Грамадства1010

Антон чатыры гады хаваўся ад лукашыстаў у родных Баранавічах — затрымалі, калі вырашыў здаць на правы

Будаўнік Антон Храмеля адкідваў гранаты на пратэстах у Баранавічах, а потым чатыры гады хаваўся ад сілавікоў у родным горадзе. 31-гадовы мужчына расказаў «Нашай Ніве», як яму гэта ўдавалася і чаму не варта думаць, што ў 2025-м рэпрэсіі суцішыліся. Хлопец ні пра што не шкадуе: «У брэсцкім СІЗА нам пападала газета «Беларусь сегодня». І там цалкам сур’ёзна пішуць, што палякі набіраюць ваду ў тазік і мыюць ёй ногі, а потым ёй жа мыюць посуд. У такія моманты разумееш — не дарма я сяджу! Я выходзіў дзеля таго, каб майму сыну ніколі ў жыцці не давялося чытаць такіх газет».

Антон з жонкай у Вільні. Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Антону і яго сям'і ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.

«Суддзя кажа — маўляў, пашчасціла табе, Храмеля»

Летам 2020-га Антон Храмеля вярнуўся ў родныя Баранавічы з вахты ў Расіі. Мужчына працаваў там з 2014-га — у тым годзе, успамінае ён, працы на будоўлях у Беларусі паменела, і давялося шукаць шчасця ў Расіі.

8 жніўня 2020-га Антон прыехаў у Баранавічы, і ўжо 9 жніўня выйшаў на паслявыбарчы пратэст. Калі ў пратэстоўцаў паляцелі дымавыя і светлашумавыя гранаты, хлопец пачаў іх рэфлекторна адкідаць у бок, і адна з гранат выбухнула проста ў яго руках. Галёнку яму прастрэлілі гумавымі кулямі.

«Аскепкі гранаты трапілі ў павека і брыво. Таксама быў вельмі моцны тэрмічны апёк, спачатку баяўся, што след застанецца на ўсё жыццё. Уся рука была чырвоная, на ёй з’явіўся вялікі пухір», — успамінае Антон.

На тым мітынгу яго затрымалі і збілі ў аўтазаку, далей Антон атрымаў пяць сутак арышту. 16 жніўня хлопец зноў пайшоў на пратэсты, а далей паехаў працаваць на вахту ў Расію. 

Але ж ён памятаў пра падзеі 9 жніўня:

«Паколькі я адкідваў гранаты, асцерагаўся, што на мяне завядуць крыміналку, хаця яны мяне і адпусцілі тады. Адзінае, што калі суддзя прыехала даваць мне пяць сутак, у пакой зайшоў канваір і прынёс стос папер — сказаў, што ў яго дапаўненне па Храмелю.

Яны тады ўжо запісалі ў сябе ручкай, што мне даюць пяць сутак. Дык суддзя і кажа — маўляў, пашчасціла табе, Храмеля. Гэта быў знак, што больш мне, магчыма, шчасціць не будзе».

Праз некалькі месяцаў Антон пазнаёміўся са сваёй цяперашняй жонкай, таксама жыхаркай Баранавічаў, а пазней перабраўся да яе жыць. На вахты ён больш не ездзіў, таму давялося шукаць працу ў родным горадзе. Трэба ж было і забяспечваць сям’ю: у Антона нарадзіўся сын, а ў яго жонкі было яшчэ два дзіцяці ад першага шлюбу.

«Няўжо яны не ведаюць, што я ажаніўся і ў мяне нарадзіўся сын?»

Яшчэ задоўга да шлюбу прыйшло разуменне — здагадкі пра крыміналку небеспадстаўныя. 9 жніўня, калі хлопца затрымалі, за кратамі ён апынуўся разам з братам, і таго брата ГУБАЗік пачаў выклікаць на гутаркі. Штораз на такіх выкліках сілавікі цікавіліся Антонам, бо мелі відэа з ім з пратэстаў. Таксама ў Храмелі былі сябры-сілавікі, якія падказвалі, што ГУБАЗіК ім цікавіцца.

Давялося перайсці на больш утойлівы лад жыцця: 

«Калі я прыехаў з Расіі, мы аформілі сім-карту на жонку. Працаваў на будоўлі неафіцыйна. На такой працы лепш плацілі, але больш важна, што да шмат каго з маіх знаёмых прыязджалі менавіта па месцы працы».

