Экстрэмальнае і непрадказальнае надвор’е непакоіць людзей і сёння, але ў мінулым яно было не менш жорсткім. У XVII стагоддзі нашы продкі таксама жылі ў свеце кліматычных крайнасцяў. Вялікі канцлер літоўскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл у сваіх «Успамінах» пакінуў жывыя апісанні таго, як надвор’е на беларускіх землях магло сарваць падарожжа караля, знішчыць ураджай ці пачаць пажары ў горадзе.

Пра гэта ў артыкуле «Кліматычныя з’явы XVII ст. на тэрыторыі ВКЛ ва «Успамінах» Альбрэхта Станіслава Радзівіла», апублікаваным у свежым зборніку «Актуальныя праблемы крыніцазнаўства», распавёў гісторык Аляксандр Субоцін, на што звярнуў увагу тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».
Эпоха Малога ледніковага перыяду
Падзеі, якія апісвае Радзівіл, адбываліся ў разгар Малога ледніковага перыяду — працяглага перыяду пахаладання ў Паўночным паўшар'і, які доўжыўся ў Еўропе прыкладна з XIV да XIX стагоддзя, а найхаладнейшай яго фаза прыпала на XVII стагоддзе. Сярэднія тэмпературы былі прыкладна на градус ніжэйшыя, чым у XX стагоддзі, але галоўнае — надвор’е стала значна больш нестабільным. Зіма магла быць доўгай і вельмі халоднай, а летам — з градам і паводкамі.
У гэты час еўрапейскія ледавікі некалькі разоў дасягалі максімальных межаў, у гарадах замярзалі рэкі і бухты, а голад быў звычайнай з’явай. Вялікую ролю ў пахаладанні магла адыграць серыя магутных вывяржэнняў вулканаў — у тым ліку вывяржэнне Везувія ў снежні 1631 года і актыўнасць Этны ў 1634—1638 гадах. Попел з вулканаў, дым ад пажараў і павелічэнне воблачнасці стваралі ў небе аптычныя эфекты — як у выпадку апісанага Радзівілам «пачырванелага сонца».
Капрызы надвор’я ў дзённіках канцлера
Улетку 1633 года, калі Уладзіслаў IV ехаў у Вільню для прыняцця прысягі перад феадаламі ВКЛ, спёка прымусіла яго дэлегацыю, у якой быў і Радзівіл, спыніцца ў Мерачы — многія коні знясіліліся. Пад канец месяца спёку змянілі дажджы, і 24 чэрвеня каралеўскі ўезд у горад прайшоў пад моцным ліўнем, пад які трапіла працэсія гараджан — гэта сапсавала ўрачыстасць, але не перашкодзіла манарху ўехаць у сталіцу.

У маі 1634 года вельмі сухое і цёплае надвор’е, якое суправаджалася моцнымі вятрамі, абярнулася пажарамі ў многіх гарадах. А зімы 1640-х нярэдка былі настолькі няўстойлівымі, што рэкі не пакрыліся дастатковай таўшчынёй лёду, здатнай для перамяшчэння па ім на санях, — і Радзівілу, і нават каралю Уладзіславу IV даводзілася адкладаць свае паездкі, часам на месяцы, праз капрызы надвор'я.

Іншыя экстрэмальныя кліматычныя з’явы таксама прыносілі значныя разбурэнні і нават чалавечыя ахвяры. У маі 1649 года Альбрэхт Станіслаў Радзівіл, знаходзячыся ў гасцях у віленскага ваяводы Крыштофа Хадкевіча ў фальварку недалёка ад сталіцы ВКЛ, занатаваў у «Успамінах» пра жахлівыя грымоты. У гэты час у самой Вільні маланкі забілі некалькі чалавек і падпалілі збудаваны касцёл Святога Аўгусціна.
«Сонца то чырванее, то зацямняецца чырвонымі хмарамі»
29 кастрычніка 1633 года ў Нясвіжы людзі сталі сведкамі рэдкай і трывожнай з’явы. Радзівіл занатаваў:
«Глядзець на гэты дзень было страшна, таму што, калі ён надыйшоў, можна было бачыць, не без жаху, як сонца то чырванее, то зацямняецца чырвонымі хмарамі, то святлее».

Гэта працягвалася амаль два дні. Сучаснікі ўспрынялі гэта як знак звыш, і толькі «працяглыя малітвы» нібыта вярнулі нармальнае надвор’е. Магчыма, з’ява была выкліканая пылам і дымам у атмасферы.
Электрычныя калёсы
13 чэрвеня 1647 года моцная навальніца пракацілася па ўсёй Беларусі. У Нясвіжскім замку Радзівіл убачыў нешта настолькі незвычайнае, што вобразна апісаў як з’яўленне нібыта калёс, запрэжаных коньмі, што каціліся па двары.
Аўтар мяркуе, што гэта была шаравая маланка — рэдкая і небяспечная электрычная з’ява. У той дзень маланкі двойчы трапілі ў замак, пашкодзілі касцёл Божага Цела, а лівень і парывісты вецер выклікалі паводкі і знішчылі грэблі.
Кліматычныя з’явы XVII стагоддзя, занатаваныя ва «Успамінах» Радзівіла, паказваюць, якой магутнай і разбуральнай для чалавека магла быць прырода. І калі сённяшнія капрызы надвор’я нас непрыемна здзіўляюць, то нашы продкі нават не маглі растлумачыць іх рацыянальна, прадказаць ці разлічыць наступствы.
-
Лічылі аб'ём попелу. Адкуль узяўся новы лік знішчаных у Трасцянцы — 546 тысяч чалавек?
-
Пацеркі з марскіх лілей, якім сотні мільёнаў гадоў. На Беларусі тысячагоддзямі рабілі ўпрыгажэнні з акамянеласцей
-
«Пад метровым шурфам — каменная шліфаваная сякера». Археолагі расказалі пра важныя вынікі сёлетніх падводных раскопак
Каментары
Пры гэтым некарэктна параўноўваць з сучаснымі зменамі клімату, якія маюць антрапагенныя прычыны - яны нашмат больш дынамічныя.
За 2 месяцы да назіранняў "чырвонага сонца" (29 кастрычніка 1633 года), 2-5 верасня 1633 года згарэла 1/5 частка Стамбула. Дапамагаў моцны вецер і, верагодна, спёка. 2 месяцы занадта доўга, каб попел гуляў у паветры Еўропы, але пры такіх умовах надвор'я маглі гарэць пасля іншыя гарады або лясы, звестак пра што ў гісторыі не захавалася.