодзённыя выпускі навінаў ад «Нашай Нівы» збіраюць у ютубе па 100+ тыс. праглядаў. Зборы дзеткам, хворым і палітвязням закрываюцца датэрмінова.
І самае важнае: у гарадах Беларусі сёння столькі беларускамоўных людзей, колькі не было ніколі. Першыя 20 гадоў свайго жыцця я не сустракаў беларускамоўных барыста ў менскіх кавярнях. А сёння яны ёсць — і ў Менску, і ў Лідзе, і ў Берасці.
Сёння столькі блогаў, столькі кантэнту на беларускай мове, колькі ніколі не было. Я, напрыклад, калі пераходзіў на беларускую ў 2019 годзе, ведаў толькі 3-4 YouTube-каналы на беларускай. А сёння іх ужо не пералічыць.
І ўсё ж мэйнстрымная думка застаецца: гэта ўсё дробязь, бо «расійскія танкі пад Менскам», і ўсё астатняе не мае значэння.
Пра дробязь
Адмаўляць пагрозу нельга, і толькі сляпы яе не пабачыць. Але ўсё, пра што я пералічыў вышэй, — не дробязь. Гэта сведчанне жыцця і развіцця. Гэта знакі, што цікавасць да беларускага сёння вялікая як у краіне, так і за яе межамі.
Дык чаму ж мы самі забываем пра ўсё добрае і працягваем лямантаваць: «Нам канец»?
Нібы гэты крык камусьці дапаможа. Нібы ён каго-небудзь натхніць і вывядзе на вуліцу, прымусіць пісаць песні, вершы, сцэнары. Але ці так гэта працуе? Каму хочацца лезці на «Тытанік», калі ўсе вакол крычаць, што ён ужо сёння ўвечары патоне?
«Неймаверныя»
Людзі хочуць іншага. Яны хочуць далучацца да будаўніцтва чагосьці крутога, сучаснага, натхняльнага. Хочуць быць часткай гісторыі, якая мае будучыню.
Таму ў 2020-м мы бачылі натхнёных і зацікаўленых беларусаў і беларусак. Людзі ішлі на дваравыя канцэрты, шукалі і глядзелі беларускае, стваралі сваё. Усе хацелі адчуць сябе сярод «неймаверных беларусаў» і з гонарам казалі: «Я беларус_ка, я гэта ствараю!»
«Нельга» як спосаб выжывання
А што ж прапануюць крытыканы розных масцей? Адны: «нельга плаціць падаткі ў Беларусі», другія: «нельга хадзіць на канцэрты», трэція: «нельга хадзіць у кафэ». Чацвёртыя: «нельга размаўляць па-руску», «нельга рабіць памылак у беларускай мове», «нельга ўжываць русізмы, паланізмы, англіцызмы» (пра трасянку ўвогуле лепш не ўзгадваць). Нельга жыць!
Гэтымі ўсімі «нельга» мы замыкаем дзверы на ўсё новыя і новыя замкі замест таго, каб іх адчыніць. Замест таго каб выйсці са сваіх гета і заахвочваць людзей, гэтыя крытыкі абіраюць захоўваць гэтае гета ад «няправільных» беларусаў, бо там, за дзвярыма, страшны і небяспечны свет, дзе іх не лічаць геніямі.
Гэтае запаветнае «нельга» стала чымсьці звычайным і, у пэўным сэнсе слова, нармальным для многіх людзей. Яны вырашылі, што яно трэба, каб самазахавацца.
Праз «нельга» яны абараняюцца ад вонкавай агентуры і лічаць, што захоўваюцца. Захоўваюцца прыкладна так, як карціны ў музеі, да якіх нельга дакранацца. І вось яны з гэтай неймавернай ідэяй, да якой можна дакранацца толькі адзінкам з нашага гета, стаяць і чакаюць, калі ж да іх пачнуць ісці людзі. Чакаюць, калі людзі ўбачаць, наколькі ж іх ідэя неймаверная.
Але страх не натхняе.
Каментары
Страх можа і натхняе, але не натхняе нікчэмнасць.
Не натхняюць памыі ўласнай нікчэмнасці, якія выліваюць на галовы людзей вельмі ж ганарова-недатыкальныя асобы.
Вось гэтыя галашэнні закамплексаваных маргіналаў сапраўды не натхняюць.