Антон імкнуўся не хадзіць туды, дзе яго маглі затрымаць, але лічыў, што звычайны патрульны ведаць яго не будзе. Яму перадавалі кантакт следчага і прасілі звязацца, але мэсэнджары ў Храмелі былі на расійскім нумары — атрымлівалася зрабіць выгляд, што ён цяпер не ў Беларусі.

5 лютага 2022-га, нягледзячы на жаданне не свяціцца, Антон пабраўся афіцыйным шлюбам са сваёй цяперашняй жонкай. Тым часам сілавікі не зніжалі ўзровень увагі да яго:

«Міліцыя прыязджала па адрасе, дзе я жыў у дзяцінстве і адкуль ужо даўно выехаў. Усе чатыры гады, пакуль я хаваўся, яны прыязджалі толькі на месца маёй рэгістрацыі. Вельмі дзівіўся — як жа ў іх усё не звязана? Няўжо яны не ведаюць, што я ажаніўся і ў мяне нарадзіўся сын? А яны ўсё хадзілі да маёй бабулі, дзе я прапісаўся цягам гэтага часу.

У 2024-м яны выклікалі на гутарку маю жонку. Яна ім сказала, што мы разводзімся: маўляў, я паехаў жыць у Расію і кінуў яе з дзецьмі. Усё гэта яна казала спецыяльна, каб яны не ехалі да нас дахаты».

Па даных Антона, цікавіліся ім не шараговыя баранавіцкія губазікаўцы — яго справу вёў Следчы камітэт. Хлопец адзначае, што сілавікі не паведамлялі пра заведзеную крыміналку, а проста прыязджалі з вобшукам да яго бабулі і выклікалі на неафіцыйныя гутаркі яго брата

Сам Антон спадзяваўся, што пасля выбараў-2025 Лукашэнка, па яго словах, «суцішыцца і адстане ад усіх». Але рэпрэсіі 2025-га года хлопец апісвае як «новую хвалю».

«Прыйшла папера, што крыміналку ў дачыненні да мяне закрылі праз «адсутнасць складу злачынства»

У 2024-м асцярогі Антона датычна крыміналкі пацвердзіліся:

«Жонку выклікалі на допыт. Яна пайшла туды, я на ўсякі выпадак узяў дзіця і з’ехаў у вёску. У гэты ж час выклікалі майго брата.

Усе чатыры гады яны паказвалі брату здымкі з пратэстаў, дзе я стаяў анфас. І ў чэрвені 2024-га, калі жонку з братам выклікалі, яны сказалі [сілавікам], што на фота не я. Праз тыдзень-два пасля таго, як яны схадзілі да таго следчага, прыйшла папера, што крыміналку ў дачыненні да мяне закрылі праз «адсутнасць складу злачынства».

Тая крымінальная справа была заведзеная па 342-м артыкуле КК, частцы першай («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Антон успамінае, што тое закрыццё крыміналкі зрабіла яго менш пільным — маўляў, рэпрэсіі суцішыліся.

Паколькі жыццё стала больш спакойным, Антон з жонкай вырашылі пайсці вучыцца на правы — у сям’і ёсць малыя дзеці, і таму трэба мець машыну. Адвучыліся без праблем. Але ў лютым 2025-га, калі прыйшоў час экзамену, Антону здаць яго не ўдалося.

«Калі мы з групай запаўнялі анкеты, мяне выклікалі ў фатастудыю. Я зайшоў, мяне там чакаў аператыўнік, ён папрасіў прайсці з ім. Далей ужо ўсё было зразумела», — успамінае ён затрыманне.

У тэлефоне хлопца знайшлі падпіску на «экстрэмісцкі» акаўнт — Антон кажа, што гэтай групы ў яго не было. За тую падпіску хлопца адправілі ў ІЧУ на дзесяць сутак. А пакуль аператыўнік афармляў затрыманне, яму некалькі разоў званілі: сілавік казаў у тых гутарках, што афармляе чалавека па крымінальным артыкуле 342, хаця на той час у Антона не было і адміністратыўнага артыкула.

Праз дваццаць сутак у баранавіцкім ІЧУ Антона, ужо з абвінавачваннем па крымінальным артыкуле, адправілі ў брэсцкі СІЗА. Гаворка зноў ішла пра артыкул 342 — той самы, крыміналку па якім закрылі ў 2024 годзе.

Фота: Lookbymedia

«Калі я быў у брэсцкім СІЗА, мяне завялі ў кабінет, каб паставіць на прафулік. Там была цікавая схема. Ёсць некалькі відаў прафуліку, і людзей з палітычным прафулікам пазначаюць жоўтым колерам. І вось у той схеме было вельмі-вельмі шмат жоўтых таблічак, то-бок было бачна, што палітычных сядзіць шмат.

І калі мы па калідорах хадзілі на шпацыр, вельмі рэдка трапляліся камеры, дзе не было б жоўтых бірак».

У следчага, кажа Антон, былі кадры, на якіх ён адкідваў тыя гранаты 9 жніўня, але сістэма распазнавання твараў не спрацоўвала, і ад Антона патрабавалі самому прызнацца, што на фота ён. Быў і псіхалагічны ціск, і збіццё. Але хлопец пацвердзіў, што на тых кадрах сапраўды ён, толькі пасля таго, як сілавікі прыгразілі адправіць за краты яго жонку.

«Сын плакаў: тата, ты больш ніколі не з’едзеш ад нас?»

28 мая 2025-га Антону прысудзілі два гады хіміі з накіраваннем. Ён кажа, што разумеў — у сілавікоў могуць быць на яго і іншыя відэа, то-бок ён не ў бяспецы.

Давялося прыняць рашэнне пра эміграцыю. Яно было складаным яшчэ і таму, што ў сям’і амаль не засталося грошай — шмат пайшло на нядаўні рамонт і на адваката для Антона:

«Хаця грошай і не было, але, напэўна, нас падштурхнула з’ехаць жаданне быць разам і страх, што нас могуць разлучыць яшчэ на вельмі працяглы час.

Антон з жонкай і сынам. Фота: архіў суразмоўцы

Галоўным фактарам, напэўна, стала тое, што малодшы сын вельмі да мяне прывязаны. Калі мяне пасадзілі, усе тры месяцы маёй адсутнасці ён штодзень пытаўся, дзе я, плакаў па начах. А калі я вярнуўся, ён са слязьмі і дрыжачым голасам спытаў: тата, ты больш ніколі не паедзеш ад нас? І мы вырашылі, што гэта знак».

Яшчэ адным знакам для сям’і было вызваленне Сяргея Ціханоўскага. Натхнёныя, Антон з жонкай вырашылі звярнуцца ў «Байсол» па эвакуацыю, і 5 ліпеня апынуліся ў Літве.

Хлопец ні пра што не шкадуе:

«У брэсцкім СІЗА мы выпісвалі газету «Беларусь сегодня», проста каб можна было хоць нешта чытаць. І там цалкам сур’ёзна пішуць абсалютную лухту, што палякі набіраюць ваду ў тазік і мыюць ёй ногі, а потым ёй жа мыюць посуд. У такія моманты разумееш — не дарма я сяджу! Я выходзіў дзеля таго, каб майму сыну ніколі ў жыцці не давялося чытаць такіх газет».

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Антону і яго сям'і ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Звычайная гісторыя
    05.08.2025
    Нічога не зразумелі, нічаму не навучыліся. Уцяклі з русского міра, забраўшы яго на новае месца.
  • Адказы
    05.08.2025
    Indrid Cold, хто кажа, Кучынскі і Латушка? Не. Пры чым тут яны?
  • Імя
    05.08.2025
    Indrid Cold,

    Ні Лойка, ні Шрайбман, ні Кавалеўскі не сцвярджалі, што рэпрэсіі скончыліся.

    Але яны дакладна ведаюць адно: людзей трэба вызваляць.
    І калі дзеля гэтага давядзецца ісці на кампраміс — гэта варта таго.

Цяпер чытаюць

На канверце Ціханоўскай напісана «Медведю О.В.» Што гэта за чалавек?12

На канверце Ціханоўскай напісана «Медведю О.В.» Што гэта за чалавек?

Усе навіны →
Усе навіны

«Усё з-за бабулі». Дональд Трамп даў незвычайнае тлумачэнне імкліваму росту свайго сына Бэрана5

У Беларусі забаранілі ездзіць зімой на ўсесезонных шынах6

Што рабіць, калі ў крамах не выдаюць рэшту некалькі капеек8

У Лошыцы рыхтуюць да адкрыцця даўгабуд «Мандарын»3

У Беларусі дазволілі таніроўку шкла ў аўтамабілях12

9 жніўня — пяць гадоў з пачатку пратэстаў у Беларусі. Спіс акцый у розных гарадах і краінах15

Ці паладзіў Ціханоўскі з Вячоркам?11

Знаёмая аддала мінчуку стары вясковы дом на хутары — той ператварыў яго ў шэдэўр11

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На канверце Ціханоўскай напісана «Медведю О.В.» Што гэта за чалавек?12

На канверце Ціханоўскай напісана «Медведю О.В.» Што гэта за чалавек?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць