Гісторыя44

Ад клінапісу да вітражоў Сен-Дэні. Тэлеграм-каналы беларускіх гісторыкаў, на якія варта падпісацца

Першабытныя людзі, Месапатамія, Палесціна, крыжовыя паходы — толькі частка таго, пра што можна даведацца з іх і часта па-беларуску.

Фота з тэлеграм-каналаў беларускіх гісторыкаў. Калаж: Наша Ніва

Аўтарка гістарычнага падкаста «Так склалася гістарычна» Ганна Дзягіль сабрала топ-каналаў, якія вядуць прафесійныя беларускія гісторыкі. Вядоўца падкаста патлумачыла, што адбірала толькі тыя каналы, якія вядуць неананімныя беларускія гісторыкі і якія прысвечаны сферы навуковых інтарэсаў аўтара. 

Байкі Джэдзі (@egyptology_by)

Ала Спартак побач з сямейнай групай кіраўніка горада Фівы Аменемхеба з жонкай і маці. Канец XVIII — пачатак XIX ст. да н.э. Злепак на гістфаку БДУ, зроблены з арыгіналу, які захоўваецца ў Эрмітажы. Фота: Байкі Джэдзі

Ала Спартак, адзіны егіптолаг у Беларусі, вядзе канал пра егіпталогію па-беларуску. У канале рэгулярна з’яўляюцца фотаздымкі старажытнаегіпецкіх артэфактаў і помнікаў, якія суправаджаюцца грунтоўнымі каментарамі навукоўца.

Ці ведалі вы, што ў Луўры захоўваецца статуя Падымахеса, выкупленая ў графа Міхала Тышкевіча-Лагойскага?

Першабытная археалогія ў кантэксце (@archeaposhuk)

Адна з самых старажытных антрапаморфных выяў на касцяным гравіраваным вырабе з тэрыторыі Беларусі была адшукана падчас даследаванняў першабытных паселішчаў на возеры Вячэра ў Любанскім раёне. Фота: Першабытная археалогія ў кантэксце

Археолаг Аляксандр Вашанаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі распавядае на ўласным канале пра археалогію першабытнасці на Беларусі і не толькі. Каналу менш за месяц, але на ім ужо ёсць нямала цікавых допісаў пра першабытныя прылады працы, мастацтва і актуальныя знаходкі з археалагічных раскопак.

Які малюнак на косці часоў неаліту можа стаць нядрэнным сюжэтам для татуіроўкі? 

Блізкі Усход у цэнтры Еўропы (@sektorvostok)

Спачатку, у часы караля Фарука, у Егіпце быў зняты чорна-белы фільм «Уладар помсты», а пасля, ужо пры Насеру, каляровы рымейк «Уладар хітрасці». Сюжэт быў адаптацыяй рамана «Граф Монтэ-Крыста», дзеянне якога было перанесенае ў Егіпет часоў халіфата. Фота: Блізкі Усход у цэнтры Еўропы

Дзмітрый Сеўрук, загадчык сектара ўсходазнаўства Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, піша ў сваім канале пра гісторыю, культуру, мовы і рэлігіі Блізкага Усходу. Хочаце ведаць пра егіпецкі кінематограф часоў караля Фарука, брытанскіх разведчыкаў на Блізкім Усходзе ці быць у курсе актуальных навін у даследаванні беларуска-татарскага пісьменства — вам варта падпісацца на гэты канал.

Левантийская тетрадь (@lettersfromthelevant)

Папа Францішак падтрымліваў палесцінцаў, пры ім было адкрыта пасольства Палесціны, а ў 2024 годзе на плошчы Святога Пятра з'явілася батлейка, дзе немаўля Ісус ляжаў на палесцінскай куфіі. Фота: Левантыйскі сшытак

Дзмітрый Шавялёў, які выкладае на факультэце міжнародных адносін БДУ, піша на канал свае нататкі па гісторыі Ізраіля і замежнай палітыкі краін Блізкага Усходу. Натуральна, што большасць допісаў цяпер прысвечаны розным мала заўважным для неспецыялістаў аспектам актуальнага і гістарычнага супрацьстаяння Ізраіля і Палесціны.

