Урад Літвы абвясціў надзвычайную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню на ўсёй тэрыторыі краіны з-за працяглага дажджлівага перыяду ў час актыўнай вегетацыі раслін. Адказным за правядзенне надзвычайных мерапрыемстваў прызначылі міністра сельскай гаспадаркі.

Гэтае рашэнне, як мяркуецца, дазволіць больш арганізавана аказваць дапамогу фермерам, якія пацярпелі ад стыхіі. Каб атрымаць кампенсацыю, фермеру неабходна падаць заяву кіраўніку мясцовага самакіравання, дадаўшы дакументы, што пацвярджаюць уласнасць, памер шкоды і абставіны, звязаныя з надзвычайнай сітуацыяй. Кампенсацыі будуць выплачвацца з дзяржаўных і мясцовых сродкаў.
Да ўрадавага рашэння 14 самакіраванняў ужо самастойна ўвялі лакальныя надзвычайныя сітуацыі, бо з-за лішку вільгаці загінула або пагоршылася якасць 50—70% ураджаю. У многіх месцах тэхніка не можа заехаць у палі, таму фермеры не змогуць пасеяць азімыя, як належыць, да 15 жніўня.
Працяглыя дажджы ў Літве пачаліся яшчэ ў канцы мая 2025 года. За ліпень у сярэднім выпала 141,4 мм ападкаў (168 % кліматычнай нормы), у асобных месцах — у 2—3 разы больш. Ліпень стаў трэцім па вільготнасці ў гісторыі назіранняў, а сумарная колькасць ападкаў за чэрвень—ліпень (222,6 мм) — адной з найвялікшых за ўвесь час.
Каментары