Межкультурные связи (@crossculturalcases)

На першай інаўгурацыі Трампа ў 2017 годзе яго жонка Меланія з'явілася ў блакітным касцюме ад Ральфа Ларэна, які быў відавочнай адсылкай да стылю Жаклін Кенэдзі і, больш за тое, да ўбору на інаўгурацыі Джона Кенэдзі 1961 года. Фота: POTUS arrives / Wikimedia Commons

Гісторык Настасся Міксюк, якая працуе на тым жа факультэце, піша нататкі пра цікавыя моманты з міжкультурных камунікацый — дзелавую культуру, асаблівасці дрэс-коду і нюансы дыпламатычных візітаў. Каму дазволена быць у белай сукенцы побач з Папам, а хто гэтае правіла груба парушыў — пра гэта можна прачытаць на канале. 

Gandhāra (@gandharan_greek)

Цар Шыбі, папярэднік пуранічнага Шывы, у адным з ранніх вобразаў з іканаграфіяй, блізкай да Шывы: цёмна-сіні колер і царская пастава. Фрэска з пячоры Могаа №254 ілюструе будыйскую «Сіві-джатку» — гісторыю пра самаахвяраванне цара дзеля выратавання голуба ад драпежніка. Менавіта матыў самаахвяравання з часам стане асновай для міфалогіі Шывы ў Пуранах. Фота: Gandhāra

Філосаф Андрэй Шуман вядзе папулярны канал, у якім больш за чатыры тысячы падпісчыкаў. Ён у асноўным прысвечаны рэгіёну Гандхара, які прасціраецца на поўначы Афганістана і паўночным усходзе Пакістана і які быў цэнтрам гарадской культуры яшчэ з перыяду бронзы, але тэматыка канала гэтым не абмяжоўваецца. Чаму школы логікі ўзніклі ў вузкай паласе Еўразіі паміж 32° і 38° паўночнай шыраты і больш не ўзніклі нідзе і як з гэтым звязаны культ вярхоўнай багіні-маці — адказаў на такія пытанні шукае аўтар канала. 

Крыжовыя паходы | Les croisades | The Crusades (@croisades)

Адзін з правадыроў Трэцяга крыжовага паходу германскі імператар Фрыдрых I Барбароса. Маргіналіі з «Генуэзскіх аналаў» Кафара. Рукапіс сярэдзіны XIII ст. Генуя (?). Фота: Крыжовыя паходы

Deus vult! Яўген Гурынаў вядзе канал пра крыжовыя паходы, рыцарскія ордэны і еўрапейскі ды блізкаўсходні свет часоў Сярэднявечча. У ім жа можна пазнаёміцца з новымі навуковымі публікацыямі па медыевістыцы з усяго свету. Пакуль што ў канала 30 з невялікім падпісчыкаў, што яўна не адпавядае таму, якой увагі заслугоўвае гэты канал.

Дом Набу, што ў Барсіпе (@movydyteksty)

Пахавальны фінікійскі надпіс з Кіпра, які добра ілюструе старажытную любоў да генеалогій, якая таксама прадстаўлена, напрыклад, у генеалагічных спісах Бібліі, а таксама шырока распаўсюджаную практыку пераходу пасад ад бацькі да сына. Фота: Дом Набу, што ў Барсіпе

Яшчэ адзін недаацэнены канал вядзе гісторык Ілля Лапушанскі. Ён прысвечаны гісторыі Месапатаміі, помнікам манументальнага мастацтва і пісьменства. Найбольш увагі аўтар надае старажытным семіцкім мовам, такім як фінікійская і акадская — для апошняй ён нават падрыхтаваў невялікі ўводны падручнік, апублікаваны на канале. Канал актыўна вёўся ў 2024 годзе, але не абнаўляўся з красавіка гэтага года — можа, новыя падпісчыкі і каментатары стануць штуршком для аўтара працягнуць працу над ім.

Адчувальны ўсходні ўхіл

Нельга не заўважыць, што амаль усе з пералічаных каналаў прысвечаны Усходу, нават тэма крыжацкіх паходаў, пры ўсёй, здавалася б, канцэнтраванай еўрапейскасці, у выніку вядзе на той жа Блізкі Усход — цэль большасці такіх паходаў.

За выключэннем «прамежкавай» тэматыкі крыжакоў, няма ніводнага канала, прысвечанага гісторыі і культуры Еўропы ці Амерыкі: грэчаскай і рымскай антычнасці, ранняму сярэднявеччу, эпосе Адраджэння, Рэфармацыі, еўрапейскай каланізацыі, напалеонаўскім войнам, гісторыі суседніх Польшчы ці краін Балтыі і гэтак далей.

Пэўна, разгадкай такога перакосу крыецца ў тым, што беларуская навука так і не змагла пераадолець спецыфіку, закладзеную за савецкім часам: Захад быў забаронены і закрыты «Жалезнай заслонай», а глабальны Усход быў сферай інтарэсаў і ідэалагічнай барацьбы з капіталістычным светам.

Даследаванне заходніх краін было абмежаванае і магло ўспрымацца як сімпатыі да «буржуазнага ладу», а спецыялісты па дружалюбных краінах «трэцяга свету», адчувальных да ідэй сацыялізму, былі запатрабаваныя ў СССР.

Сёння Беларусь апынулася ў падобнай сітуацыі, калі быць спецыялістам па Польшчы, Літве ці Германіі небяспечна, а спецыялістам па Індыі, Егіпце — у нейкім сэнсе прасцей. 

Каментары4

  • Дзякуй
    08.08.2025
    На беларускамоўныя падпішуся, рускамоўныя няхай ў Маскве чытаюць
  • .
    08.08.2025
    Слушныя высновы. У імперыях вывучаюць тое, што жадаюць акупаваць.
  • Войшелк
    08.08.2025
    На пячатцы Вітаўта напісана (1407 год): лац. *Sigillum Allexandri allas Wytowdi magnis ducis Lithwanie d\[omini]ni Russie et cetera* — «Пячатка Аляксандра, або Вітаўта, вялікага князя Літоўскага, гаспадара Рускага і г. д.»

    Гэта значыць, што Літва і Русь – гэта народы, а слова *et cetera* азначае даслоўна «іншыя» (іншыя народы). І на самой пячатцы намаляваны гербы іншых народаў — Тракайскага княства (Аўкштайціі) і Жамойціі.

    Што сведчыць пра тое, што Літва, Аўкштайты і Жамойты — розныя народы.

    Вось выява пячаткі:
    [https://uk.wikipedia.org/wiki/Вітовт#/media/Файл\:Witold\_Duke\_of\_Lithuania\_seal.PNG](https://uk.wikipedia.org/wiki/Вітовт#/media/Файл:Witold_Duke_of_Lithuania_seal.PNG)

    Таксама пра тое, што ВКЛ было заснавана іншым этнасам (не аўкштайцкім), сведчыць назва сталіцы ВКЛ — Вільня / Вільнюс / Вільнo. Яна паходзіць ад гідроніма *Вілія*, але аўкштайты называюць гэтую раку *Нярэс*.
    Гэта прама сведчыць пра тое, што не аўкштайты заснавалі ВКЛ.

    Таксама варта адзначыць, што ў аўкштайтаў (ліетувісаў) пісьменнасць з’явілася толькі ў 1503 годзе, аднак яна ніколі не была дзяржаўнай у ВКЛ.

    Тое, што назва *Вілія* не мае паходжання з аўкштайцкай мовы, а таксама тое, што аўкштайцка-ліетувіская мова ніколі не была дзяржаўнай у ВКЛ, сведчыць пра тое, што літвіны пераходзілі на аўкштайцкую мову, а не наадварот.

    Вядома, што паміж Вільняй (уключна) і Менскам жылі балцкія плямёны — гэта пацвярджае археалогія. Менавіта яны заснавалі ВКЛ, а пасля былі асіміляваныя аўкштайтамі-ліетувісамі і русінамі-літвінамі.

    Такім чынам, можна сцвярджаць, што беларусы-літвіны — такая ж тытульная нацыя ВКЛ, як і аўкштайты-ліетувісы.

    Што датычыць імёнаў вялікіх князёў літоўскіх, дык аўкштайцкі этнас пазычыў іх з мовы літвінаў. Як, напрыклад, славяне запазычылі скандынаўскія імёны (Алег, Вольга) і назву народа Русь, але пры гэтым засталіся пры сваёй культуры і мове.

    А спробы тлумачыць этымалогію імёнаў з аўкштайцка-ліетувіскай мовы — гэта псэўдаэтымалогія:
    [https://ru.wikipedia.org/wiki/Псевдоэтимология](https://ru.wikipedia.org/wiki/Псевдоэтимология)

    **P.S.**
    Навагрудак быў сталіцай ВКЛ пры Войшалку і Шварне.
    Гродна і Варшава былі сталіцамі Рэчы Паспалітай, хоць юрыдычнай сталіцай быў Кракаў (там праходзілі каранацыйныя соймы).

    Дзяржаўная мова ВКЛ — гэта сумесь старабеларускай мовы і царкоўнаславянскага беларусскага iзвода. Гэта значыць — сумесь размоўнай і духоўнай мовы беларусаў. Таму правільна называць яе — **старабеларуская пісьмовая мова**.

    У 1696 годзе старабеларуская пісьмовая мова перастала быць дзяржаўнай у ВКЛ. Дзяржаўнай стала польская, але не ліетувіска-аўкштайцкая, што ўсталёўвала парытэт паміж нашымі этнасамі, бо ВКЛ было незалежным княствам у складзе
    Рэчы Паспалітай.

    ВКЛ было самастойным княствам, бо існавала права **ліберыум вета**, і любы літвін мог заблакаваць рашэнне агульнага сойму, у якім пераважалі палякі.

    Таксама варта дадаць, што інтэрпрэтаваць імёны вялікіх князёў літоўскіх можна амаль з любой еўрапейскай мовы — гэта і ёсць псэўдаэтымалогія:
    [https://ru.wikipedia.org/wiki/Псевдоэтимология](https://ru.wikipedia.org/wiki/Псевдоэтимология)

Цяпер чытаюць

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі2

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі

Усе навіны →
Усе навіны

Двух амерыканцаў пераблыталі ў радзільні — яны даведаліся пра гэта выпадкова праз 36 гадоў3

Дзе ў Еўропе найбольш выраслі продажы жылля ў 2025 годзе1

Беларуская дызайнерка ехала ў падарожжа ў Грузію — але на трасе пад Варонежам яе затрымалі з наркотыкамі4

МАЗ паказаў новыя аўто для аэрапорта4

На полі з цукровымі буракамі пад Пухавічамі гуляў зубр1

Якіх грыбоў сёлета ў лесе будзе найбольш?3

На Браслаўскіх азёрах пабудуюць модны рэтрыт-цэнтр ФОТЫ5

Жыхары Стаўрапаля пілі з унітазаў, каб выйграць грошы13

Шматдзетны бацька-айцішнік замовіў цацку на маркетплэйсе і атрымаў хімію21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі2

«Я так далёка забралася. Шкада толькі, што не магу паказаць гэта тату». Як жыве дачка Паўла Шарамета праз 10 гадоў пасля яго гібелі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць